25 красавiка 2024, Чацвер, 2:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыя ў Беларусі патрабуе адкрытых судоў

4
Апазіцыя ў Беларусі патрабуе адкрытых судоў

Разнос сілавікоў Лукашэнкам - звычайны піяр-ход?

Лукашэнка прызнаў шматлікія факты беззаконня ў праваахоўнай сістэме. Экспэрты мяркуюць, што зроблена гэта ў папулісцкіх мэтах пад ціскам грамадскасці. Апазіцыя патрабуе агалоскі выпадкаў злоўжыванняў і публічных судоў над вінаватымі, піша «Независимая газета».

«Тое, супраць чаго павінны праваахоўнікі змагацца, ім ставіцца ў віну», - заявіў Лукашэнка падчас нарады ў пытаннях якасці працы праваахоўных органаў. «Да прыкладу, калі ГУБАЗ або да следчага дайшла нейкая крымінальная справа – - скляпалі-сфармавалі, -і не атрымліваецца на нейкім этапе (адвакат заняў пэўную пазіцыю, падазраваны, сведка ці хтосьці «не разумеюць» людзей у пагонах), пачынаецца ціск на іх, аж да суддзяў», - распавёў ён пра дэталі працы праваахоўных органаў.

Лукашэнка прызнаў, што органы следства фальсіфікуюць довады, «каб атрымаць загадзя патрэбны вынік». Матывацыя ў гэтым выпадку можа быць рознай - як карысць (прыняць патрэбную пастанову за хабар), так і «імкненне службовых асоб забяспечыць выкананне даведзеных кіраўніцтвам паказчыкаў аператыўна-службовай дзейнасці і статыстычнай справаздачнасці», працягваў раскрываць сакрэты поспехаў следчых органаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле ягонай інфармацыі, следчыя здымаюць адбіткі пальцаў у затрыманых і затым наносяць іх на патрэбныя прадметы, што і з'яўляецца довадам віны. «Такія выпадкі выяўлены ў працы Цэнтральнага, Фрунзенскага, Маскоўскага райаддзелаў горада Менска (бачыце, дасведчаныя ў Менску, навучыліся працаваць), а таксама Магілёўскага і Гомельскага міжрайаддзелаў», – распавядаў Лукашэнка.

Лукашэнка вымушаны быў прызнаць і «факты празмернага выкарыстання ў дачыненні да грамадзян сілы і спецсродкаў». «Прымушаюць двухметровых хлопцаў вагой 150 кг ва ўсім абмундзіраванні - з палкамі, боепрыпасамі і зброяй – урывацца ў дамы грамадзян і здзекавацца з іх», – распавёў ён.

Згадаў Лукашэнка і частыя выпадкі спынення крымінальных спраў праз адсутнасць складу злачынства. Пры тым, што іх фігуранты маглі месяцамі і гадамі сядзець у СІЗА: «пасадзілі чалавека, у следчым ізалятары небарака пакутуе. Праходзіць час, довадаў няма. Чалавека выпусцілі». Паводле ягоных звестак, у 2017 годзе такіх выпадкаў было 31, у 2018 годзе - 27. Аднаўляць справядлівасць даводзіцца і судам. У 2018 годзе яны вынеслі апраўдальныя прысуды ў дачыненні да 80 грамадзян, у 2017 - 100, а ў першым паўгоддзі 2019 года іх ужо 50. Прычым, у 2017 годзе ў пяці выпадках гаворка ішла аб абвінавачванні ў забойствах.

Лукашэнка падчас разборак з праваахоўнікамі змог растлумачыць, чаму ў Беларусі так шмат маладых людзей асуджаныя паводле наркатычнага артыкула, хоць самі яны сцвярджаюць, што альбо наогул не бачылі наркотыкі ў вочы, альбо ўжылі адзін раз, але нічога не распаўсюджвалі. Як паведамлялася, у краіне самаарганізаваўся «Рух маці» такіх падлеткаў, якія асуджаныя на працяглыя тэрміны (5-10 гадоў). Яны перыядычна пікетуюць адміністрацыю Лукашэнкі ходзяць на прыёмы да яе кіраўніка і іншых чыноўнікаў, молячы вызваліць дзяцей, якія трапілі ў турму за глупства або праз выпадковасць. Лукашэнка прызнаўся, што выяўленыя выпадкі, калі самі работнікі міліцыі схілялі грамадзян да набыцця і ўжывання наркотыкаў, а затым затрымлівалі і каралі іх. Рабілася гэта для дасягнення патрэбных паказчыкаў у барацьбе з наркагандлем.

«У нас не дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці. Следства цісне на суд» – прыпячатаў нацыянальнае правасуддзе старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала, які ўзначальвае гэтае ведамства 22 гады.

Пра злоўжыванні ў праваахоўнай сферы раней заяўлялі праваабаронцы і грамадскія актывісты, пра іх пісалі недзяржаўныя СМІ. Неаднаразова праваабаронцы дапамагалі пацярпелым ад міліцыі рыхтаваць звароты ў Камітэт правоў чалавека ААН. Яскравым прыкладам з'яўляецца справа Аляксандра Акуліча, які ў 2012 годзе памёр у ізалятары часовага ўтрымання ў Светлагорску. Са сцвярджэнняў ягонай маці, там яго катавалі, а калі яму стала дрэнна, то не выклікалі своечасова хуткую. Распачынання крымінальнай справы яна дамагалася цягам трох гадоў, прайшла ўсе беларускія інстанцыі і звярнулася ў Камітэт правоў чалавека ААН. Такіх гісторый у праваабарончага цэнтра «Вясна» шмат, зыход іх часцей за ўсё аднолькавы - грамадзянам не ўдаецца нічога давесці.

Беларуская грамадскасць звыкла да такіх абвінавачванняў ад апазіцыі і праваабаронцаў, але зусім інакш яны гучаць з вуснаў правадыра дзяржавы, які знаходзіцца ва ўладзе 25 гадоў і сам стварыў гэтую сістэму. «Са сказанага на нарадзе вынікае, што такое беззаконне ў Беларусі часта робяць менавіта тыя, каму належыць стаяць на варце закона. Гэта значыць бандыцкімі метадамі дзейнічаюць не таці ўночы, не дробныя рэкеціры, а людзі ў пагонах, надзеленыя ўладай, паўнамоцтвамі», – піша з нагоды адкрыццяў Аляксандра Лукашэнкі палітычны аглядальнік кампаніі «Белапан» Аляксандр Класкоўскі. Ён не выключае, што ўлада робіць гэта з парады паліттэхнолагаў.

Зрэшты, на экспэртным узроўні называюцца і іншыя, у тым ліку канспіралагічныя, версіі агучвання Лукашэнкі такіх абуральных фактаў. Напрыклад, перадзел улады паміж сілавымі блокамі і іх дзяржаўнымі куратарамі. Узмацненне пазіцый КДБ і Віктара Лукашэнкі, памочніка Лукашэнкі ў нацыянальнай бяспецы, які курыруе сілавы блок. (Віктар - сын Аляксандра Лукашэнкі.)

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках