20 красавiка 2024, Субота, 3:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Stratfor: Войска ЗША можа разбіць Расею і Кітай

9
Stratfor: Войска ЗША можа разбіць Расею і Кітай
Фота: GLOBAL LOOK PRESS

Але для гэтага трэба пэўны збег абставін.

З таго часу, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заняў сваю пасаду, ён, здавалася, быў цвёрда настроены развязаць праблему з распыленнем амэрыканскіх вайсковых магчымасцяў. Для гэтага ён ціснуў на хаўруснікаў, каб яны адправілі больш сваіх рэсурсаў у такія месцы, як Сірыя або Персідская затока, дзе расце пагроза пачатку вайны з Іранам.

Але сумневы што да лідэрства ЗША прычыніліся да таго, што нават самыя верныя партнёры Вашынгтона ў Еўропе адмовіліся павялічваць свае кантынгенты ў гэтых гарачых мясцінах, - піша прыватны аналітычна-выведны цэнтр Stratfor (пераклад - УНІАН).

Адсутнасць даверу ў спалучэнні з тым фактам, што шмат хто з хаўруснікаў мае ўласныя абавязкі ў сфэры бяспекі, не пакідаюць ЗША іншага выбару, як паспрабаваць скончыць працу на Блізкім Усходзе з наяўнай падтрымкай. Заходняя Еўропа можа дапамагчы Вашынгтону, але яна гэтага не хоча. Вялікабрытанія і Францыя застаюцца найбольш магутнымі і стратэгічна важнымі хаўруснікамі ЗША. Абедзве краіны актыўна ўдзельнічалі ў аперацыі супраць «Ісламскай дзяржавы».

Лондан таксама сыграў асабліва важную ролю ў амэрыканскай місіі ў Афганістане. За апошнія гады ён падвоіў свой кантынгент у азіяцкай краіне на просьбу Амэрыкі. Францыя з другога боку вывела свае баявыя адзінкі з Афганістана ў канцы 2012 года. Але Парыж застаецца актыўным у частцы Афрыкі, якая ляжыць на поўдзень ад Сахары.

І часта яго вайскоўцы выконваюць задачы поплеч з амэрыканскімі. У траўні двое байцоў аддзела спецыяльнага прызначэння Францыі загінулі, спрабуючы вызваліць двух амэрыканскіх закладнікаў на поўначы Буркіна-Фасо. У кастрычніку 2017 года французскія жаўнеры прыйшлі на дапамогу амэрыканскім калегам у Нігеры. Але нягледзячы на ўвесь гэты ўклад у агульную справу, ЗША не можа мабілізаваць Францыю і Брытанію ў шмат якіх рэгіёнах, дзе ім трэба падмацаванне, напрыклад, у Сірыі і Персідскай затоцы.

Нават калі Трамп нечакана абвясціў пра план выхаду войскаў ЗША з Сірыі, Белы дом усё адно спрабаваў пераканаць хаўруснікаў павялічыць свае кантынгенты ў ахопленай вайной краіне, каб зрабіць гэты пераход больш мяккім. Аднак Брытанія і Францыя вагаліся што да захавання сваіх войскаў на сірыйскай тэрыторыі дзеля страху застацца самотнымі ў тэатры баявых дзеянняў, рызыкуючы ўступіць у сутычку з Расеяй, Турцыяй або Іранам.

Надоечы Парыж і Бэрлін зрабілі невялікую саступку, пагадзіўшыся павялічыць свае кантынгенты ў Сірыі на 10%. Але гэта ўсё адно не тое, што трэба Трампу для выканання абяцання аб выхадзе ЗША з сірыйскай вайны.

Падобная сітуацыя склалася і ў Персідскай затоцы. Пасля шэрагу іранскіх нападаў супраць нафтавых танкераў у чэрвені Вашынгтон паспрабаваў стварыць міжнародную кааліцыю з рэгіянальных і глабальных хаўруснікаў для таго, каб абараніць рух транспартных суднаў і стрымаць агрэсію Ірана.

Аднак гэтыя намаганні былі разладжаныя выхадам ЗША з пагаднення аб іранскай ядзернай праграме. Большасць глабальных партнёраў Вашынгтона скептычна ацанілі яго падыход да Тэгерану. У выніку нават моцныя амэрыканскія хаўруснікі адмовіліся падтрымаць ініцыятыву Вашынгтона аб бяспецы ў Персідскай затоцы дзеля страху, што іх уцягнуць у поўнамаштабны канфлікт з Іранам.

Усходняя Еўропа цяпер больш ахвочая дапамагаць ЗША. Так, Польшча, Эстонія, Латвія, Літва і Грузія не супраць зрабіць свой уклад у амэрыканскія вайсковыя намаганні ва ўсім свеце. Зусім не выпадкова гэтыя краіны асабліва ўстурбаваныя патэнцыйнай пагрозай пачатку вайны з Расіяй. Таму яны імкнуцца і ўкладаюць усе наяўныя рэсурсы, каб дапамагчы ЗША ў іх місіях за мяжой, чакаючы, што амэрыканская старана адплаціць той жа манетай, калі давядзецца змагацца супраць Масквы.

Але адрозна ад Францыі, Нямеччыны і Вялікабрытаніі праблема гэтых краін не ў стрыманасці, а ў даступных магчымасцях. Нягледзячы на памер, Грузія ўжо робіць непрапарцыйна вялікі ўклад у місію ЗША ў Афганістане. Увогуле, колькасць грузінскіх вайскоўцаў у краіне не меншая, чым брытанскіх або нямецкіх. І гэта пры тым, што Сакартвэла мае толькі чатыры мільёны грамадзян, у той час як насельніцтва Нямеччыны складае 83 мільёны, а Брытаніі - 66 мільёнаў.

Але чыннік, які змушае Усходнюю Еўропу і Балтыю падтрымліваць вайсковыя аперацыі ЗША - гэта тая ж прычына, якая стрымлівае павелічэнне іх удзелу. Іншымі словамі, яны дагэтуль не нарасцілі вайсковую сілу, каб дапамагаць ЗША. І гэтая ж вайсковая сіла патрэбная ім для абароны ад Расеі.

Аналітычны цэнтр адзначае, што ў Азіі тым часам расце вайсковая моц Кітая, якая прымушае амэрыканскіх хаўруснікаў, такіх як Аўстралія, Японія і Паўднёвая Карэя трымаць свае войскі бліжэй да сваіх межаў. Агрэсія Расеі ва Усходняй Еўропе прымушае краіны ў рэгіёне рабіць тое ж самае.

Такім чынам, ЗША цяжка атрымаць дадатковую падтрымку для сваіх аперацый на Блізкім Усходзе. Але ў дзейнасці супраць Масквы і Пекіна ў іх знойдзецца шмат хаўруснікаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках