23 верасня 2019, панядзелак, 4:35
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Украінскія маракі сабралі грошы ў падтрымку расейскага актывіста

3
Украінскія маракі сабралі грошы ў падтрымку расейскага актывіста
КАНСТАНЦІН КОТАЎ

Канстанцін Котаў неаднаразова падтрымліваў палітвязняў і ваеннапалонных з Украіны.

Маракі, якія былі вызваленыя ў рамках абмену зняволенымі паміж Украінай і Расеяй, сабралі грошы для расейскага актывіста Канстанціна Котава. Пра гэта ў аўторак, 10 верасня, паведаміў адвакат Мікалай Полазаў на сваёй старонцы ў Facebook. Раней Котаў неаднаразова выступаў у падтрымку ўкраінскіх маракоў. Полазаў нагадаў, што Котаў "прыходзіў да іх (маракоў. - Рэд.) на суды, стаяў у пікетах у падтрымку ваеннапалонных і ўкраінскіх палітвязняў, а таксама крымскіх татараў", піша "Нямецкая хваля".

Адвакат назваў "дадзінскі" артыкул 212.1 КК РФ, паводле якога быў затрыманы і асуджаны Котаў, "рэпрэсіўным, прыдуманым расейскімі ўладамі для тых, хто спрабуе рэалізаваць канстытуцыйнае права на свабоду сходаў. Для тых, хто мірнымі спосабамі выступае супраць несправядлівасці ўлады". "З хуткасцю сталінскіх троек, даслоўна за тыдзень, Канстанцін Котаў быў асуджаны на 4 гады лагераў. Проста за тое, што не прамаўчаў. Калі ўкраінскіх маракоў вызвалілі, яны даведаліся, што валанцёра Косцю Котава пасадзілі. І яны, як і раней сам Косця, не змаглі прамаўчаць і застацца ў баку", - напісаў Полазаў. З ягоных слоў, маракі сабралі 12 400 украінскіх грыўняў і 25 850 расейскіх рублёў.

Актывіст быў затрыманы 12 жніўня, расследаванне справы заняло ўсяго тры дні, а на азнаямленне з матэрыяламі Котаву і ягонай абароне далі 72 гадзіны. У выніку суд прызнаў яго вінаватым у неаднаразовым парушэнні правілаў правядзення мітынгаў, прысудзіўшы да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Сваю віну актывіст не прызнаў, заявіўшы, што судзяць не яго, "а права на свабоду слова і свабоду сходаў". "Няма незалежных партый, няма сумленных выбараў, застаецца адно выйсце - ісці на вуліцу і там пракрычаць свае патрабаванні. Але нават гэта не дазваляюць", - сказаў Котаў у судзе.