19 верасня 2019, Чацвер, 14:39
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Амерыканская медыцынская асацыяцыя: Электронныя цыгарэты могуць прывесці да смерці

11
Амерыканская медыцынская асацыяцыя: Электронныя цыгарэты могуць прывесці да смерці
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Вейпінг выклікае невядомае захворванне лёгкіх.

Амерыканская медыцынская асацыяцыя заклікае не выкарыстоўваць электронныя цыгарэты, а іх курцам рэкамендуе неадкладна звярнуцца да лекараў, паведамляецца на сайце ўстановы, піша «Гордан».

АМА адзначае рост у ЗША колькасці паведамленняў пра хваробу лёгкіх, якую звязваюць з электроннымі цыгарэтамі. Невядомае захворванне выклікае кашаль, задышку і боль у грудзях. Зафіксаваныя некалькі смяротных вынікаў.

Асацыяцыя таксама звярнулася ва Управу санітарнага нагляду за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША (FDA) з просьбай паскорыць развязанне пытання аб рэгуляванні рынку электронных цыгарэт, а ўсе нерэгуляваныя прадукты вывесці з рынку.

Медыкі заяўляюць, што FDA павінна забараніць араматызатары і маркетынгавыя практыкі, якія прасоўваюць электронныя цыгарэты сярод моладзі.

Першую смерць, выкліканую электроннымі цыгарэтамі, зафіксавалі ў ЗША 23 жніўня 2019 года, паведамляў дэпартамент аховы здароўя штата Ілінойс. На той момант, паводле інфармацыі міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША, медыкі зарэгістравалі 193 хворых у 22 штатах.

На 6 верасня зафіксаваныя больш за 450 магчымых выпадкаў захворвання лёгкіх, якое звязваюць з электроннымі цыгарэтамі, у 33 амерыканскіх штатах і на Віргінскіх астравах ЗША. У штатах Каліфорнія, Ілінойс, Арэгон, Індыяна і Мінесота пацвердзіліся пяць фактаў смерці праз вейпінг.