22 верасня 2019, Нядзеля, 22:19
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Гонка ўзбраенняў пачалася?

14
Гонка ўзбраенняў пачалася?

Пуцін даручыў адказаць на выпрабаванне CША крылатай ракеты.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 23 жніўня заявіў, што ЗША выпрабавалі новую мадыфікацыю крылатай ракеты, і ў сувязі з гэтым ён даручае ўжыць у Расеі «захады ў падрыхтоўцы сіметрычнага адказу». Як паведамляе прэс-служба Крамля, заяву Пуцін зрабіў на нарадзе са сталымі членамі Савета бяспекі РФ, паведамляе «Настоящее время».

«З улікам цяперашніх абставін даручаю Міністэрству абароны, Міністэрству замежных спраў, іншым профільным установам прааналізаваць узровень пагрозы, якая ствараецца згаданымі дзеяннямі Злучаных Штатаў для нашай краіны, і ўжыць вычарпальныя захады ў падрыхтоўцы сіметрычнага адказу, - заявіў кіраўнік расейскай дзяржавы. - Мы проста абавязаныя гарантаваць бяспеку нашага народа, нашай краіны».

Са слоў прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, аператыўная нарада са сталымі членамі Савета бяспекі РФ была скліканая пасля выпрабавання Вашынгтонам найноўшай мадыфікацыі крылатай ракеты Tomahawk і спынення дзеяння Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД). Выпрабаванне ракеты было праведзенае ў ЗША 18 жніўня, упершыню пасля выхаду ЗША з ДРСМД.

У ноч на 23 жніўня Расея і Кітай таксама склікалі экстраннае пасяджэнне Рады бяспекі ААН, дзе заявілі, што дзеянні Вашынгтона і выпрабаванне новай ракеты «нясуць пагрозу міжнароднай бяспецы».

У сваю чаргу выканаўца абавязкаў сталага прадстаўніка ЗША пры ААН Джонатан Коэн падчас пасяджэння абвінаваціў Расею ў парушэнні ўмоваў дамовы і распрацоўцы ракет і запатрабаваў растлумачыць абставіны выбуху 8 жніўня пад Северадзвінскам.