20 красавiка 2024, Субота, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мсціславе зноў абрынулася сцяна 268-гадовага касцёла

4
У Мсціславе зноў абрынулася сцяна 268-гадовага касцёла

Цяпер вырашаюць, што рабіць з будынкам далей.

У Мсціславе абрынуліся сцяна і калона езуіцкага касцёла ў цэнтры горада. Гэта адбылося падчас кансервацыі 268-гадовага будынка, растлумачылі tut.by у райвыканкаме. Цяпер вырашаецца пытанне, як быць з помнікам архітэктуры далей.

Гісторыя з выратаваннем касцёла цягнецца вось ужо больш за 2,5 гадоў. У 2016 годзе ураджэнец Мсціслава Дзяніс Касцюкевіч заўважыў, што дах будынка ў цэнтры горада сур'ёзна разбураны, праз што руйнуецца і сам будынак. Ён напісаў ліст у Міністэрства культуры, каб яно вылучыла грошы на рамонт даху. Яму адказалі, што грошай няма.

У ліпені 2017-га Дзяніс зноў забіў трывогу: калона касцёла і аркі са зборам, якія яна трымала, абрынуліся. На даволі эмацыянальны відэазварот да міністра культуры - тады гэта быў Барыс Святлоў - з просьбай пачаць ратаваць будынак як мага хутчэй яму адказалі лістом за подпісам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко. Адказ быў ранейшым: няма грошай.

У адказе таксама ўказана, што ў чэрвені 2017 года Міністэрства культуры «прапанавала Мсціслаўскаму райвыканкаму прапрацаваць з уласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці пытанне і прыняць захады прыцягнення рэсурсаў грамадскіх і камерцыйных арганізацый, спонсараў, інвестараў [...] для стварэння ўмоў па забеспячэнні захаванасці аб'екта спадчыны, у тым ліку і па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі».

Спроба №3 таксама была відэазваротам, ужо да новага міністра - Юрыя Бондара.

Касцюкевіч распавёў, што пайшла расколінамі яшчэ адна калона. Адказ з Мінкульта быў ранейшым: грошай у дзяржбюджэце на гэта няма, шукайце спонсараў.

ТАК КАСЦЁЛ ВЫГЛЯДАЎ У КАСТРЫЧНІКУ 2017 ГОДА, КАЛІ ПА ІМ ПАЙШЛІ НОВЫЯ РАСКОЛІНЫ. СКРЫНШОТ ВІДЭА ДЗЯНІС КАСЦЮКЕВІЧ
ТАК КАСЦЁЛ ВЫГЛЯДАЎ У КАСТРЫЧНІКУ 2017 ГОДА, КАЛІ ПА ІМ ПАЙШЛІ НОВЫЯ РАСКОЛІНЫ. СКРЫНШОТ ВІДЭА ДЗЯНІС КАСЦЮКЕВІЧ

А ў ноч на 21 снежня 2017 года частка сцяны езуіцкага касцёла ў цэнтры Мсціслава абрынулася. Пасля гэтага Магілёўскі аблвыканкам пачаў актыўна вырашаць, што ж рабіць з будынкам. Спонсараў так і не знайшлі, грошай на дабрачынным рахунку, які адкрылі задоўга да гэтага, не было.

Пасля нарад, прыняцця рашэнняў прайшло больш за паўгода, перш чым грошы паступілі на рахунак і працы пачаліся. Паралельна з дэмантажом аварыйнай часткі даху і скляпенняў, разборам і вынасам завалаў будынак абследавалі спецыялісты інстытута «Магілёўграмадзянпраект». І прыйшлі да высновы, што супрацьаварыйныя працы трэба паўтарыць.

ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ, ВЫГЛЯД ЗНУТРЫ ПАСЛЯ ЗДЗЯЙСНЕННЯ СУПРАЦЬАВАРЫЙНЫХ ПРАЦ. СНЕЖАНЬ 2018 - СТУДЗЕНЬ 2019 ГОД. ФОТА ПАДАДЗЕНАЕ УКБАМ МАГІЛЁВА

У выніку на ўчастку абрушэння сцяны ўсталявалі часовыя мацаванні, каб захаваць дах. Сцяну, якая прымыкае да абваленага ўчастка, узмацнілі. Будынак касцёла атулілі банэрнай сеткай на даручэнне Савета міністраў і зрабілі лёгкае вільгацеабарончае пакрыццё на даху і ўчастку адсутнай сцяны, распавялі ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Магілёва - арганізацыя з'яўляецца заказчыкам кансервацыі касцёла.

- У 2019 годзе запланавана завяршыць супрацьаварыйныя працы ў поўным аб'ёме і ліквідаваць магчымасці раптоўнага абвалу. А таксама выканаць канчатковае тэхнічнае заключэнне па дэталёваму абследаванню будынка з неабходнымі высновамі і тэхнічнымі рэкамендацыямі кансервацыі будынка і ўзмацнення падмуркаў - па неабходнасці, - удакладнілі ў УКБе.

Калоны, якім пагражае абвальванне, павінны быць умацаваны металічнымі абоймамі. Таксама ў планах было збудаванне часовага даху там, дзе яго няма, закладка дзвярных і аконных праёмаў (старыя дэмантуюць). Сцены павінны сцягнуць металічнымі паясамі ў некалькі ўзроўняў па ўсім перыметры будынка. Частку цаглянай кладкі - адрамантаваць, частку скляпенняў - узмацніць.

На супрацьаварыйныя работы аблвыканкам выдзеліў крыху больш за 103 тысяч рублёў. У 2019 годзе было вырашана вылучыць яшчэ 550 тысяч рублёў, і частка сумы паступіла, растлумачыў намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Віталь Шматаў.

З ягоных слоў, работы вяліся на даху будынка, калі па сцяне пайшлі расколіны і яна абрынулася. Калона, якая таксама абрынулася, не была апорнай. Планавалася, што кансервацыя будынка касцёла завершыцца у 2019 годзе, але з улікам таго, што адбылося працы, хутчэй за ўсё, будуць працягвацца і ў 2020 годзе, сказаў Віталь Шматаў.

Нагадаем, пра аднаўленне езуіцкага касцёла гаворка не ідзе.

Рэквізіты дабрачыннага рахунку для збору грошай на выратаванне касцёла: р/р BY73 BAPB 31 352 908 100 160 000 000, у РКЦ №19 у г. Мсціслаў філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» - Магілёўскае абласное ўпраўленне, код BAPBBY27458, УНП 790 613 221.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках