25 красавiка 2024, Чацвер, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Габрэі з Мэксікі прыехалі ў Гародню знаёміцца з зямлёй продкаў

Габрэі з Мэксікі прыехалі ў Гародню знаёміцца з зямлёй продкаў
ФОТА: HRODNA.LIFE

На пачатку верасня сям'я Фэинсод пераадолела акіян і прыехала ў Гародню, каб убачыць родны горад іхніх продкаў.

На пачатку 1940-х гадоў тут жылі іхнія родзічы Любічы, якія загінулі падчас галакосту. Здалелі выжыць толькі тыя, хто паспеў да вайны з'ехаць у Мэксіку, а таксама тыя, хто сышоў ваяваць, піша hrodna.life.

Габрэйская прозвішча Любіч была адным з самых распаўсюджаных не толькі ў Гародні, але і іншых вялікіх местах Усходняй Еўропы. Такое прозвішча насілі гандляры, банкіры, шаўцы і шмат іншых габрэяў. Сваякі сям'і Фэінсодаў былі рознабаковымі людзьмі - сям'я сярэдняга класа. Галава сямейства працаваў на абутковай фабрыцы, а ягоная жонка глядзела дзяцей. Жылі, мабыць, у "Занёманскім Фарштаце".

Адпраўлялі за акіян у пошуках лепшага жыцця

"Бабуля казала, што жылі Любічы дзесьці недалёка ад ракі. І каб увайсці ў места, трэба было яе перайсці, - апавядае Ганна Фэінсод. - Сям'я ў нас была вялікая. Прадзед i прабаба мелі блізу дзесяці дзяцей, дакладную колькасць мы не ведаем. Але за акіян, у Мэксіку, перабралася пяць сясцёр, сярод іх і наша бабуля Іда Любіч.

Першая сястра з'ехала за акіян адразу пасля Першай сусветнай вайны. Праз пэўны час яна напісала сваякам, што добра ўладкавалася, і іншым можна прыязджаць. Праз гады да яе прыехалі і астатнія дзяўчаткі. Іда пераехала ў Мэксіку ў 1929-м годзе і пражыла там да 1999 года.

Чаму з'язджалі за акіян? Як яна апавядала, у пасляваенныя гады было цяжка жыць у Горадні, і бацькі стараліся адпраўляць сваіх дзяцей у іншыя краіны для лепшага жыцця. Наша сям'я абрала Мэксіку".

З Гародні выратаваўся толькі Шыман

Тая частка сям'і Любічаў, якая засталася ў Гародні, загінула падчас Другой сусветнай вайны. Здалеў выжыць толькі адзін з сыноў - Шыман Любіч. Ягоная жонка і двое дачок, маці, малодшы брат Рубэн і ягоная жонка ў 1942-м годзе былі вывезеныя з Гародні ў Асвенцім.

"Браты нашай бабулі былі таленавітымі спевакамі, - дадае брат Ганны Рубэн, - Старэйшага звалі Шыман, ён быў кантарам у вялікай сінагозе, а таксама выступаў у тэатры, працаваў як оперны спявак. Ягоны малодшы брат Рубэн быў таксама кантарам, толькі ўжо ў драўлянай сінагозе на другім беразе Нёмана. Уся сям'я жыла ў Гародні, на жыццё не скардзіліся.

ХОР, У ЯКІМ СПЯВАЎ ШЫМАН. ГАРАДЗЕНСКАЯ СІНАГОГА, 1935 ГОД

У 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная вайна, старэйшы брат Шыман сышоў ваяваць супраць немцаў і трапіў у палон. Знаходзіўся ў канцлагеры Біркенаў з 1939 да 1945 года. Уся астатняя сям'я ў 1941 годзе апынулася ў геце, іх праз год вывезлі ў Асвенцім. Там падзялілі і забілі. Шыман выжыў і пасля вайны перабраўся ў лагер для ўцекачоў, які знаходзіўся каля Францыі і Нямеччыны. У 1948-м годзе ён з цяжкасцю паспеў перабрацца за акіян. Наведаў у Мэксіцы сваіх сясцёр, а праз пэўны час перабраўся ў Ізраіль. Там спяваў далей у сінагозе, а таксама быў кухарам у войску. Памёр у 1985 годзе".

У Гародні няма ўжо таго габрэйскага духу

У сучаснай Городні нашчадкам сям'і Любічаў ужо нічога не нагадвае пра даваеннае жыццё іхняй сем'і. Нягледзячы на тое, што яны нават не ведаюць вуліц і дамоў, дзе жылі іхнія продкі, ім важна было сюды прыехаць: пазнаёміцца і прачуць месца, адкуль іх карані.

СЯМ'Я ФЭІНСОДАЎ У МУЗЭІ СІНАГОГІ Ў ГАРОДНІ

"Мы пабывалі ў сінагозе, з'ездзілі на старыя могілкі і знайшлі там тры старыя мацэвы з прозвішчамі Любіч, але не можам сцвярджаць, што гэта нашы сваякі. Габрэяў з такім прозвішчам у Гародні было шмат. Але тыя імёны, якія мы ведалі, знайсці ўжо было немагчыма - тых людзей вывезлі з горада і забілі ў Асвенціме.

Паездкай у Гародню мы засталіся задаволеныя, мы першы раз тут, і прыехалі сюды знарок усёй сям'ёй. Нехта прыехаў з Ізраіля, а хтосьці з Мэксікі, дзе жыла бабуля. Гародня - прыгожае места, і тут добрая атмасфэра, але яно ўжо не мае таго габрэйскага духу, пра які, як нам апавядалі, быў тут да вайны", - дадаў Рубэн.

СЯМ'Я ФЭІНСОДАЎ У ГАРАДЗЕНСКАЙ СІНАГОЗЕ

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках