24 красавiка 2024, Серада, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэхагляд: Кіроўцы ставяць ДАІ ў тупік

44
Тэхагляд: Кіроўцы ставяць ДАІ ў тупік

Колькасць тых, хто байкатуе дарожны падатак, толькі расце.

З унясеннем некаторых змяненняў у заканадаўства тэхагляд стаў для многіх аўтаўладальнікаў вялікай праблемай.

І калі раней праходжанне тэхагляду адкладалі з прычыны чэргаў на дыягнастычных станцыях ці таму, што «рукі не даходзілі» ліквідаваць няспраўнасці ў машыне, то цяпер ужо некалькі гадоў востра стаіць пытанне фінансавае.

З таго дня, як у суму тэхагляду ўключылі і так званы «падатак на дарогі», гэтая абавязковая працэдура стала каштаваць на парадак даражэй, і многіх гэта не задавальняла. Аўтаўладальнікі пайшлі па шляху найменшага супраціву, абіраючы на свой страх і рызыку ездзіць без тэхагляду, рызыкуючы быць спыненым супрацоўнікам ДАІ і аплаціць штраф адну базавую, чым штогод плаціць сумы ў дзесяць разоў большыя за ТА.

Як хітраць кіроўцы з тэхаглядамі, даведвалася здымачная група «Гродна Плюс».

Для правядзення рэйду супрацоўнікі ДАІ імкнуцца выбіраць ажыўленыя, шырокія дарогі. Адной з такіх з'яўляецца адрэзак па вуліцы Суворава – некалькі палосаў руху і наяўнасць дарожнай «кішэні», каб праверка дакументаў у адных не перашкаджала руху астатніх.

З 7 да 17 жніўня праходзіла рэйдавая дэкада праверкі наяўнасці праходжання тэхагляду аўтамабіля. Яе вынікі паказваюць – многія аўтаўладальнікі ў Гародні праходзіць тэхагляд не спяшаюцца. Некаторыя – нават вельмі не спяшаюцца – дзёрзка пасінелая на трэснутым лабавым шкле адзнака аб праходжанні тэхагляду за 2014 год красамоўна дае зразумець – на дыягнастычнай станцыі гэты мікрааўтобус бачылі апошні раз вельмі даўно.

Яшчэ адзін кіроўца, спынены супрацоўнікамі ДАІ, спачатку кажа, што тэхагляд у машыны пройдзены, дакументы гэта пацвярджаюць, проста засталіся дома. Але прысутны супрацоўнік «Белтэхагляду» паспявае аспрэчыць гэта цягам некалькіх хвілінаў – у базе аўтамабіля няма. Без адпаведных дакументаў апынуўся і жыхар Гародні Ігар Валько. Праз збег абставінаў тэхагляд ён прайсці не паспеў – але паабяцаў выправіцца ў самыя кароткія тэрміны.

Ігар Валько, жыхар горада Гародні:

– Тры дні таму згарэла панэль у мяне, супрацоўнік ДАІ спыніў. А са спаленай панэллю я не магу прайсці, таму што там усе паказанні. Таму трэба крыху пачакаць, і прайду абавязкова. У гэтым і ёсць праблема. Быў у камандзіроўцы, прыехаў, ён скончыўся і трэба прайсці, а тут такая здарылася бяда. Я абавязкова прайду, як зраблю – прайду.

Такая пошасць з адсутнасцю тэхаглядаў пачалася некалькі гадоў таму, калі была прынятая пастанова ўключыць у ягоны кошт і дарожны збор. Тады кошт праходжання тэхагляду сярэдняй легкавушкі, старэйшай за дзесяць гадоў, павялічыўся з прыкладна трыццаці рублёў да ста пяцідзесяці. Кіроўцы на тэхагляд не спяшаліся, а папулярнасць набылі рэсурсы, у якіх аўтаўладальнікі аператыўна дзяліліся інфармацыяй пра тое, дзе з праверкай дакументаў чакаюць супрацоўнікі ДАІ. А на дыягнастычных станцыях зніклі чэргі.

Андрэй Ігнатовіч, намеснік кіраўніка філіяла прадпрыемства «Белтэхагляд» у Гарадзенскай вобласці:

– У апошнія гады зніжаецца колькасць аўтаўладальнікаў, якія звяртаюцца на дыягнастычныя станцыі для атрымання дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Калі ўжо казаць з лічбамі, то калі перад увядзеннем мыты за выдачу дазволу – а менавіта з гэтым звязваецца, у першую чаргу, памяншэнне колькасці зваротаў уладальнікаў на дыягнастычныя станцыі – у 2013 годзе мы выдавалі блізу 250 тысячаў дазволаў. Ужо ў 2018 годзе гэтая колькасць склала парадку 180 тысячаў, гэта значыць, скарачэнне значнае.

За сем месяцаў гэтага года спецыялісты адзначаюць зніжэнне колькасці зваротаў на станцыі дыягностыкі на пяць адсоткаў.

Сярод чытачоў Charter97.org тэма байкоту дарожнага падатку, асабліва пасля «дэкады» ДАІ ў выяўленні кіроўцаў без тэхагляду, стала адной з самых папулярных. Вось як яны ацэньваюць сітуацыю з дарожным зборам:

«Давялі людзей да галечы, развялі мянтоў і спецслужбаў, чынушаў, напрыдумалі святаў для лысага чорта, наладзілі яму палацаў, накуплялі майбахаў, прадалі краіну кітайцам і арабам, знішчылі лясы, рэкі і балоты, знішчылі эканоміку, а цяпер ім бабак бачыш не хапае! Толькі дай, дай і дай кожны дзень, пад новымі і старымі падставамі. Далоў гэтую банду! Усеагульны байкот усім іхнім паборам! Народ, яднаймася! Мы ўлада, а не яны. Тут мы павінны жыць, а не выжываць».

«Лукашэнкаўская чыноўніцкая братва, каб толькі дагадзіць шэфу, гатовая пілаваць сук, на якім сядзяць яны і кіраўнік. А калі ўдумацца, тыя хто сёння ездзіць у гэтых аўто, з'яўляюцца дзецьмі тых, якія абралі Лукашэнку на прэзідэнцтва».

«Езджу без тэхагляду з 2013 года, у апошнія дні ездзіў з інтэрнэт рацыяй, сын наладзіў... Два выходныя ездзіў на лецішча, усе перагаворваюцца, дзе хто з даішнікаў стаіць. На лецішчы моладзь, з кім ні гутарыш, ніхто не праходзіць, усе ездзяць так».

«Калі з нас патрабуюць аплату дарожнага падатку, то чаму мы не патрабуем добрых дарог, святлоадбіўнай разметкі, асвятлення, прыпынкаў?»

«Я ўпэўнены ў тым, што калі б СМІ апублікавалі праўдзівую структуру кошту бензіну і саляркі на запраўках (што канкрэтна туды ўваходзіць) і потым яшчэ куды гэтыя сродкі накіроўваюцца, пытанняў у аўтааматараў магло б быць значна менш і тэхагляд, як залішні падатак на кіроўцу, можна было законна скасаваць. А так атрымліваецца, ёсць грошы – плаці, а сэнсу ніякага. Куды сыходзяць грошы, ніхто не даваў справаздачу. Пры такой пастаноўцы пытання людзі хутка і падаткі іншых відаў плаціць перастануць».

«Восень пачынаецца. Час мяняць лысую гуму!»

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках