24 жнiўня 2019, Субота, 17:42
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Памяці рок-н-рольшчыка

2
Памяці рок-н-рольшчыка
ФОТА: СЯРГЕЙ МАЛІНОЎСКІ

На магіле Аляксандра Кулінковіча з'явіўся каменны крыж.

Роўна год таму рок-музыка са сваім гуртам «Нейра Дзюбель» павінен быў выступаць на фестывалі «Рок за Баброў». Але замест гэтага са сцэны вядоўца Аляксандр Памідораў быў вымушаны паведаміць, што Кулінковіч памёр, піша kp.by.

Пахавалі яго на могілках вёскі Анопаль побач з дзедам. А неўзабаве паміж імі давялося хаваць і маці Аляксандра. Калі здарылася трагедыя, яна была ў лякарні ў дрэнным стане, і сваякі не адважыліся сказаць ёй, што Саша памёр. Так яна і не дазналася пра гэта...

ПОБАЧ З РОК-МУЗЫКАМ ПАХАВАНЫ ЯГОНЫ ДЗЕД І МАМА.
ФОТА: СЯРГЕЙ МАЛІНОЎСКІ

- Саша вельмі хацеў выступіць на фэсце «Рок за Баброў», і таму да апошняга спадзяваўся, што боль пройдзе. Але калі сам выклікаў хуткую - значыць, зусім дапякло. Нават у шпіталі яго яшчэ не пакідала надзея. Як чалавек адказны ён вельмі перажываў, для яго было важна, што скажуць людзі... Яго зачапіла, што 30 год гурту, а яго пісалі на фестывальных афішах дробным шрыфтам, унізе, - распавяла сястра музыкі Рыма Былінская. - А прастудзіўся ён, мабыць, яшчэ напярэдадні на іншым фэсце - «Басовішча». Пасля таго, як прыехаў, казаў, што адчуваў сябе дрэнна...

АДКРЫЦЦЁ ПОМНІКА АТРЫМАЛАСЯ КАМЕРНЫМ І АМАЛЬ СЯМЕЙНЫМ.
ФОТА: СЯРГЕЙ МАЛІНОЎСКІ

Прычынай смерці было названае запушчанае запаленне лёгкіх. У гадавіну сумнай падзеі сустрэліся родныя, сябры і музыкі гурта, каб адкрыць помнік і ўспомніць Сашу. Гэта вялікі каменны крыж на адной з граняў якога сядзіць маленькі чалавечак з альбома гурта «Афтары правды». А ля падножжа на шыльдзе напісалі радкі з песні «Клоун» гэтага ж альбома (вельмі асабістая і цяжкая для Сашы песня, якую ён выканаў на канцэртах усяго двойчы). Ля падножжа помніка таксама бронзавая біклажка - дакладная копія той, з якой музыка пры жыцці не расставаўся. Нагадаем, грошы на помнік сабралі на канцэрце памяці Кулінковіча – 30 000 рублёў. З іх 19 500 рублёў каштавалі помнік і яго ўстаноўка.

СЯСТРА РЫМА КАЖА, ШТО ПАСТАМЕНТ ПОМНІКА АДМЫСЛОВА ЗРОБЛЕНЫ ТАКІМ ЧЫНАМ, КАБ МОЖНА БЫЛО ПАСЯДЗЕЦЬ ПОБАЧ.
ФОТА: СЯРГЕЙ МАЛІНОЎСКІ

- Помнік атрымаўся добры. Але застаўся яшчэ адзін выдатны праект - скульптура адлюстроўвае Сашу ў поўны рост, які быццам бы сядзіць на лаўцы і задуменна паліць. Мы б вельмі хацелі, каб скульптура ўсё ж з'явілася дзесьці ў горадзе. Назвалі б яе «Памяці рок-н-рольшчыкаў» у гонар усіх заўчасна памерлых калег, такі зборны вобраз, - сказаў экс-удзельнік «Нейра Дзюбеля» Максім Паравы.

АФІША БУДУЧАГА ФІЛЬМА

А яшчэ неўзабаве выйдзе фільм "Я прынёс табе УРА!" пра Сашу. У яго аснову ўвойдуць здымкі з канцэрту памяці Кулінковіча, які адбыўся 25 кастрычніка мінулага года ў Менску.

- Мы здымалі 12 камерамі, адначасова працавала тры рэжысёры. Фактычна, над фільмам працаваў творчы калектыў, які здымае перадачу «Кватэрнік у Маргуліса» плюс беларускія тэлевізійнікі. Цяпер фільм на фінальнай стадыі мантажу, які ажыццяўляецца ў Новасібірску, - распавёў рэжысёр-пастаноўшчык фільма Кірыл Папакуль. - З 36 песень, якія прагучалі на канцэрце, у поўнаметражны фільм увойдзе 21, а паміж песнямі будуць інтэрв'ю хлопцаў, якія ўдзельнічалі ў канцэрце. Гэта дакументальны фільм з элементамі мастацкага. Будзе нават графіка - усе вокладкі «Нейра Дзюбеля» ажывуць. Было б выдатна зладзіць прэм'еру на «Лістападзе». Тым больш, што Кулінковіч здымаўся ў фільмах Курэйчыка, так што не чужы кінематографу.

НА АДКРЫЦЦЁ ПОМНІКА ПРЫНЕСЛІ НАЙЛЕПШЫЯ ФОТАЗДЫМКІ САШЫ І ЎКЛЮЧЫЛІ ЯГОНЫЯ ПЕСНІ.
ФОТА: СЯРГЕЙ МАЛІНОЎСКІ