18 красавiка 2024, Чацвер, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Facebook збіраецца перайменаваць Instagram і WhatsApp

2
Facebook збіраецца перайменаваць Instagram і WhatsApp

Карыстальнікам павінна быць зразумела, каму належаць гэтыя сэрвісы.

Прадстаўнікі Facebook пацвердзілі, што кампанія неўзабаве памяняе назвы сваіх даччыных прадпрыемстваў Instagram і WhatsApp. Кіраўніцтва сацсетак плануе вывесці на першы план прыналежнасць Instagram і WhatsApp да Facebook.

Пасля таго, як кампанія Facebook набыла Instagram і WhatsApp, яе заснавальнік Марк Цукербэрг абяцаў, што не будзе ўмешвацца ў працу даччыных прадпрыемстваў і дазволіць ім развівацца аўтаномна, піша nv.ua.

З часам ціск Facebook на Instagram і WhatsApp стаў відавочным. У мінулым годзе праз супярэчнасці з кіраўніцтвам свае пасады пакінулі заснавальнікі Instagram, а яшчэ раней супрацоўнічаць са сваёй новай мацярынскай кампаніяй адмовіліся стваральнікі WhatsApp.

Пару месяцаў таму Марк Цукербэрг публічна парушыў сваё абяцанне і заявіў, што мэсэнджар WhatsApp і сацсетка Instagram аб'яднаюць з Facebook Messenger. У Facebook заявілі, што ўсе тры сэрвісы прадоўжаць працу як асобныя дадаткі, але інфраструктура іх паведамленняў будзе аб'яднаная. Змены павінны ўвайсці ў дзеянне да канца 2019-га ці ў пачатку 2020 года.

Цяпер у Facebook надумалі пайсці яшчэ далей і перайменаваць Instagram і WhatsApp такім чынам, каб карыстальнікам было адразу зразумела, каму належаць гэтыя сэрвісы. Як паведамляе Mashable са спасылкай на The Information, прадстаўнікі Facebook пацвердзілі, што «яны хочуць больш дакладна апісваць прадукты і паслугі, якія з'яўляюцца часткай Facebook».

Адной з версій новай назвы з'яўляюцца «Instagram ад Facebook» і «WhatsApp ад Facebook».

Тое, што мэнэджары сацсеткі плануюць яшчэ больш звязаць Instagram і WhatsApp з Facebook можа выклікаць недавер у аўдыторыі гэтых сэрвісаў. Пасля скандалаў, звязаных з выцекам персанальных звестак карыстальнікаў Facebook, усё менш людзей хочуць асацыяваць сябе з гэтым брэндам і дапускаць нават думку пра тое, што Facebook можа сапраўды гэтак жа кантраляваць асабістую інфармацыю ў WhatsApp і Instagram.

Нягледзячы на гэта, цяпер Facebook рознымі спосабамі спрабуе адмыць сваю рэпутацыю. На нядаўняй канферэнцыі сацсетак Марк Цукербэрг заявіў:

«Наш бюджэт на бяспеку ў гэтым годзе перавысіў увесь даход кампаніі, калі мы перайшлі на публічную форму ўласнасці. Шмат у чым гэта атрымалася дзякуючы таму, што мы змаглі стварыць паспяховы бізнэс. Мы інвестуем у бяспеку больш, чым усе іншыя сацсеткі».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках