20 красавiка 2024, Субота, 13:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узяўшы іпатэку ў Даніі, можна яшчэ і зарабіць

28
Узяўшы іпатэку ў Даніі, можна яшчэ і зарабіць

Як гэта магчыма?

Дацкая Jyske Bank - трэці па велічыні банк краіны - прапануе іпатэчныя крэдыты са стаўкай мінус 0,5% гадавых, гэта значыць, фактычна будзе прыплачваць пазычальнікам, якія наважылі набыць новае жыллё, паведамляе расейская служба ВВС.

Гэта першы выпадак у сусветнай практыцы, калі іпатэку выдаюць пад адмоўныя адсоткі - гэта значыць, кожны месяц рэшта па крэдыце будзе змяншацца на суму, якая перавышае штомесячную аплату. Такім чынам, каб цалкам вярнуць крэдыт, трэба будзе заплаціць банку менш, чым ты першапачаткова браў у пазыку.

Адмоўная стаўка прапануецца тым, хто бярэ іпатэку тэрмінам да 10 гадоў, і зафіксаваная ў дамове - гэта значыць, цягам усяго гэтага перыяду банк не мае права змяняць умовы крэдыту і павялічваць плату.

Дацкае аддзяленне банка Nordea паабяцала найбліжэйшым часам пачаць выдаваць беспрацэнтную іпатэку (пад 0% гадавых) тэрмінам на 20 гадоў, а 30-гадовыя іпатэчныя дамовы ўкладаць паводле фіксаванай стаўкі 0,5%.

У Расеі, напрыклад, мінімальная стаўка ў іпатэчных крэдытах на сёння складае 7,6% гадавых (зрэшты, некаторым катэгорыям пазычальнікаў прапануюцца льготныя стаўкі ад 5%).

Бясплатны сыр

Разумеючы, што для абывацеля прапанова вярнуць банку менш грошай, чым ён браў першапачаткова, гучыць вельмі падазрона, Jyske Bank размясціў на сваім сайце спецыяльную заяву з гэтай нагоды.

Яна пачынаецца са слоў «Так, вы ўсё правільна зразумелі» і даслоўна праз пару абзацаў пераходзіць да галоўнага пытання: «Як такое магчыма?»

На яго кіраўнік іпатэчнага дэпартамента адказвае даслоўна наступнае: «Я і сам гэта не вельмі разумею. Больш за тое, я асабіста казаў, што такога быць не можа. Аднак мы правялі дакладныя разлікі, улічылі ўсе рызыкі - і выявілася, што адмоўная стаўка вельмі нават магчымая».

Напраўду, хутчэй за ўсё кліенты Jyske Bank усё ж заплацяць крыху больш, чым узялі ў пазыку, бо ім давядзецца дадаткова кампенсаваць некаторыя абавязковыя зборы, а таксама юрыдычныя выдаткі для афармлення ўгоды. Хоць фармальна іпатэчная стаўка будзе адмоўнай.

Акрамя таго, нельга выключаць, што кошты жылля ў Даніі ў найбліжэйшыя гады не проста не будуць расці, а нават зменшацца. У такім выпадку, выплаціўшы крэдыт, новы ўладальнік кватэры ці дома нічога не запрацуе ці нават страціць частку грошай.

Аднак агулам прапанова ўсё адно гучыць даволі прывабна - асабліва для тых, хто ўсё адно збіраўся найбліжэйшым часам абзавесціся новым жыллём або перааформіць стары іпатэчны крэдыт.

Дык як гэта магчыма?

Хоць выдача іпатэчных крэдытаў пад «на карысць пазычальніка» - новае слова ў банкаўскай справе, яго ніяк нельга назваць нечаканым. І вось чаму.

Звычайна банкі прымаюць грошы ў выглядзе ўкладаў пад абумоўлены адсотак - гэта значыць, укладчык (няхай гэта будзе чалавек ці арганізацыя) разлічвае прымножыць свае капіталы і атрымаць ад банка больш, чым паклаў на рахунак.

Далей банк выдае гэтыя грошы ў выглядзе крэдытаў або ўкладвае ў каштоўныя паперы - пад большы адсотак, каб забяспечыць абяцаны кліенту прырост і заадно кампенсаваць уласныя выдаткі.

Аднак у апошнія гады ў некаторых краінах - такіх як Данія, Швэцыя ці Швайцарыя - гэтая звыклая сістэма працуе з адваротным знакам. Інфляцыя там вельмі нізкая (у Даніі, напрыклад, яна вагаецца на ўзроўні 0,2%), а эканоміка расце даволі павольна, таму кошт крэдытаў упаў настолькі, што банкі больш не могуць забяспечыць прырост укладзеных грошай.

Таму, каб кампенсаваць свае выдаткі, банкі вымушаныя траціць грошы кліентаў - а значыць, уводзіць нулявыя і нават адмоўныя адсоткі па дэпазітах. Напрыклад, швайцарскі банк UBS у пачатку жніўня абвясціў, што з гэтага часу будзе браць з буйных укладальнікаў (на рахунку якіх больш за 500 тысяч еўраў) 0,6% за год. Гэта значыць, іх уклады будуць штомесяц не прырастаць, а змяншацца.

З аднаго боку, вядома, трымаць грошы ў банку ў такіх умовах нявыгадна. З іншага - здымаць іх з рахункаў, каб інвеставаць кудысьці на больш выгадных умовах, таксама даволі марнатраўна, ды яшчэ і рызыкоўна. Таму большасць укладчыкаў усё ж выбіраюць сініцу ў руках - хай і трохі худнеюць з кожным годам.

У камерцыйных банках Даніі да адмоўных ставак пакуль не дайшло, але ў тым жа Jyske Bank уклады ўжо даўно прымаюць пад 0% гадавых - і думаюць пайсці па прыклад швайцарцаў і адвесці стаўку ў мінус (проста ніхто не хоча рабіць гэта раней за канкурэнтаў).

З гэтага пункту гледжання адмоўныя стаўкі ў крэдытах, у тым ліку і іпатэчных, выглядаюць цалкам лагічна.

Jyske Bank можа размясціць свабодныя грошы на дэпазіце пад мінус 0,65% гадавых (пад такі адсотак прымае грошы дацкі цэнтрабанк), і яму больш выгадна аддаць іх у іпатэку пад мінус 0,5% - страты будуць меншыя.

Да таго ж, банк прыцягвае дэпазіты па адмоўных стаўках ніжэй 0,5%. І тут прыбытак, калі размясціць гэтыя грошы хай і з адмоўнай прыбытковасцю, але са станоўчай розніцай.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках