17 верасня 2019, aўторак, 10:28
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Малады беларус - найлепшы пачатковец тыдня ў КХЛ

Малады беларус - найлепшы пачатковец тыдня ў КХЛ

Хто такі Ігар Мартынаў, які катаецца з «хуткасцю цягніка ў метро».

Першы тыдзень новага сезону для менскага «Дынама» атрымаўся супярэчлівым. «Зубры» выйгралі толькі ў адным матчы з чатырох, але паказвалі яркі хакей, за які не сорамна перад заўзятарамі. А сёй-той за сем дзён паспеў прайсці шлях ад безыменнага да аднаго з лідараў каманды. Гаворка пра Ігара Мартынава.

20-гадовы форвард крута ўпісаўся ў звяно да Тэема Пулкінена і Дру Шора. У матчы з «Сочы» беларус аформіў асістэнцкі хет-трык, а ў гульні са «Спартаком» зрабіў яшчэ адну галявую перадачу. КХЛ прызнала Мартынава найлепшым навічком тыдня. Самы час пазнаёміцца з ім бліжэй, піша «Трибуна».

Прайшоў праз усе моладзевыя зборныя

У часы Ігара Рачкоўскага ў беларускім хакеі надавалі асаблівую ўвагу інстытуту зборных. Усе каманды падганялі да сістэмы Дэйва Льюіса, стварылі базавыя клубы - Беларусь U-20 і Беларусь U-18. Было цэлых два раўбіцкіх «Дынама»: адно гуляла ў МХЛ, іншае - у вышэйшай лізе. Праз гэтыя каманды прайшлі шматлікія знакамітыя гульцы: Ягор Шаранговіч, Максім Сушко, Іван Драздоў, Уладзіслаў Яроменка. Туды ж патрапіў і Мартынаў. У 16 гадоў гомельскі хлопец часта гуляў з хлопцамі, што былі на год старэйшымі за яго, а ў новым калектыве хутка стаў адным з Раўбічаў.

- Мартынаў заўсёды быў лідарам, як тыя ж Сушко з Яроменкам, - распавядае тагачасны галоўны трэнер «беларускага» «Дынама» Яўген Есавулаў. - Яны былі лідарамі ў «Дынама-Раўбічах», юнацкай і моладзевай зборных. Правёўшы два-тры гады ў Паўночнай Амерыцы і нягледзячы на свой малады ўзрост, у «Дынама» ён, можна сказаць, цяпер на вядучых пазіцыях. Нават па набраных балах.

У красавіку 2016-га хакеісты Раўбічаў склалі касцяк юніёрскай зборнай, якая выйграла менскі ЧС у другім дывізіёне. За турнір Мартынаў закінуў чатыры шайбы.

- Ён адразу стаў лідарам каманды, - успамінае трэнер той зборнай Юрый Файкоў. - Мы на яго разлічвалі гэтак жа, як і на Макса Сушко, які ў нас быў капітанам, Улада Яроменку, Ягора Шаранговіча. Ён адразу быў у нас у топе, гуляў у першым звяне.

- Гэта значыць яго роля ў менскай перамозе была вялікая?

- Так, вядома. Вельмі добра [згуляў]. Я з ім адпрацаваў чатыры чэмпіянаты свету - шкада, пяты не атрымалася з пэўных прычын. У мяне ён увесь час быў лідарам каманды.

Наступны сезон Мартынаў правёў у U-18 і U-20. І з'ездзіў на два чэмпіянаты свету - юніёрскі і маладзёжны. У 7 матчах за U-18, якая вярнулася ў эліту, ён набраў 7 (3 + 4) балаў. У спісах драфту НХЛ Мартынаў практычна не фігураваў, затое на кірмашы CHL яго выбралі пад 30-м нумарам. Неўзабаве хлопец падпісаў кантракт з «Вікторыяй Роялс» з WHL. У першай «рэгулярцы» ён набраў 43 (18 + 25) балы, у другой - 42 (11 + 31). Задрафтаваць у НХЛ пакуль так і не атрымалася.

- Ведаеце, драфт гэтак было... - разважае Файкоў. - Праз яго праходзіць шмат хакеістаў, якія потым нічога не паказваюць. Гэта не паказчык, што ў свой час яго не ўзялі на драфт. У яго ёсць добры шанец замацавацца, добрая ліга. Таму ў яго ўсё будзе нармальна.

- Перспектывы ў НХЛ? Складана нешта прагназаваць, - не бярэцца прадказваць Есавулаў. - Да прыкладу, Шаранговіч правёў год у менскім «Дынама» - яго задрафтаваў «Нью-Джэрсі», у фарм-клубе за які ён зараз гуляе. Гэтай дарогай можа пайсці і Мартынаў. Але ў той жа час ён можа замацавацца ў КХЛ і правесці там усю кар'еру. Я не буду даваць нейкіх прагнозаў. Уважаю, гэта няправільна.

Хуткасць на ўзроўні цягніка метро

З галоўных гульнявых якасцяў Мартынава можна вылучыць хуткасць. Пасля матчу са «Спартаком» «Дынама» падлічыла, што адзін раз форвард развярнуўся хутчэй за цягнік у менскім метро - хуткасць нападніка склала практычна 40 км/г.

- Хуткасны, магутны гулец. Можа добра кінуць, пазмагацца ў кутах, бачыць пляцоўку, - распавядае Есавулаў. - У прынцыпе, ён універсальны. Але ўніверсальны, вядома, для крайняга нападніка. Выкарыстоўваць яго ў цэнтры сэнсу няма. На краі ён выканае любыя трэнерскія патрабаванні. Ёсць хакеісты, якія гуляюць з краю, а ў цэнтры ім не дадзена. Гэта нядрэнная якасць. Ён крайні нападнік.

- Моцныя бакі? Галава добрая, рукі. Добра пачаў сезон - рады за яго, малайчына, - прызнаецца Файкоў. - Адзінае, трэба дадаць рэзкасці ў абводцы. І трошкі цягучы кідок. Трэба больш рэзка вылазіць з-пад абаронцы і больш рэзка кідаць. Але ён у гэтым яшчэ дадасць. Малады хлопец. Ці зможа гуляць у цэнтры? Не-не. Прынамсі, у мяне ён у цэнтры не гуляў ніколі.

Мартынаў вельмі добра ўпісаўся ў агрэсіўны хакей Вудкрафта - з такой гульнёй форвард знаёмы не па чутках.

- Думаю, хакей Вудкрафта яму падыходзіць, - мяркуе Есавулаў. - У «Дынама-Раўбічах» і зборнай мы прапаведавалі нешта падобнае. Ён правёў два-тры гады ў Паўночнай Амерыцы, а там хакей такога ж плана. Так што асабліва прывыкаць не прыйшлося.

- Падыходзіць, вядома, - не сумняваецца Файкоў. - Ён жа і ў мяне гуляў у такім ключы ва ўсіх зборных. Практычна ўсе, што дае Крэйг, ён ведае.

Пакуль не раскрыў патэнцыял да канца

Зрэшты, Мартынаву ёсць куды расці. У хлопца вельмі добрыя перспектывы.

- Так, патэнцыял у хлопца ёсць, і ён яшчэ не цалкам раскрыты. Думаю, трэнерскаму штабу Вудкрафта ўдасца гэта зрабіць у поўнай меры. Таму чакаем новых вышынь у яго выкананні, - прадказвае Есавулаў.

- Там шмат хакеістаў (той жа Іван Драздоў), якія прайшлі праз наш цэнтр, праехалі чатыры чэмпіянату свету. Яны ўжо гуляюць у зборнай і ў «Дынама». Пачынаючы з 97-га года. І Андрэй Бялевіч, і Варабей Пашка. Можна шмат пералічваць - пальцаў не хопіць на двух руках. Можа, ён яшчэ трошкі малады - бянтэжыцца. Потым з часам стане больш браць гульню на сябе - тады сам пачне ствараць моманты, вылазіць, кідаць - тое, што трэба ад крайняга нападніка, - мяркуе Файкоў.

Трэнеры ў адзін голас адзначаюць працавітасць і сціпласць Мартынава.

- Вельмі надзейны хлопец, - кажа Есавулаў. - Працаздольны, прыязны. Магу сказаць толькі добрыя словы.

- У мяне ніколі не было да яго ніякіх пытанняў. Добры, сціплы хлопец, працавіты, - адзначае Файкоў. - Выконвае ўсе патрабаванні трэнерскага штаба і прыўносіць сваё. Гэта тое, што трэба хакеісту. Добры гулец - гэта які? Які, выконвае ўсе, што просіць трэнер, і прыўносіць сюды сваю адметнасць. Мартынаў менавіта такі. Спадзяюся, далей ён будзе працягваць у тым жа духу і ў яго ўсё складзецца.

- «Дынама» робіць стаўку на маладых напярэдадні хатняга чэмпіянату свету і Алімпіяды. Ці зможа Мартынаў да таго часу стаць адным з лідараў зборнай?

- Прынамсі, хацелася б. Я быў бы гэтаму вельмі рады, - прызнаецца Файкоў.