28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з прэзідэнтам Ірана Рухані

4
Трамп заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з прэзідэнтам Ірана Рухані
ПРЭЗІДЭНТ ЗША ДОНАЛЬД ТРАМП І ЛІДАР ФРАНЦЫІ ЭМАНУЭЛЬ МАКРОН НА САМІТ G7 У БІЯРЫЦЫ

Амерыканскі лідар паведаміў пра гэта ў заключны дзень саміту G7 у Біярыцы.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе гатовы правесці сустрэчу з прэзідэнтам Ірана Хасанам Рухані, «калі абставіны для гэтага будуць правільнымі». Адпаведную заяву кіраўнік Белага дома зрабіў у панядзелак, 26 жніўня, на сумеснай з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам саміту G7 у Біярыцы, паведамляе DW.

Са свайго боку, французскі лідар падкрэсліў, што перамовы на саміце G7 «стварылі ўмовы для сустрэчы, а разам з гэтым і пагадненні паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзідэнтам Ірана Хасанам Рухані». Ён дадаў, што спадзяецца, што гэтую сустрэчу атрымаецца арганізаваць ужо ў найбліжэйшыя тыдні.

Пры гэтым Макрон паведаміў, што ўжо размаўляў праз тэлефон з Рухані, і той сказаў яму, што гатовы сустрэцца «з любымі палітычнымі лідарамі, калі гэта будзе ў інтарэсах яго краіны».

Візіт кіраўніка МЗС Ірана Зарыфа ў Біярыцы

Канфлікт паміж ЗША і Іранам стаў адной з ключавых тэм на саміце «вялікай сямёркі», які праходзіў у французскім горадзе Біярыцы з 24 да 26 жніўня 2019 года. У нядзелю, 25 жніўня, у Біярыцы наведаўся таксама міністр замежных спраў Ірана Махамад Джавад Зарыф. Гэты візіт стаў для многіх нечаканасцю, аднак, паводле звестак інфармагенцтва AFP, ЗША былі паінфармаваныя пра яго загадзя і не пярэчылі супраць яго.

Паводле інфармацыі іранскага МЗС, Зарыф прыляцеў у горад правядзення саміту G7 на запрашэнне свайго французскага калегі Ле Дрыяна, з якім збіраўся правесці перамовы. Пасля канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель назвала прыезд Зарыфа ў Біярыцы «паралельнай падзеяй, што адбылася ў тым жа месцы, але не з'яўляецца сустрэчай у рамках саміту G7».

Што тычыцца Дональда Трампа, то на выніковай прэс-канферэнцыі ў панядзелак ён заявіў, што саміт быў «сапраўды паспяховым» і на ім адчувалася «грандыёзнае адзінства». Раней шэраг СМІ, якія асвятлялі саміт, паведамлялі што сустрэча «вялікай сямёркі» праходзіць у святле рознагалоссяў Трампа з іншымі ўдзельнікамі. Так, адной са спрэчных тэм стала пытанне адносна магчымасці вяртання Расеі ў «групу сямі», што раней прапанаваў Трамп.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках