25 красавiка 2024, Чацвер, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 фактаў пра помнік князю Гедыміну ў Лідзе

4
10 фактаў пра помнік князю Гедыміну ў Лідзе

Помнік прэзентуе князя Гедыміна ў дасканалых рыцарскіх даспеха і з каронай.

7 верасня ў Лідзе адбудзецца прадстаўнічы фэст Lidbeer-2019, а разам з ім - доўгачаканае адкрыццё помніка князю Гедыміну. Nn.by падае 10 фактаў пра тое, як і дзякуючы каму стала магчымым з'яўленне гэтага помніка.

Факт першы

У кастрычніку 2017 г. Лідскі райвыканкам абвясціў конкурс на найлепшы эскіз помніка «Заснавальнік замка - князь Гедымін». У конкурсе бралі ўдзел 28 работ. У лютым 2018-га пасля падліку галасоў перамог эскіз скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава.

Вольга Нячай - мастачка, скульптарка, дызайнер, магістр мастацтвазнаўства. Працуе ў галіне манументальнай скульптуры, анімалістыкі, дробнай пластыкі, дэкаратыўнага мастацтва, жывапісу і дызайну. У творчасці вялікую ўвагу надае прыгажосці коней. Нарадзілася ў Менску ў 1985 годзе.

Сяргей Аганаў - мастак, скульптар. Працуе ў жанры традыцыйнай скульптуры з керамікай, бронзай, каменем, дрэвам. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1974 годзе. Сярод яго самых вядомых работ - скульптура «Войт» у Менску, прысвечаная атрыманню горадам магдэбургскага права, скульптура княгіні Анастасіі Слуцкай у Слуцку, помнік Давыду Гарадзенскаму ў Горадні.

Факт другі

Помнік прэзентуе князя Гедыміна ў дасканалых рыцарскіх даспехах, але без шлема. Князь у парадным адзенні з доўгім плашчом едзе на кані - відавочна, гэта ўрачысты ўезд уладальніка ў свой замак. На галаве князя карона: Гедымін, як і Міндоўг, называў сябе каралём.

Сяргей Аганаў запэўнівае, што пры ўсёй мастацкай абагульненасці вобразу ў гэтай трактоўцы твар Гедыміна адпавядае гістарычнай праўдзе. Гэта дасягнута дзякуючы шматлікім кансультацыям.

Аўтары ўлічылі рэкамендацыі спецыялістаў у палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, матэрыяльнай культуры і мастацтва таго часу. Не абышлі ўвагай нават пароду каня, на якім сядзіць князь. Былі спрэчкі і пра тое, як правільна напісаць імя на помніку. Такім чынам, зацверджаны кіраўніцтвам Лідскага раёна праект стаў вынікам сумеснай працы мастакоў, архітэктара, навукоўцаў-гісторыкаў.

Факт трэці

У ліпені 2018 года эскіз помніка князю Гедыміну прайшоў усе этапы ўзгадненняў: і ў Адміністрацыі кіраўніка, і на пасяджэнні Рэспубліканскай мастацка-экспэртнай рады ў манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры.

Факт чацвёрты

У верасні 2018 года Сяргей Аганаў і Вольга Нячай пачалі выраб дэталёвай рабочай мадэлі помніка ў маштабе 1:4. На аснове гэтай мадэлі на скульптурным камбінаце адлівалі бронзавы помнік.

Паралельна вялася распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі ў падрыхтоўцы пляцоўкі, дзе планавалася ўсталяваць помнік, прадумвалася светлавое развязанне.

Пастамент для помніка распрацаваў знакаміты беларускі архітэктар Сяргей Багласаў, а кансультантам па гістарычнай дакладнасці і адпаведнасці ўсіх элементаў помніка стаў Мікалай Плавінскі.

Факт пяты

Помнік ствараўся за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў. Асноўным спонсарам стала прадпрыемства з замежным капіталам «Белтэкс Оптык», якое знаходзіцца ў Лідзе.

Маторамі стварэння і ўстаноўкі помніка Гедыміну можна назваць Лідскі райвыканкам, архітэктара Сяргея Багласава, скульптараў Сяргея Аганава і Вольгу Нячай, гісторыка Мікалая Плавінскага.

Факт шосты

Навукоўцамі, скульптарамі і кіраўніцтвам Ліды было прынятае сумесная пастанова, што падрабязна распісваць тытул князя на помніку не мае сэнсу. Гедымін - ужо сам па сабе брэнд беларускай гісторыі. Былі спрэчкі па напісанні: «Гедзімін» або «Гедымін».

Рэспубліканскі мастацка-экспэртны савет у манументальным i манументальна-дэкаратыўным мастацтве зацвердзіў надпіс «Гедымін», звыклы для большасці беларусаў.

Факт сёмы

Акрамя імя князя на помніку змешчаны «Калюмны» - старажытны герб роду Гедымінавічаў, адзін з галоўных сімвалаў Вялікага Княства Літоўскага. У чырвоным полі тры белыя, злучаныя знізу, калоны. Такі герб чаканіўся на манетах ВКЛ, з гэтым сімвалам на сцягах літоўскія харугвы змагаліся пад Грунвальдам.

Характэрна, што ў лютым гэтага года ў Горадні на раскопках у Старым замку археолагі знайшлі цэглу з гербам «Калюмны». Цагліна датуецца канцом XIV стагоддзя - часам, калі замак у Горадні пераладжваў Вітаўт.

Факт восьмы

Увосень 2018 года дызайнер Макс Пякарскі распрацаваў для Symbal.by аўтарскі прынт «Вялікі Гедымін».

Факт дзявяты

У 2017 годзе ў Лідзе, на размешчаным недалёка ад замка будынку, з'явілася графіці з выявай князя Гедыміна. Яго аўтар - мясцовы мастак Сяргей Русак.

Мурал размешчаны на сцяне шматфункцыянальнага гандлёвага комплексу на бульвары Гедыміна.

Факт дзясяты

Помнік Гедыміну ўсталявалі ў скверы на скрыжаванні Грунвальдскай і Замкавай вуліц, ля паўночнай сцяны Лідскага замка 12 жніўня 2019 года. Замкавая сцяна за спінай князя надае яго постаці яшчэ большую значнасць.

З 30 жніўня ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі (вул. Перамогі, 37а) працуе выстава скульптуры Вольгі Нячай і Сяргея Аганава «Спадарожнікі».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках