29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ядзерны Тытанік»: першая ў свеце плывучая АЭС адпраўляецца на Чукотку

17
«Ядзерны Тытанік»: першая ў свеце плывучая АЭС адпраўляецца на Чукотку
ФОТА: TASS

«Расатам» проста падабраў адхіленую іншымі ідэю?

Першы ў свеце атамны плывучы энэргаблок «Акадэмік Ламаносаў» у пятніцу адправіўся з Мурманска да месца пастаяннай працы - на Чукотку.

У заходніх СМІ яго называюць «плывучым Чарнобылем» і «ядзерным «Тытанікам», у расейскіх падзею ацэньваюць як адну з найбольш важных у міжнароднай атамнай энэргетыцы, піша BBC.

Першая ў свеце?

«Акадэмік Ламаносаў» будаваўся трынаццаць гадоў. Спачатку замову павінен быў выканаць Северадзвінск «Севмаш», але потым будаўніцтва перанеслі на «Балтыйскі завод» у Пецярбургу. Улетку 2017 года МНС прыйшлося тушыць пажар на плывучай станцыі: адбылося кароткае замыканне акумулятарных батарэй, але агулам будаўніцтва праходзіла без здарэнняў.

Згодна з планам, два асноўныя буксіры і адзін запасны будуць цягнуць «Акадэміка Ламаносава» 4700 кіламетраў - ад Мурманска да чукоцкага порта Певек, дзе стане ён часткай плывучай атамнай цеплаэлектрастанцыі, калі яго падключаць да энэргасетак.

Плывучы энергаблок абслугоўвае персанал з 86 чалавек. Для іх на 6-павярховым «Ламаносаве» нават прадугледзелі басейн, дзве лазні - фінскую і расейскую, трэнажорную залу, бар і курыльны пакой.

Пасля ўводу станцыі ў эксплуатацыю яна стане самай паўночнай атамнай станцыяй у свеце. Цяпер гэтае званне носіць Білібінская АЭС на Чукотцы, якую пасля запуску новай плывучай АЭС пачнуць паступова выводзіць з эксплуатацыі. Але пакуль колькасць атамных электрастанцый у Расеі павялічыцца з 10 да 11.

Паводле апошніх звестак «Расатама», доля АЭС у электравыпрацоўцы Расеі складае 18,7% і расце апошнія некалькі гадоў. У сваіх афіцыйных рэлізах «Расатам» часта спасылаецца на заяву Сусветнай ядзернай асацыяцыі, якая ўважае, што для развязання праблемы энергадэфіцыта трэба павялічыць долю атамнай энэргіі да 25%.

Ва ўнікальнасці гэтага праекта некаторыя сумняваюцца.

Напрыклад, фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, праціўнік атамнай энэргетыкі, кажа:

«Некаторыя паверылі, што расатамаўскі «Акадэмік Ламаносаў»- сапраўды першая ў свеце «плаваючая» АЭС. Гэта не так. У ЗША такую ўстаноўку пабудавалі яшчэ ў 1960-х. Выпрабавалі і наважылі, што гэта занадта дорага. Так што «Расатам» проста падабраў адхіленую іншымі ідэю».

Непаражальны?

У міжнародных СМІ станцыю ўжо празвалі «Чарнобылем на лёдзе». Адпраўка «Акадэміка Ламаносава», піша Vice, прымушае многіх нервавацца, асабліва з улікам іншай нядаўняй аварыі са смяротнымі зыходамі ў паўночных водах Расеі.

«Плаваючая атамная электрастанцыя «Акадэмік Ламаносаў» адправіцца ў адны з самых падступных і аддаленых вод свету - з масіўнымі айсбергамі і ледзянымі штормамі», - піша Vice.

«Цяпер лядовая абстаноўка ў Арктыцы спрыяльная, - запэўніваюць на «Расеі 24». - Лёд згуртаванасцю 1-3 балы (гэта значыць рэдкі лёд - Бі-бі-сі) адзначаецца толькі ў праліве Вількіцкага. Але для групоўкі ледаколаў, якія суправаджаюць ПАЦЭС, гэта не праблема, таму ў цэлым лядовыя ўмовы ацэньваюцца як лёгкія».

«Расатам» запэўнівае, што ПАЦЭС распрацаваная з вялікім запасам трываласці, які перавышае ўсе магчымыя пагрозы і робіць ядзерныя рэактары непаражальнымі для цунамі і іншых прыродных катастроф.

ФОТА: TASS

У «Грынпіс» з такой ацэнкай не згодныя. Яшчэ ў 2017 годзе, калі «Ламаносаў» базаваўся ў Пецярбургу, актывісты разгортвалі банеры:

«Не плывучаму Чарнобылю».

З экаактывістамі тады згаджаліся і некаторыя ліквідатары Чарнобыля, якія асцерагаліся запуску рэактараў «Ламаносава» прама на пецярбургскім заводзе. «Мы катэгарычна супраць плывучай АЭС у цэнтры горада, таму што ўсё можа здарыцца. Хопіць нам адной ЛАЭС ў Хваёвым Бары, дарэчы, аналагічнай Чарнобыльскай», - казаў тады Васіль Найда, старшыня Агульнарасейскай грамадскай арганізацыі інвалідаў «Саюз Чарнобыль».

«Расатам», які планаваў выпрабаваць ПАЭС на «Балтыйскім заводзе», наважыў перанесці пагрузку паліва і выпрабаванні ў Мурманск.

Праўда, у «Грынпіс» засталіся задаволеныя толькі часткова: «Перанос выпрабаванняў гэтага «ядзернага Тытаніка» далей ад вачэй грамадскасці не робіць яго менш небяспечным, - казаў Ян Хаверкамп, ядзерны эксперт «Грынпіс» Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. - Плывучыя атамныя электрастанцыі ў асноўным плануюць выкарыстоўваць паблізу берагавых ліній і мелкаводдзя. Атамная станцыя не можа перамяшчацца сама і мае пласкадонны корпус, таму, насуперак запэўненням у яе бяспецы, яна асабліва ўразлівая для цунамі, а ёсць жа і іншыя сур'ёзныя рызыкі: суровыя лядовыя ўмовы, небяспека тэрарызму, ядзерныя адкіды».

Намеснік дырэктара Фізічнага інстытута акадэміі навук Уладзімір Балакін упэўнены, што падстаў для хвалявання няма. «Будаўнікі думаюць больш за ўсё пра бяспеку, таму вывяржэнне якога-небудзь вулкана больш небяспечна для Зямлі, чым тое, пра што вы кажаце. Так што ніякага хвалявання не павінна быць», - сказаў ён «Евроньюз».

«Выставачны экзэмпляр»

«Ламаносаў» на Чукотцы стане дэманстрацыйным экспанатам - так пакупнікі з-за мяжы могуць ацаніць яго патэнцыял і зацікавіцца плывучай атамнай электрастанцыяй, не хаваюць у «Расатаме».

«Адной з стратэгічных мэт «Расатама» з'яўляецца распрацоўка і вывад на рынак новых прадуктаў, якія прыносяць карпарацыі камерцыйны прыбытак. Мы бачым магчымасць выкарыстання плывучых энергаблокаў у цяжкадаступных раёнах не толькі Расеі, але і ў краінах Афрыкі і Азіі», - казаў кіраўнік дырэкцыі ўзвядзення і эксплуатацыі плывучых атамных цеплаэлектрастанцый філіяла «Канцэрн Расэнэргаатам» Віталь Трутнеў.

ПАЦЭС, абсталяваная двума рэактарнымі ўстаноўкамі, паводле ацэнак вытворцаў можа забяспечваць электраэнэргіяй горад у 100 тысяч чалавек. Ва ўсёй Чукотцы пражывае менш за 50 тысяч чалавек.

Грунтуючыся на гэтым, кіраўнік праекта энэргетычнай праграмы «Грынпіс Расеі» Рашыд Алімаў сцвярджае: «З'яўленне плывучай АЭС выклікана зусім не рэальнымі патрэбамі Чукоткі».

Кіраўнік «Расатама» Аляксей Ліхачоў ужо казаў, што дзяржкарпарацыя атрымала прапанову аб кааперацыі ў стварэнні плывучых энэргаблокаў у Лацінскай Амерыцы, а таксама вядзе перамовы па праекце плывучай АЭС з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі і Персідскага заліва.

Нягледзячы на тое, што рэактары на першай плывучай АЭС яшчэ не запушчаныя, «Расатам» ужо працуе над другім пакаленнем ПАЦЭС, якое, як абяцаюць, будзе больш кампактнае.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках