20 красавiка 2024, Субота, 6:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія турысткі: Нам прапанавалі бегчы два кіламэтры праз нейтральную палосу

8
Беларускія турысткі: Нам прапанавалі бегчы два кіламэтры праз нейтральную палосу
ФОТА: АЛЯКСАНДР ЧАРНУХА

Што з гэтай нагоды кажа турфірма, якая прадала тур.

Сайт onliner.by працягвае калекцыянаванне незвычайных дзеянняў, якія ўчыняюць нашы турысты. Робяць гэта, мабыць, не са сваёй прыхамаці, а ў выніку нейкага не такога ўзаемадзеяння з турфірмамі. То нечага начуюць грамадой на пляжы, то прапануюць забараніць некаторых занадта танных аператараў, то ўвогуле шукаюць дырэктара кампаніі, які знік з грашыма. Наталля мае новы досвед: ёй прапанавалі здзейсніць крос праз двухкіламетровую нэйтральную палосу на ўкраінскай мяжы. Але не ўсё тут адназначна.

«Бяжыце!»

Гамяльчанка Наталля з сяброўкай сабралася ў Турцыю. Звярнулася ў фірму «Дрым Ок». Нарэшце, грошы заплачаныя, фармальнасці ўчыненыя, квіткі атрыманыя. Вылет з Барыспаля прызначаны на 31 жніўня, напярэдадні ўначы павінен прыехаць транспарт, каб везці сябровак ва ўкраінскі аэрапорт. Ці не павінен?.. Тут ёсць розныя версіі.

Наталля мяркуе, што на іх проста забыліся:

- За некалькі дзён да ад'езду, калі мы прыйшлі ў фірму па квіткі, нам усё расказалі, патлумачылі, як будзем адпраўляцца. Я тады яшчэ некалькі разоў перапытала, ці сапраўды замоўлены трансфэр. Сказалі, што ўсе ладам, мы запісаныя, што няма чаго баяцца. І загадалі чакаць аўтамабіль уночы 31 жніўня - калі не апоўначы, то гадзіны пад чатыры мае прыехаць.

Увогуле, у гэты адцінак часу ніхто па дзяўчат не прыехаў.

- Тры гадзіны ночы, мы не спім, чакаем, - працягвае аповед Наталля. - Ужо пачынаем паціху турбавацца. Невядома: быццам трэба ўжо затэлефанаваць кудысьці, але і турбаваць не хочацца, усе ж спяць. І наогул, можа, усё ідзе паводле плану, і мы паспяваем... А потым мы раптам удваіх замгнулі. Снілася, быццам ужо ляцім. Пад 5 гадзін раніцы прачынаемся - ня ляцім! Тэлефона кіроўцы мы не маем, таму пачынаем тэлефанаваць і пісаць на тыя нумары турагенцтва, якія знайшлі. Не адказваюць...

Першае трывожнае паведамленне сышло а 06:08.

Звязацца з арганізатарамі выправы выпала прыкладна а палове сёмай. Наталля кажа, што пасля гэтага падзеі разгортваліся імкліва:

- Яны сказалі, што зараз паспрабуюць штосьці наважыць, і вельмі хутка наважылі, ужо праз некалькі хвілін прыехаў самаход. Кіроўца даімчаў нас на кантрольны пункт «Новая Гута», там высадзіў і сказаў: «Бяжыце, інакш спозніцеся!» Гэта значыць, нам трэба было прайсці кантроль і пехатой, з нашымі велізарнымі куфрамі на колцах, бегчы на ўкраінскі пункт, дзе чакае іншы аўтамабіль, які давязе да аэрапорта.

Паміж беларускім і ўкраінскім кантрольнымі пунктамі на гэтым адцінку прыкладна два кіламэтры праз прыгожы хваёвы лес. Здзейсніць кідок праз гэтую нэйтральную паласу і прапаноўвалася турысткам. Тыя паглядзелі адна на адну, на свае куфры і трохі здзівіліся.

Патэнцыйна відовішчны забег, зрэшты, не адбыўся. Наталля кажа, што пачалі прасіцца да незнаёмых людзей у транспарт, які знаходзіўся на мяжы, - але ўсе самаходы былі залюдненыя. У выніку, з ейных слоў, дапамог нейкі мытнік, выйшла сесці ў спадарожны аўтобус. Так дапялі да ўкраінскага трансфэру. Далей усё было добра, у Турцыю паспелі.

Але фуз застаўся. Дзяўчаты кажуць, што перад імі ніхто не папрасіў прабачэння. І наогул, за такія хвалявання мае быць кампенсацыя. Але пакуль прыйшло толькі вось гэта:

Фірма: яны нават адрас не назвалі!

У кампаніі «Дрым Ок» гэтую сітуацыю памятаюць. Тут падзеі апісваюць інакш:

- Напраўду людзі забыліся нам паведаміць, што ім не затэлефанаваў кіроўца транспарту. Яны звязаліся з намі толькі а 6-й раніцы, хоць мелі зрабіць гэта напярэдадні да 12 гадзін дня, мы іх пра гэта папярэджвалі (Наталля сцвярджае, што не папярэджвалі - заўвага Onliner). У выніку мы раным-рана прыехалі ў кантору, каб развязаць праблему, шукаць аўтамабіль, дамаўляцца, каб іх кудысьці пасадзілі на мяжы... (Наталля, нагадаем, сцвярджае, што транспарт у беларускім пункце яны шукалі самі, і дапамог мытнік - заўвага Onliner). Як да іх можа прыехаць самаход, калі яны не сказалі нават, дзе іх забіраць?

У «Дрым Ок» апісваюць сістэму: кліент зарання тэлефануе ў фірму і ўдакладняе пытанне трансфэру, паведамляе свой нумар тэлефона. Затым у патрэбны момант на гэты нумар тэлефануе кіроўца і кажа, калі выходзіць.

Як бы там ні было, гэтая сістэма схібіла. Пра кліентаў (іх кантакты ў кожным разе мае мэнэджэр) чамусьці не ўспомнілі. Стораны стаяць на сваім: Наталля мерыцца патрабаваць сатысфакцыі за беганіну з багажом, у фірме мяркуюць, што ўсё зрабілі правільна. Мабыць, тут патрэбен арбітр.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках