24 верасня 2019, aўторак, 12:50
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Беларусі ўводзяць новыя правілы выдачы медычных даведак кіроўцам

56
У Беларусі ўводзяць новыя правілы выдачы медычных даведак кіроўцам

Канчатковая дата пакуль не названая.

Атрымаць даведку кіроўцу можна будзе ў тэрапеўта. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ расказаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, піша av.by.

Са слоў міністра, цяпер вядзецца супольная праца з Паркам высокіх тэхналогій у інфарматызацыі аховы здароўя. Гэта азначае, што кожны чалавек зможа стварыць асабісты кабінет, у якім можна будзе падрыхтаваць выпіску аб стане здароўя. Тут будзе захоўвацца інфармацыя пра апошнія дыягназы, вынікі аналізаў і пра тое, у каго пад наглядам ён знаходзіцца. У асабістым кабінеце можна будзе пры неабходнасці замовіць і выпіску аб стане здароўя - яе адправяць на паказаную пры рэгістрацыі электронную пошту.

На разглядзе ўладаў знаходзіцца яшчэ адзін варыянт, які, са слоў кіраўніка Міністэрства аховы здароўя, мяркуе наступнае: калі ў лекара агульнай практыкі няма інфармацыі, што ў чалавека за апошнія пяць гадоў выяўленае захворванне, якое перашкаджае кіраванню транспартным сродкам, то яму можна падоўжыць даведку без неабходнасці наведвання вузкіх спецыялістаў.

Пры гэтым у дактароў агульнай практыкі будзе атаскоп для праверкі слыху і ўсё неабходнае для праверкі зроку.

«Звычайныя маніпуляцыі, якія ажыццяўляе тэрапеўт ці лекар агульнай практыкі, плюс адсутнасць інфармацыі, што былі захворванні, якія перашкаджаюць кіраванню, - чалавеку будзе аўтаматычна прадоўжаная гэтая даведка», - растлумачыў Каранік.

Канкрэтных тэрмінаў пераходу на такую сістэму атрымання медычных даведак ён удакладняць не стаў, абмовіўшыся толькі, што некаторыя элементы ўвядуць ужо налета.