25 красавiка 2024, Чацвер, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Каб трапіць да доктара, выехалі а 6 раніцы»

8
«Каб трапіць да доктара, выехалі а 6 раніцы»

Пацыенты скардзяцца на сістэму выдачы талонаў у Менскім раёне.

Каб узяць талон да некаторых лекараў-спецыялістаў у паліклініцы Менскай цэнтральнай раённай лякарні, пацыенты прыязджаюць за гадзіну да адкрыцця рэгістратуры і кажуць, што яны ў чарзе - не першыя, піша tut.by.

- Мая мама жыве ў вайсковым гарадку Аколіца, абслугоўваецца ў амбулаторыі Астрашыцкага гарадка, але да вузкіх лекараў-спецыялістаў мы ездзім у раённую паліклініку ў Бараўляны. 26 жніўня ў яе шпіталізацыя на аперацыю і перад гэтым трэба прайсці вузкіх спецыялістаў. На мінулым тыдні я без праблем праз тэлефон праз рэгістратуру раённай паліклінікі запісала яе да анколага і кардыёлага, а каб запісацца да эндакрынолага сказалі прыязджаць у палiклiнiку з раніцы і браць талон, - распавядае Ганна Рапейка.

Яна адзначае, што 12 жніўня яе мама з самай раніцы на маршрутцы паехала ў паліклініку Менскай цэнтральнай раённай лякарні ўзяць талон да эндакрынолага. Выехала прыкладна а 6.30 раніцы, але, на жаль, талон узяць так і не змагла: талоны на гэты дзень прыёму пачалі выдаваць а 7.30 раніцы і пакуль дайшла чарга да мамы Ганны, яны ўжо скончыліся.

- Сёння (13 жніўня - заўвага) я паехала па талон сама: выехала на аўто ўжо а 6 раніцы. А 6.24 была каля паліклінікі і там ужо стаялі людзі, якія таксама чакалі, калі адкрыецца паліклініка і пачнуць выдаваць талоны да розных лекараў. Была жанчына з Астрашыцкага гарадка, і яна сказала, што стаіць з 5-й раніцы. Я прыехала за гадзіну да выдачы талонаў і мне пашанцавала, талон узяла, але паколькі лекар працуе ў другую змену, то і прыём у нас днём.

Ганна адзначае, што талончыкаў да эндакрынолага на сайце talon.by ўжо не было, праз тэлефон рэгістратуры папярэдняга запісу да эндакрынолага - таксама, таму і давялося ехаць з раніцы. З 7.30 пачынаюць выдаваць талоны да вузкіх спецыялістаў, прыём у якіх у гэты ж дзень.

- Маёй маме 63 гады, яна на пенсіі. І гэта добра, што ў нас ёсць аўтамабіль, і мы змаглі пад'ехаць і ўзяць талон, але не ва ўсіх такая магчымасць ёсць. Перад аперацыяй маме трэба здаць вельмі шмат аналізаў і прайсці многіх спецыялістаў: частка з іх у амбулаторыі ў Астрашыцкім гарадку, частка - у паліклініцы ў Бараўлянах. Без аўтамабіля ўсё гэта зрабіць складана. Каля паліклінікі я сустрэла жанчыну, якая выказала слушную думку: калі лекар прымае ў другую змену, то чаму талоны пачынаюць выдаваць з 7.30 раніцы? Магчыма, больш лагічна было б, калі б іх пачыналі выдаваць за гадзіну да прыёму. А то атрымліваецца, што трэба прыехаць да 5-й раніцы, адстаяць чаргу, узяць талон на 12.00, потым зноў паехаць дадому і вярнуцца ў паліклініку.

У паліклініцы Менскай цэнтральнай раённай лякарні і самой лякарні журналістам атрымаць аператыўны каментар не ўдалося. Аднак, наколькі ім вядома, у паліклініках за лекарамі замацоўваюць пэўную квоту талонаў на прыём. Талоны дзеляцца на першасны або паўторны прыём. Пры гэтым талоны на першасны прыём дзеляцца на тыя, што выдаюць паводле папярэдняга запісу, і тыя, што выдаюць у дзень звароту. Талоны паводле папярэдняга запісу можна замовіць праз сэрвіс talon.by або звярнуцца ў рэгістратуру паліклінікі. Калі квота талонаў ўжо скончылася, то чалавеку прапануюць прыйсці з раніцы і ўзяць талон на прыём у гэты ж дзень.

На сайце talon.by свабодных талонаў да эндакрынолага ў паліклініку Менскай ЦРБ няма. Для ўдакладнення інфармацыі аб магчымасці запісу просяць звярнуцца ў рэгістратуру паліклінікі.

Там кажуць, што цяпер узяць талончык да эндакрынолага можна ў рэгістратуры ў кожны будны дзень, акрамя чацвярга. Яна адкрываецца а 7.30 раніцы, талоны выдаюць толькі на гэты дзень прыёму. Талоны да эндакрынолага на верасень можна замовіць 2 верасня, а сайт talon.by ў рэгістратуры рэкамендуюць пачынаць маніторыць з 23 жніўня.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках