28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхарка Іўя: Людзі адклікаліся пра выступ Лукашэнкі ў асноўным з сарказмам

14
Жыхарка Іўя: Людзі адклікаліся пра выступ Лукашэнкі ў асноўным з сарказмам

Дыктатар выкарыстоўвае танны піяр.

Днямі падчас візіту ў Іўеўскі раён Лукашэнка заявіў, што ўбачыў там «курорт» і «рай». Як да ягоных слоў паставіліся мясцовыя жыхары?

Для адказу на гэтае пытанне «Салідарнасць» звязалася з жыхаркай Іўя і актывісткай Ірынай Давідовіч.

ФОТА FACEBOOK

- Мне падаецца, што Лукашэнку трэба было паказаць, што за 25 гадоў ягонага панавання маленькае Іўе ператварылася «ў рай». Напраўду гэта, вядома, не так, - сказала Ірына Давідовіч. - Яму паказалі толькі маленькі кавалачак Іўя. Сапраўды пасля леташніх абласных "Дажынак" у цэнтры засталася новая плітка і адрамантаваныя сцены. Але праўда ў тым, што моладзь з'язджае з Іўя. У людзей няма годнай працы. Звычайны заробак 300 рублёў.

У навучальных установах у вобласці кажуць: калі будзеш вучыцца добра - паедзеш працаваць у Гародню, калі дрэнна - у Іўе. Так жартавалі і жартуюць сёння.

ТАК РЫХТАВАЛІСЯ ДА АБЛАСНЫХ «ДАЖЫНАК». ФОТА SB.BY

Словы актывісткі пацвярджаюцца статыстыкай. Калі ў 1996 годзе ў Іўеўскім раёне пражывала 38 тысяч чалавек, то ў 2018- засталося толькі 23 тысячы.

Паводле ўзроўню заробкаў рэгіён адзін з самых бедных у вобласці.

Два гады таму некалькі тысяч жыхароў Іўя падпісалі зварот да Лукашэнкі з просьбай вызваліць іх ад «падатку на дармаедства», бо яны працуюць на гародах. Улады вымушаныя былі задаволіць просьбу.

Як мясцовыя жыхары адрэагавалі на словы Лукашэнкі пра «курорт» і «рай»?

- Сама я прысутнічаць на сустрэчы не змагла, бо трапіла ў спіс тых 40 чалавек, якім «доступ да цела» быў начыста забаронены. Нават калі б я паспрабавала, туды б не дайшла. Калі людзі разыходзіліся, не пабачыла на іх тварах асаблівых эмоцый. Астатнія адклікаліся пра выступ Лукашэнкі ў асноўным з сарказмам, - распавяла Ірына Давідовіч.

ФОТА IVJE.GOV.BY

Актывістка называе візіт кіраўніка Лукашэнкі адначасова танным і дарагім піярам. Чаму?

- Танным - у пераносным сэнсе. А дарагім - у даслоўным. Задоўга да яго прыезду па горадзе пачалі кружыцца гелікаптэры, потым прыехала некалькі дзясяткаў чалавек аховы прэзідэнта, потым прывезлі снайпераў. Гэта ж вельмі ўсё дорага. Навошта гэта ўсё? Паказаць народу, як ён добра жыве? Людзі ж даюць адзнаку не па тым, як раскошна прыехаў прэзідэнт, а па тым, што бачаць кожны дзень, - сказала Ірына Давідовіч. - Праўда ў тым, што за ўладай Лукашэнкі вёска і мястэчкі сталі неперспектыўнымі. Вёскі знікаюць з твару зямлі, і справа ўжо даходзіць да такіх маленькіх гарадкоў як Іўе.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках