28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Дудзь: Я выйду на мітынг супраць паліцэйскага беззаконня ў Расеі

9
Юрый Дудзь: Я выйду на мітынг супраць паліцэйскага беззаконня ў Расеі

Настаў час думаць крытычна.

Што часцей за ўсё вы чуеце ад сваіх сяброў, калі адбываюцца нейкія палітычныя зачысткі? Пад сябрамі я маю на ўвазе і сяброў сапраўдных, і сяброў эмацыйных – тых, за кім вы сочыце ў тэлевізары, на ютубе, музыцы, спорце, тых, каго канцылярскай мовай прынята называць «лідарамі меркаванняў». Асабіста я часцей за ўсё чую такое: «Я апалітычны. Палітыка мне зусім нецікавая», піша расейскі блогер Юрый Дудзь у «Фэйсбуку».

Здаецца, прыйшоў час, калі такая пазіцыя- у першую чаргу ад вядомых людзей -ганебная.

Адразу ўдакладнім: калі пад палітыкай разумець вылучэнне, абранне, мандаты, то бок, менавіта прафесію, мне гэта таксама нецікава. Ніколі і ні ў якай краіне свету я не хацеў бы працаваць палітыкам. Прычын шмат, але адна з асноўных - прадпрымальніцтвам можна зарабляць значна цікавей і значна больш, чым палітыкай. Калі мы, вядома, маем на ўвазе сумленны заробак, а не калі пры звычайным заробку чыноўніка ты купляеш сабе трохсотметровую кватэру ў цэнтры Масквы. А каб за свой кошт здымаць пра Калыму, Камчатку, Курылы і Сахалін, каб заставацца незалежным і каб не лізаць чыю-небудзь дупу, трэба зарабляць шмат.

Але калі ты не плануеш палітычную кар'еру, гэта не значыць, што ты не ўдзельнічаеш у палітычным жыцці сваёй краіны - хоць бы ў ключавыя яе моманты (а іх не так шмат, як можна падумаць).

Так выйшла, што ўсе апошнія гады моладзі ў Расеі было максімальна нецікава назіраць за выбарамі, пратэстамі, басманным правасуддзем, палітвязнямі, вось гэтым усім. Дзве апошнія суботы паказалі, да чаго прывяла наша інертнасць. Наша інертнасць прывяла да таго, што ў найважнейшых кабінетах нікога новага, там варушацца адны і тыя ж людзі: іх сівізна, лысіны, пінжакі і хуткасць узняцця далоняў на аднагалосных галасаваннях усё больш нагадваюць дэкарацыі савецкага як бы палітычнага жыцця. Наша інертнасць прывяла да таго, што ўсякая палітычная канкурэнцыя знішчаная. Наша інертнасць прывяла да таго, што кожны, хто гэтую канкурэнцыю задумвае, у момант атрымлівае па твары шпалай. І самае важнае: шпалай па твары цяпер можа атрымаць кожны з нас.

Вы можаце не падтрымліваць незалежных кандыдатаў у Масгардуму: тапіць за розныя палітычныя сілы - гэта так жа, як тапіць за розныя футбольныя клубы, гэта значыць цалкам нармальна і правільна. Але вы дакладна не можаце падтрымліваць тое, што рабіла дзяржава ў апошнія тыдні. Гэта не мае ніякага дачынення да той самай «стабільнасці», пра якую кажуць, калі ўпісваюцца за існую ўладу.

Калі натоўп байцоў хапае дваіх батанікаў, якія не надаюць супраціву, і гумовымі дубінкамі адбівае ім ахілавыя сухажыллі – гэта не стабільнасць. Гэта сублімацыя тых, хто доўга жыў з комплексамі, але - слава нашай паліцыі - знайшоў спосаб за ўсе гэтыя комплексы адпомсціць.

Калі 25-гадоваму хлопцу пагражае тэрмін ці то за алюмініевую бляшанку, ці то за папяровую шкляначку, кінутую ў бок паліцыянта, — гэта не стабільнасць (гугліце: Сяргей Абанічаў). Гэта ганьба і прыніжэнне годнасці супрацоўніка сілавых структур з боку дзяржавы. Таму мянту, які будзе праходзіць паводле гэтай справы пацярпелым, я раю вывучыць справы спецназаўцаў, якія ўрываліся ў бесланскую школу.

Там мужыкі клаліся на гранаты, каб прыкрыць закладнікаў, і выцягвалі дзяцей, калі паветра пранізвала кулямі, як на сапраўднай вайне. А гэты пагадзіўся быць пацярпелым праз тое, што ў ягоны бок паляцеў кавалачак ці то алюмінію, ці то паперы. Спадзяюся, сабе ён патлумачыў гэта тым, што бляшанка ад амерыканскай колы, гэта значыць, сапраўды была пагроза нацыянальнай бяспецы.

Калі дызайнера, які выйшаў на прабежку задоўга да пачатку мітынгу, скручваюць і кладуць на асфальт так, што ламаюць нагу праз бардзюр, гэта не стабільнасць (Гугл: Канстанцін Канавалаў). Гэта тупарылае выкананне загаду і стаўленне да чалавека як да мяшка з косткамі.

Калі ў ізалятарах матае адміністрацыйны арышт дзясятак мірных студэнтаў, гэта не стабільнасць. Гэта новае пакаленне палітвязняў і просты сігнал усяму маладняку: будзеш абурацца – замест кратаў хэштэга атрымаеш краты турмы.

Калі мэр кажа, што грамадзяне, якія выйшлі на вуліцы бараніць свае правы, - гэта прыезджыя зімбабвійцы, а паліцыя паводзіла сябе правільна, гэта не стабільнасць. Гэта поўная адарванасць ад жыцця людзей, горадам якіх ты кіруеш.

Калі вы думаеце, што ўся гэтая прыгажосць тычыцца толькі нязгодных, вы памыляецеся.

Паглядзіце відэа, на якім жанчына трасе партбілетам: «Я член «Адзінай Расеі». Майго мужа затрымалі. Мы ішлі дадому. Ён хацеў на той бок прайсці проста».

Жорны такой стабільнасці - штука, якая рана ці позна пачне перамолваць усіх: і нязручнага, і таго, хто так складна і так рэгулярна на сваім ютуб-канале рэкламуе мэрыю. Юнакі, якія сталі папулярныя ў моладзі, памятайце пра гэта, калі наступным разам на просьбу старэйшых будзеце рэкламаваць «Бяляш-фэст» у парку Горкага або «Чурчхельную хвалю» ў Сакольніках. Ніхто не заклікае вас лезці на барыкады, але, як спявае адзін вядомы панк-ансамбль: «Калі ўсім страшна быць супраць/то хаця б не будзем за».

Давайце крытычна думаць, давайце сумнявацца, давайце задаваць пытанні і давайце не прымаць як норму, калі нявінных людзей кідаюць у турму або жорстка збіваюць паліцыянты.

10 жніўня, у суботу, а 14: 00, я выйду на праспект Сахарава на мітынг у падтрымку ўжо арыштаваных і супраць мянтоўскага беззаконня. Мітынг узгоднены, прычым адразу на 100 000 чалавек. Будзе цудоўна, калі столькі народу туды і прыйдзе.

Чым больш нас, тым больш шанцаў, што калі-небудзь грамадзян Расеі перастануць біць шпалай па твары.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках