29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр брытанскі піяршчык Лукашэнкі лорд Бэл

Памёр брытанскі піяршчык Лукашэнкі лорд Бэл
ЦІМАЦІ БЭЛ

Брытанскі паліттэхнолаг памёр на 78-м годзе жыцця.

Пра смерць Ціма Бэла паведаміў ягоны былы дзелавы партнёр Пірс Поцінгер, паведамляе BBC.

Бэл праславіўся як адна з ключавых фігур трох паспяховых перадвыбарных кампаній Кансерватыўнай партыі Брытаніі: у 1979-м, 1983-м і 1987 гадах.

Менавіта Бэл прыдумаў знакаміты лозунг кансерватараў Labour is not working («Лейбарызм не працуе» або даслоўна «Праца не працуе»). На рэкламных плакатах гэтая фраза суправаджалася выявай доўгай чаргі з беспрацоўных.

У 1996 годзе Цім Бэл удзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі Барыса Ельцына, які пераабіраўся на пасаду прэзідэнта Расеі. Як адзначае брытанская газета Guardian, галоўнай задачай Бэла было паляпшэнне іміджу Ельцына, якога ў той час актыўна крытыкавалі за злоўжыванне алкаголем і вайну ў Чачэніі.

Бэл таксама быў сябрам расейскага алігарха Барыса Беразоўскага, а пасля ягонага пераезду ў Лондан працаваў у якасці яго кансультанта і прадстаўніка.

Аднак беларусам паліттэхнолаг запомніцца працай з дыктатарам Лукашэнкам. Ягоная PR-кампанія Bell Pottinger Group, якая ў 2008-2009 гадах працавала на паляпшэнне іміджу Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе, атрымлівала ганарары выключна ад беларускага ўраду.

У свой час брытанская газета Independent апублікавала артыкул аб закулісных аспектах працы кампаніі лорда Бэла, напісаны на аснове матэрыялу, які здабылі журналісты з Бюро журналісцкіх расследаванняў у Лондане, прыкінуўшыся патэнцыяльнымі кліентамі піяршчыкаў.

Дэвід Уілсан, з якім фіктыўныя кліенты гутарылі, сказаў ім яшчэ, што «ў нашай працы для Беларусі ніхто, акрамя Беларусі, не ведае, хто за гэтую працу напраўду плаціў».

Лорд Бэл зняпраўдзіў гэтую інфармацыю. «Усе рахункі былі высланыя беларускаму ўраду і ўсе выплаты былі атрыманыя ад беларускага ўраду. Дэвід Уілсан сказаў няпраўду. Я не ведаю, чаму ён гэта сказаў», - цытуе Цімаці Бэла Independent.

Крыху пазней з'явіліся і «злівы», у адным з якіх прыводзіўся дакумент, распрацаваны спецыяльна для ўраду Беларусі.

Што ў ім было?

Перш за ўсё ставілася пытанне паляпшэння іміджу беларускіх уладаў. Пад паляпшэннем разумелася перш за ўсё наладжванне добрых дачыненняў з ЕЗ, для чаго трэба было выпусціць усіх палітвязняў, правесці частковую лібералізацыю і паступова ўкараніць еўрапейскія каштоўнасці. Таксама меркавалася запрасіць у Беларусь журналістаў з найбольш вядомых сусветных выданняў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках