18 красавiка 2024, Чацвер, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенца, якога збіла міліцыя, дапытвалі проста ў рэанімацыі

49
Гарадзенца, якога збіла міліцыя, дапытвалі проста ў рэанімацыі

Дзяніс Лук'янаў перанёс ужо некалькі аперацый.

Жыхара Гародні Дзяніса Лук'янава, якога збілі «амонаўцы» на аўтамабільным фэсце SunDay, дапыталі следчыя амаль адразу пасля чарговай аперацыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Два тыдні баяўся расказаць сваякам аб збіцці

35-гадовы Дзяніс Лук'янаў, шматдзетны бацька з Гародні, 20 ліпеня разам з сябрамі адпачываў на аўтафэсце. Мужчыну затрымалі міліцыянты, бо ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення ў грамадскім месцы.

«Па дарозе ў РАУС аўтамабіль спынілі каля лесу. Дзяніса вывелі з самахода і адвялі крыху ўглыб, за дрэвы. А там раптам пачалася карусель: адзін за адным амонаўцы пачалі адпрацоўваць свае метады, пры гэтым яшчэ радаваліся і хваліліся адзін перад адным, маўляў, глядзі, як я магу! Працягвалася гэта некалькі дзясяткаў хвілін. Тое, што збівалі прафесіяналы, дакладна вядома, бо не засталося ніводнага прыкметнага сіняка або гематомы», - расказала Еўрарадыё стрыечная сястра Дзяніса Дар'я Салянік.

Лук'янава пратрымалі ноч у пастарунку і ў выніку далі штраф.

Як Дар'я ўдакладніла ў каментары журналістам, Дзяніс расказаў родзічам аб тым, што яго збівалі, толькі праз два тыдні. Раней баяўся. Казаў, што ўпаў на працы. Раз слядоў ад дубінак не было відаць, думаў, што боль сам паволі пройдзе. Адпрасіўся з працы, ляжаў дома, піў абязбольвальныя сродкі.

Праз два тыдні ў Дзяніса ўзнялася высокая тэмпература. Яго забралі ў шпіталь, зрабілі шэсць аперацый на назе, ампутавалі частку нагі. Выявілася, што ў мужчыны пачалі адміраць цягліцы. Інфекцыя далей распаўсюджвацца па целе і падыходзіць да ўнутраных органаў. Ужо тыдзень ягамосць ляжыць у рэанімацыі.

«Лекары доўгі час не маглі зразумець, што адбываецца. Казалі, што некроз цягліц немагчымы пасля падзення. Такое бывае, калі ў ДТЗ зацісне на некалькі гадзін ногі, а таксама, калі б'юць гумовымі дубінкамі. Казалі, што, відаць, сваякі не ведаюць усю праўду пра здарэнне», - успамінае Дар'я.

«Абсталі яго. Усе ў цывільным адзенні, высокія бамбізы»

У пятніцу, 23 жніўня, Дзянісу зрабілі чарговую аперацыю на назе.

«Яго чысцяць, перавязваюць. Падчас чысткі зразаюць частку цягліц, бо яны заражаныя. Чысцяць адмерлыя тканкі на назе... У яго ўся нага парэзаная. Ужо паловы сцягна няма», - кажа стрыечная сястра.

Увечары яго наведала родная сястра і жонка, каб пакарміць, зрабіць гігіенічныя працэдуры. Мужчына яшчэ не адышоў ад наркозу і нават не адразу пазнаў сваякоў.

«Пытаўся: «А які сёння дзень? А што, я зноў на аперацыі? Мяне зноў чысцілі?». Быў у трызненні», - кажа Дар'я.

Аднак у палату да Лук'янава прыйшлі шэсць мужчын у цывільным адзенні, не назваўшыся, папрасілі сваякоў выйсці. Як яны потым зразумелі, гэта следчыя прыйшлі на допыт.

«Яны [сваякі - заўвага] мне тэлефануюць у паніцы. «Тут міліцыі панаехала. Абсталі яго. Усё ў цывільным адзенні, высокія бамбізы. Ніхто пасведчанне не паказаў. Без пагонаў. З тэчкамі, з торбамі. Усіх выгналі». У яго быў шок», - пераказвае словы сваякоў Дар'я.

«Ён не можа даваць ніякіх уцямных сведчанняў»

Допыт доўжыўся чатыры гадзіны і тычыўся скаргі Дзяніса ў Следчы камітэт і пракуратуру з нагоды ягонага збіцця амонаўцамі. У палаце акрамя яго і следчых нікога не было, нават лекараў ці медсясцёр. Асобна дапыталі таксама Дар'ю і жонку Дзяніса Юлію.

Сваякі сумняваюцца, што Дзяніс знаходзіўся ў адэкватным стане, бо яшчэ не адышоў ад наркозу.

«Я хачу даведацца, ці даў загадчык аддзялення дазвол на допыт. Чаму ў нас, у сваякоў, не спыталі дазволу? Ці можа ён у такім стане даваць сведчанні?.. Чалавек у рэанімацыі. Два тыдні ў шпіталі. Жахлівыяболь... Ён не можа даваць ніякіх уцямных сведчанняў», - разважае Дар'я, прафесійная юрыстка.

Убачыцца з Дзянісам пасля допыту сваякі так і не змаглі. Затэлефанаваць яму проста ў рэанімацыю таксама нельга, бо ў пацыентаў забіраюць тэлефоны.

«Медсёстры казалі: «Мы замыкаем лякарню. Выходзьце». Не. Ім было ўсё адно. Чалавек не еў дзень да аперацыі. Ён хоча есці. Ён хоча піць», - апавядае Дар'я.

Як пазней растлумачыў Дар'і загадчык аддзялення рэанімацыі, следчыя могуць дапытваць пацыента, калі ён знаходзіцца ў прытомнасці.

Дар'я дадае, што яна розгаласам хоча выратаваць жыццё брату і пакараць вінаватых. Запэўнівае, што палітыкі ў ейных дзеяннях няма.

«Мой бацька вядомы ў горадзе апазіцыянер [Мікалай Салянік, прадстаўнік БНК - заўвага]. У мяне лекары пытаюцца: "Якія інтарэсы вы пераследуеце?" Я ім паўтараю, што хачу справядлівасці. Палітыкі тут няма. Я не супрацоўнічаю з партыяй майго бацькі», - кажа Дар'я.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках