Волкер: ЗША гатовыя далучыцца да Нармандскага фармату
3- 23.08.2019, 16:39
- 9,023
Аднак спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША заявіў, што мір на Данбасе залежыць не ад фарматаў.
Спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША ў пытаннях Украіны Курт Волкер заявіў, што ЗША ў выпадку неабходнасці могуць далучыцца да Нармандскага фармату.
Пра гэта ён заявіў у каментары агенцтву BNS, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
«Калі ёсць патрэба ў больш шырокім фармаце, вядома, мы падключымся. Пры гэтым мы цалкам падтрымліваем нармандскі фармат», - сказаў Волкер.
Прадстаўнік ЗША падкрэсліў, што галоўная праблема ўрэгулявання канфлікту на Данбасе палягае не ў фармаце, а ў невыкананні Расеяй яе абавязацельстваў што да Менскага пагаднення.
«Зяленскі, без сумневу, карыстаецца падтрымкай, у яго ёсць мандат у парламенце, у яго ёсць воля гэта зрабіць, але праблемай заўсёды была Расея. Я спадзяюся, што гэта новая магчымасць, і Расея зменіць свае паводзіны», - сказаў прадстаўнік Вашынгтона.
8 ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну правесці наўпроставыя перамовы ў Менску пры ўдзеле прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, прэм'ера Вялікай Брытаніі, канцлеркі ФРГ Ангелы Мэркель і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.