25 красавiка 2024, Чацвер, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«На ім адпрацоўвалі прыёмы»: жыхар Гародні пасля збіцця міліцыяй апынуўся ў рэанімацыі

45
«На ім адпрацоўвалі прыёмы»: жыхар Гародні пасля збіцця міліцыяй апынуўся ў рэанімацыі

Дзяніс Лук'янаў ужо перанёс шэсць аперацый.

Дзяніс Лук'янаў вяртаўся з фэсту пад Гародняй, калі міліцыя затрымала яго за знаходжанне ў нецвярозым стане. Сям'я сцвярджае, што супрацоўнікі АМАП жорстка збілі яго. Сам жыхар Гародні цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі з дыягназам «некроз цягліц» і заражэннем крыві. Ён перанёс ужо 6 аперацый і можа страціць нагу, піша сайт тэлеканала «Белсат».

20 ліпеня каля вёскі Каралін пад Гародняй адбыўся аўтамабільны фэст «SunDay». 36-гадовы Дзяніс Лук'янаў адпачываў там з сябрамі, яны выпілі разам. Калі пачалі разыходзіцца, Дзяніс развітаўся з кампаніяй і збіраўся ўжо сысці дадому – там яго чакала жонка з трыма маленькімі дзецьмі. Тэрыторыю фестывалю патрулявалі некалькі дзясяткаў міліцыянтаў, у тым ліку байцы АМАП. Як распавядаюць сваякі Дзяніса, менавіта яны і заўважылі яго ў стане алкагольнага ап'янення.

«Потым я пыталася ў брата, можа, ён з кімсьці пасварыўся, пабіўся, але ён казаў, не, проста хадзіў побач. Раптам да яго падышлі двое супрацоўнікаў АМАП, узялі пад рукі і павялі ў суседні лес, далей ад паляны – дзе былі людзі», - распавядае стрыечная сястра Дзяніса Дар'я Салянік. Яна - гарадзенка, але жыве ў Нарвегіі і перыядычна наведвае родных у Беларусі. На гэты раз засталася надоўга, бо ў сям'і здарылася няшчасце.

«У лесе сілавікі пачалі яго адразу ж біць. Як ён распавядаў мне потым, на ім адпрацоўвалі прыёмы. Білі гумовымі дубінкамі па ягадзіцах, сцёгнах і нагах. Потым узялі пад рукі, перавялі ў аўтамабіль участковага і адвезлі ў РАУС для складання пратаколу. З пастарунку Дзяніса даставілі ў выцвярэзнік, дзе той правёў ноч, а раніцай вярнуўся дадому», - кажа Дар'я.

З яе слоў, на трэці дзень пасля здарэння Дзяніс не змог выйсці на працу (ён працуе механікам у гаражы). Стала дрэнна, моцна забалела нага. Тады ён узяў адгул і ў асноўным ляжаў, але стан штодня пагаршаўся - праз тыдзень мужчына ўжо кульгаў. Ні жонцы, ні маці ён не прызнаваўся ў прычыне дрэннага самаадчування - «саромеўся сказаць, што мянты збілі».

У жонкі Дзяніса Юліі не было часу на доўгую размову, але яна пацвердзіла, што ўсё было менавіта так: «Магчыма, ён не прызнаваўся, таму што баяўся, што я стану сварыцца ці не хацеў выдаваць, – мы ўсё ж шматдзетная сям'я».

«Пры гэтым спачатку відавочных слядоў пабояў не было, бо яны ж білі адмыслова, каб іх не пакідаць, дубінкамі. Дзяніс спачатку думаў, што пабаліць і пройдзе, трываў. Калі стала зусім невыносна, паднялася высокая тэмпература, выклікалі «хуткую», але забіраць у лякарню з такімі сімптомамі яго не хацелі. Калі «хуткая» чарговым разам прыехала 9 жніўня, у яго на ягадзіцы з'явілася чорная гематома з гноем», - кажа Дар'я.

Дыягназ пры шпіталізацыі – некроз (амярцвенне) цягліц. Гэта паталагічны працэс, калі ў жывым арганізме адміраюць мяккія тканіны. Часцей за ўсё некроз узнікае ў выніку вонкавага або ўнутранага пашкоджання арганізма. Дар'я кажа, што за апошнія тыдні Дзяніс перанёс 6 хірургічных умяшанняў: яму неаднаразова разразалі нагу і спрабавалі чысціць мёртвыя тканіны, але інфекцыя трапіла ў кроў і лімфу.

«Цяпер у яго няма ўжо паловы ягадзіцы і па ўсёй назе адтуліны ад выразаных цягліц. Ён у свядомасці, але тэмпература вельмі высокая. Яго пераводзілі ўвесь час з траўматалогіі ў рэанімацыю, але пазаўчора пакінулі ў рэанімацыі, стан агулам ацэньваюць як стабільны цяжкі».

Праблема ў тым, што прозвішчаў тых, хто яго збіваў, Дзяніс не ведае, яны не прадставіліся. Таму ў пісьмовай скарзе сваякі апісалі ўсю сітуацыю са слоў Дзяніса і распавялі, да якіх наступстваў прывяло збіццё. Скаргу даслалі ў Гарадзенскую пракуратуру, Следчы камітэт і службу ўнутранай бяспекі МУС. Адказаў з гэтых інстанцый сям'я пакуль не атрымала.

З дакументаў у іх на руках – толькі пастанова аб адміністрацыйным правапарушэнні. Там гаворыцца, што «20 ліпеня прыкладна а 18: 00 Лук'янаў з'явіўся ў грамадскім месцы - на свяце «Сан Дэй» у стане алкагольнага ап'янення, меў неахайны выгляд, хісткую паходку, незразумелую гаворку, рэзкі пах алкаголю з рота, чым сваімі дзеяннямі абражаў чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць». Паколькі раней ён да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся, Дзяніса аштрафавалі на 0,2 базавыя адзінкі (5 рублёў 10 капеек) згодна з ч.1 арт. 17.3 КоАП. З дакумента вынікае, што віну ён нібыта прызнаў.

Што тычыцца лекараў Гарадзенскай лякарні хуткай дапамогі, яны ведаюць пра збіццё, але выдаваць сваякам медыцынскае заключэнне не могуць, пакуль пацыент знаходзіцца ў рэанімацыі. Дар'я, якая штодня кантактуе з лекарам Дзяніса, кажа: яны могуць зрабіць гэта толькі на патрабаванне пракуратуры або СК.

Участковы, які складаў пратакол на Дзяніса і, адпаведна, мог бачыць яго збітым - лейтэнант Сяргей Карпук. Мы знайшлі ягоны службовы мабільны нумар, але там адказалі, што цяпер ён у адпачынку. Іншыя ж супрацоўнікі аб сітуацыі нібыта не чулі.

Падрабязнасці гісторыі таксама публікуе блогер NEXTA:

20 жніўня падчас нарады ў пытаннях якасці працы праваахоўных органаў Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў сілавікоў, ужываючы спецыфічную лексіку. Тады ён заявіў, што «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Калі дыктатар і не меў на ўвазе выпадкі міліцэйскага гвалту, у Беларусі яны - не рэдкасць.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках