15 верасня 2019, Нядзеля, 13:50
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Ганконгу пратэстоўцы паставілі барыкады з бамбуку

1
У Ганконгу пратэстоўцы паставілі барыкады з бамбуку
ФОТА: GETTY IMAGES

У горадзе ідзе дванаццаты тыдзень пратэстаў.

Дванаццаты тыдзень пратэстаў у Ганконгу, які праходзіў даволі мірна, у суботу перарос у новыя сутыкненні паліцыі з дэманстрантамі, якія прайшлі маршам па густанаселеным раёне Куньтхон, паведамляе расейская служба ВВС.

Сілавікі заступілі шлях пратэстоўцам. Тыя пачалі ставіць барыкады з бамбукавых будаўнічых рыштаванняў і вулічных жалезных перагародак. Каля будынку аддзялення паліцыі супрацьстаянне працягвалася некалькі гадзін, пакуль дэманстранты не пачалі закідваць паліцэйскіх камянямі, цаглінамі і бутэлькамі з вадой. Паліцыя выкарыстала слёзацечны газ, гумовыя кулі і стала затрымліваць удзельнікаў пратэсту, збіваючы іх дубінкамі.

ФОТА: REUTERS

Да патрабаванняў захавання палітычных і грамадзянскіх свабод, якія сталі галоўнай тэмай пратэсту, дадаліся некалькі канкрэтных патрабаванняў: дэманстранты ў Куньтхоне пратэставалі супраць закрыцця чатырох станцый метро (і іншых спроб адміністрацыі гарадскога транспарту замінаць дэманстрантам) і патрабавалі прыбраць з вуліц слупы з электроннай апаратурай, якая, як заяўлялі ўлады Ганконга, патрэбная для вымярэнняў чысціні паветра.

ФОТА: GETTY IMAGES

Апазіцыя падазрае, што напраўду гэта камеры сістэмы сачэння, якая выкарыстоўваецца кітайскай дзяржбяспекай для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў пратэсту.

ФОТА: GETTY IMAGES
ФОТА: GETTY IMAGES

Увесь тыдзень трывалі пратэсты, але мірна - у мінулую нядзелю паліцыя не перашкаджала шэсцю больш за паўтара мільёна чалавек, і гэтая акцыя, са слоў удзельнікаў, прыкметна падняла маральны дух пратэстоўцаў.

ФОТА: GETTY IMAGES

У пятніцу дзясяткі тысяч прыхільнікаў дэмакратычнага Ганконга, узяўшыся за рукі, утварылі адзіны ланцуг, які працягнуўся праз некалькі раёнаў, па набярэжных і па схілах Львінае горы - адной з галоўных славутасцяў горада - аж да самай вяршыні.

З надыходам цемры ўдзельнікі акцыі запалілі ліхтарыкі на мабільных тэлефонах.

Жывы ланцуг

ФОТА: GETTY IMAGES

Кампанія YouTube абвясціла ў пятніцу, што закрыла больш за 200 відэаканалаў, якія выкарыстоўваліся дзяржаўнай прапагандай мацерыковага Кітая для распаўсюджвання дэзінфармацыі пра пратэсты ў Ганконгу.

За некалькі дзён да гэтага з "Твітару" былі выдаленыя 936 старонак троляў - як заявіла сацсетка, яны распальвалі палітычныя нязгоду ў Ганконгу.

На ціск з боку Пекіна скардзяцца супрацоўнікі сістэмаўтваральных ганконжскіх кампаній, такіх як аператар ганконжскага метро і авіякампанія Cathay Pacific.

Сцюардэса і кіраўнік прафзвязу авіяліній Рэбека Сі, звольненая 21 жніўня, назвала сакрэтны ціск кітайскіх уладаў на мэнэджэраў у Ганконгу "белым тэрорам". 16 жніўня сышоў у адстаўку кіраўнік Cathay Pacific. З кампаніі звольненыя ўжо як мінімум чацвёра супрацоўнікаў, якія выяўлялі ў сацсетках падтрымку пратэстам - у іх ліку двое пілотаў.