16 верасня 2019, панядзелак, 8:06
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Пасля верасня будзе цікава

13
Мікалай Статкевіч: Пасля верасня будзе цікава
Мікалай Статкевіч

Перыяд, які афіцыйна называецца «агітацыяй», будзе выкарыстаны максімальна.

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч распавёў у інтэрв'ю «БелГазеце» пра магчымасці, якія адкрывае ўдзел у восеньскай «парламенцкай кампаніі»:

- Фармальна рашэнне (пра ўдзел у «выбарах» - рэд.) мы будзем прымаць у канцы жніўня на пасяджэнні Цэнтральнага камітэта (партыі БСДП (Народная Грамада) - рэд.). Ёсць пазіцыя прэзідыума, адпаведная пазіцыі кааліцыі, у якую мы ўваходзім, - Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

Мы не ўважаем кампанію «выбарамі», але павінны яе выкарыстоўваць для правядзення вулічных мерапрыемстваў. Легальную магчымасць агітацыі мы выкарыстаем цалкам, потым даведаецеся - як. Будзе цікава.

Нам важны геаграфічны ахоп Беларусі. Я аб'ехаў 15 гарадоў, сустракаўся з людзьмі ў памяшканнях - і істотная колькасць людзей прыйшла. Цяпер мы будзем выкарыстоўваць пікеты па зборы подпісаў, магчыма, агітацыйныя пікеты.

Зарэгістраваным партыям добра: прагаласавалі за вылучаных людзей - і яны кандыдаты. У нас сітуацыя адваротная, але, мяркую, некалькі дзясяткаў чалавек мы вылучым.

Мы разлічваем на вялікую колькасць вулічных акцый у рамках «выбарчых працэдур» па ўсёй Беларусі. Выбараў няма, але, улічваючы той факт, што ўсякая публічная актыўнасць душыцца, мы скарыстаемся магчымасцямі, якія дае псеўдавыбарная кампанія. Каб людзі маглі прыйсці на пікет, на які прыеду я (я ўвайду ў ініцыятыўныя групы ўсіх нашых кандыдатаў), распавесці пра свае сацыяльныя праблемы. Маладым хлопцам, якія падпадаюць пад дзеянне «закона аб адтэрміноўцы», не даюць пратэставаць - калі ласка, мы дамо вам магчымасць сабрацца, быць убачанымі і пачутымі. Пікеты па зборы подпісаў - адзіная легальная магчымасць правесці акцыю, не пытаючыся дазволу ўладаў. Ёсць пералік забароненых месцаў, але дазволу пытацца не трэба.

Паглядзім, як будзем выкарыстоўваць перыяд, які афіцыйна называецца «агітацыяй». Працуе заяўны прынцып для агітацыйных пікетаў. Згодна з законам могуць забараніць пікет у забароненым месцы, пералік якіх публікуецца, альбо калі на гэтым месцы ў гэты ж час заяўлены пікет іншага кандыдата. Ужо ў сваёй інструкцыі спадарыня Ярмошына груба парушыла закон, заявіўшы, што будуць вызначаць дазволеныя месцы для агітацыйных пікетаў.

Я планую аб'ехаць 20 гарадоў і ў кожным загадзя мы будзем папярэджваць людзей.