29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Будучыня, якая ў нас ужо амаль была

16
Будучыня, якая ў нас ужо амаль была
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Не шукайце выгаду, а абараняйце каштоўнасці.

Гляджу пасяджэнне Вярхоўнай Рады Украіны.

Першае пасяджэнне новага склікання.

Жыўцом.

Абраны парламент.

Выбары прызнаныя міжнароднай супольнасцю.

Удзельнічалі партыі і мажарытарнікі.

У парламенце ёсць фракцыі, паміж імі барацьба.

Пакуль монабольшасць (новы палітычны тэрмін) адной партыі, але ўжо бачна, што ненадоўга і ў кожным выпадку не выключае адкрытых і вострых дыскусій.

У зале дзейны прэзідэнт (шосты!), таксама абраны на сумленных выбарах. У зале яго непрымірымы пакуль апанент, папярэдні прэзідэнт (пяты!).

Прэзідыум спакойна, без панікі кіруе складанай залай. А ў ёй "хлопцы", якія не толькі парламенцкага, але і сістэмна-палітычнага досведу не маюць.

У кулуарах журналісты. Робяць стрым, вядуць старонкі ў фэйсбуку і твітары, пакуль ветліва тузаюць дэпутатаў за рукаво, і тыя не кідаюцца на ўцёкі, а каментуюць.

Вельмі моцна ўсё нагадала і пасяджэнне З’езду народных дэпутатаў СССР 1989 года, і пасяджэнне нашага Вярхоўнага Савета пачатку 90-х. Чым нагадала? І там, і тут - жыццё. І там, і тут - перспектыва, жаданне наладзіць, нарэшце, сваё жыццё.

Вось цікава: украінцы выбралі самага несістэмнага прэзідэнта, а потым наўздагон выбралі большасць Рады са "Слугі народа" - наўпроставы шлях да аўтарытарызму, здавалася б. Але няма такіх адчуванняў. Ёсць жаданне пастукаць па дрэве, каб усё атрымалася.

Я не хачу ацэньваць ні новага прэзідэнта Украіны, ні новую Раду. Не ў іх станоўчых ці адмоўных якасцях сутнасць.

Украіна захавала і ўмацавала інстытут выбараў!

Украіна ў час вайны абараніла права народа на выбар!

Украіна абараніла сваё права на развіццё як еўрапейская незалежная дзяржава!

Украіна дала наглядны адказ на пытанне, які так любяць лёкаі Пуціна і Лукашэнкі: хто, калі не ён?

Толькі не ён! Ні ў якім разе не ён!

Створаную Лукашэнкам у Беларусі "палатку" нават параўноўваць немагчыма з тым, што мы назіраем у жывым эфіры.

"Палатку" - спараджэнне рабскай псіхалогіі і самадурства дыктатара, - наогул складана з чымсьці параўнаць.

Адзіную асацыяцыю у мяне гэты орган выклікае з агіднай напаўвадкай поліўкай, якой спрабавалі карміць зняволеных у адной з калоній, у якой мне давялося пабываць не са сваёй волі. Там нас спрабавалі накарміць тушанай гнілатой з капусты і бульбы. Нават самыя апошнія зэкі злівалі гэтае паскудства назад у бак. Кажуць, нават свіней, карміць пры калоніі, гэтым наважваліся.

Я вельмі люблю бульбу, як кожны беларус. Я вельмі люблю капусту ў розных стравах. Тое, што гатавалі з іх у калоніі, было актам цынічнага здзеку з гэтых высакародных прадуктаў. Я, памятаю, яшчэ думаў, выліўшы чарговую шлёмку ў бак: як жа трэба ненавідзець бульбу і капусту, каб спачатку згнаіць іх, а потым яшчэ і тушыць гэтую гніль?!

Вось тыя ж пачуцці выклікае і "палатка": поліўка з згнілых прадуктаў.

А яшчэ я ўспомніў, што Вярхоўная Рада выратавала Украіну.

Такая сабе Вярхоўная Рада: ні рыба, ні мяса. Абслугоўвала памаленьку розных алігархаў, дэманстравала лаяльнасць Януковічу і разам з ім давялі да анэксіі Крыма і ўварвання Расеі на Данбас.

І тут менавіта гэтая Вярхоўная Рада пасля Майдана адчуўшы настроі народа, пры адсутнасці прэзідэнта, пры адсутнасці прэм'ера, пры адсутнасці ўрада, узяла на сябе ўсю адказнасць за Украіну, за незалежнасць і дзяржаўнасць. І спыніла наступ расейскіх войскаў, і абараніла Украіну.

Гляджу ў жывым эфіры, як прызначылі прэм'ер-міністра Украіны, міністра абароны, міністра замежных спраў. Бачу ў зале сваіх шматгадовых знаёмых і сяброў, якія ніколі не здадуць інтарэсы Украіны, і сам сабе заклінаю іх: толькі не паўтарайце памылак мінулых уладаў у дачыненні да рэжыму на Беларусі, толькі прайдзіце тэст на дэмакратыю. Не шукайце выгаду, а абараняйце каштоўнасці.

Вы наша будучыня, якая ў нас ужо амаль была!

Мы з вамі, Беларусь з вамі!

А Лукашэнка з Пуціным.

За вашу і нашу свабоду!

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Фэйсбук

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках