20 красавiка 2024, Субота, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грунвальд: як Вітаўт правёў манеўр, які скончыўся перамогай хаўруснікаў

1
Грунвальд: як Вітаўт правёў манеўр, які скончыўся перамогай хаўруснікаў

Вялікі князь адчуў крытычны момант у бітве.

У 1409 годзе Жамойць падняла паўстанне супраць Тэўтонскага ордэна, а вялікі князь літоўскі Вітаўт, які падтрымаў паўстанцаў, адправіў ім у дапамогу сваіх ваяроў. Гэта паўстанне і жаданне Вітаўта, вярнуць жамойтаў у склад ВКЛ, паслужыла падставай да пачатку вайны Тэўтонскага ордэна супраць Вялікага княства Літоўскага і польскага каралеўства на чале з каралём Ягайлам, які падтрымаў свайго стрыечнага брата Вітаўта, піша vklby.com.

Пасля непрацяглых баявых дзеянняў вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрык фон Юнгінген, разумеючы, што ваеннай моцы ваяваць адразу з Польшчай і Літвой у яго не дастаткова, папрасіў перамір'я, якое было падпісанае з 8 верасня 1409 года да 12 чэрвеня 1410 года. Бакі, падпісаўшы перамір'е, пачалі грунтоўна рыхтавацца да новай вайны. Нягледзячы на ўсе намаганні Тэўтонскага ордэна разарваць саюз Польшчы і ВКЛ, Вітаўт і Ягайла змаглі дамовіцца і ўзгадніць план супольных дзеянняў у вайне з крыжакамі.

Абодва бакі сабралі амаль усе свае войскі. Існуе шмат версій аб іх колькасці. Паводле прыблізных падлікаў, у войска ВКЛ уваходзіла блізу 12000 воінаў, Польшча выставіла прыблізна столькі ж. Войска Літвы было падзеленае на 40 харугваў, большасць з якіх належалі гарадам, што знаходзяцца цяпер на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Тэўтонскі ордэн пад свае сцягі сабраў прыблізна 18000 ваяроў, на дапамогу да крыжакоў прыехалі рыцары з многіх еўрапейскіх краін, Англіі, Францыі, Вугоршчыны, Швайцарыі, Галандыі. У выніку, у войска тэўтонаў увайшлі 22 нацыі.

15 ліпеня 1410 года войска Тэўтонскага ордэна сустрэлася з аб'яднаным войскам Польшчы і ВКЛ на полі каля вёсак Грунвальд, Людвігсдорф і Таненберг. Крыжакі, якія прыбылі першымі, занялі пазіцыю на ўзгорку паміж вёскамі Людвігсдорф і Таненберг, а іх абоз размясціўся каля Грунвальда. Войскі ВКЛ і Польшчы, якія падцягнуліся да месца бітвы, размясціліся на поўдзень ад вёскі Таненберг. Польскія войскі занялі левую частку поля, а войскі ВКЛ - правую.

Грунвальдская бітва пачалася ў другой палове дня. Вялікі князь літоўскі Вітаўт першым адправіў у атаку лёгкую татарскую конніцу, якая без істотных страт пераадолела выкапаныя крыжакамі равы і знішчыла тэўтонскія гарматы і арбалетчыкаў. У адказ вялікі магістр паслаў цяжкую конніцу Валенрода на літоўскія харугвы, са стана якіх насустрач выступілі ўзброеныя коннікі, і пачаўся цяжкі бой.

У гэты час польскія войскі стаялі на месцы і назіралі за бітвай, а польскі кароль Ягайла слухаў абедню і бяздзейнічаў. Крыжакі не прамінулі скарыстацца прыдатным момантам і нанеслі ўдар у цэнтр, з мэтай узяць у два асобныя колы войскі ВКЛ і Польшчы. У гэты час войскі Вітаўта на правым флангу пачалі адступаць, і тэўтонцы, якія змагаліся з імі, падумаўшы, што літвіны бягуць, рынуліся за імі да абозу, але там сустрэлі ўпартае супраціўленне. Тады яны змянілі тактыку і, разгарнуўшыся, ударылі па правым флангу польскіх войскаў.

У бітве надышоў крытычны момант. Польскія войскі былі часткова акружаныя, ім давялося стрымліваць крыжакоў з пярэдняга і правага фланга датуль, пакуль Вітаўт, перабудаваўшы свае войскі, зноў адправіў іх у атаку. Пад націскам войскаў ВКЛ і Польшчы тэўтонцы пачалі павольна адыходзіць, і неўзабаве былі аточаныя двума коламі, у якіх іх пачалі граміць.

Пасля таго, як у баі загінулі вялікі магістр Ульрык фон Юнгінген і вялікі маршал Валенрод, тым, хто ацалеў, давялося выбірацца з акружэння і адступаць да свайго абозу. Там, схаваўшыся за коламі, некалькі тысяч кнехтаў і рыцараў спрабавалі супраціўляцца, але адсутнасць камандуючых і паніка неўзабаве прымусіла іх пабегчы і пачалося вынішчэнне ўцекачоў, якое доўжылася да глыбокай ночы цягам 15-20 вёрст.

На наступную раніцу стала зразумела, што тэўтонскае войска цалкам разгромленае і больш не існуе. На полі бою загінула ўсё тэўтонскае кіраўніцтва на чале з Юнгігенам, Валенродам і Ліхтэнштэйнам, а таксама больш за 600 знатных і знакамітых рыцараў з велізарнай колькасцю простых кнехтаў і наймітаў.

Вітаўт пасля бою страціў палову свайго войска, але гэта не перашкодзіла адправіцца яму далей з Ягайлам да сталіцы тэўтонскага ордэна Марыенбурга. Аднак узяць горад яны не змаглі, і неўзабаве, быў падпісаны мір, адпаведна з якім у склад ВКЛ вярталася Жамойць.

Грунвальдская бітва стала вызначальнай у барацьбе крыжакоў з ВКЛ і Польшчай, пасля разгрому ордэну быў пераламаны хрыбет і праз 56 гадоў самы грозны і небяспечны супраціўнік Вялікага княства Літоўскага перастаў існаваць. Перамога над крыжакамі вывела ВКЛ у самыя моцныя дзяржавы той эпохі, а Вітаўт стаў самым магутным кіраўніком ва Усходняй Еўропе. Сама ж Грунвальдская бітва стала адной з вялікіх у Еўрапейскай гісторыі, і, акрамя гэтага, з'явілася прычынай перадзелу вайсковых сіл і палітычных мапаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках