Самай высокааплатнай акторкай за год стала зорка з беларускімі каранямі
1- 24.08.2019, 14:53
- 18,594
З 1 чэрвеня 2018 да 1 чэрвеня 2019 года яна зарабіла $56 мільёнаў.
Самай высокааплатнай акторкай года паводле версіі Forbes стала Скарлет Ёхансан.
З 1 чэрвеня 2018 да 1 чэрвеня 2019 года яна зарабіла $56 млн. $35 млн з іх зорцы Галівуду прынесла роля «Чорнай удавы» ў стужцы «Мсціўцы. Фінал» - чарговая частка франшызы, якая сабрала ў сусветным пракаце больш за $2,8 млрд.
Ёхансан - лідарка і ў леташнім рэйтынгу, яна зарабіла ў 2017-2018 гадах больш за $40 млн. Тады ейнаму фінансаваму поспеху таксама спрыяў поспех фільма пра супергерояў «Мсціўцы: Вайна бясконцасці», піша nn.by.
На другім месцы ў рэйтынгу калумбійка Сафія Вергара, якая жыве ў Маямі, яна ў мінулым годзе была самай высокааплатнай тэлеакторкай. За апошні год ёй удалося зарабіць больш $44 млн. У гэтым годзе яна знялася ў стужцы «Апошняя магчымасць». Аднак самы вялікі даход Вергара атрымлівае ад удзелу ў серыялах.
З $35 млн трэцяе месца ў спісе займае Рыз Уізерспун, якая вярнулася ў рэйтынг пасля кароткай адсутнасці. За ёй ідуць Ніколь Кідман ($34 млн) і Джэніфер Эністан ($28 млн).
Скарлет Ёхансан нарадзілася ў Нью-Ёрку ў 1984 годзе. Яе прадзед па кудзелі Барух Хадош з Нясвіжа, у 1920-х ён эміграваў у ЗША, дзе ўжо нарадзілася бабуля Скарлет - Дораці. А маці акторкі Мелані выйшла замуж за данійца Карстэна Ёхансана.