22 верасня 2019, Нядзеля, 16:01
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«За месяц пачысціла больш бульбы, чым за ўсё жыццё»

14
«За месяц пачысціла больш бульбы, чым за ўсё жыццё»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Як 16-гадовая Ксюша працавала на летніх вакацыях.

Tut.by працягвае публікаваць матэрыялы з серыі «Як я зарабіў (-ла) летам». На гэты раз вашай увазе падаецца аповед Ксюшы Гігель з Менска - ёй 16, і яна прадавала гэтым летам марозіва. Праўда, потым школьніцы прапанавалі змяніць сферу дзейнасці. Карацей, па парадку яна сама раскажа.

- Я заўсёды хацела паспрабаваць прадаваць марозіва ў парку. І вось узімку ўжо пачала шукаць такую вакансію ў інтэрнэце. Было шмат прапаноў, але ўсё ж на адной з іх я спынілася. Там было сказана, што працаваць трэба будзе альбо ў парку Горкага, альбо Чалюскінцаў. А заробак будзе залежаць ад даходу, які я атрымаю за дзень. Гэта мне цалкам падыходзіла, і я патэлефанавала па гэтай абвестцы. Жанчына, якая падняла слухаўку, распавяла, што для пачатку мне трэба зрабіць санітарную кніжку і толькі пасля гэтага яны змогуць мяне паставіць працаваць у парку.

Санітарную кніжку я рабіла дзесьці чатыры дні: за дзень прайшла ўсіх патрэбных лекараў (калі шчыра, то я ўжо не памятаю якіх) і толькі потым, праз тры дні, ужо прыйшла забіраць яе. Атрымалася так хутка, магчыма, таму, што я рабіла гэтую даведку за грошы. Можна і бясплатна, але тут я ўжо не ведаю, колькі гэта зойме часу.

І вось надышоў дзень Х. Прадаваць марозіва я павінна была ў парку Чалюскінцаў. Хвалявалася, бо праца з грашыма - вельмі адказная, ды і рабіць трэба было не толькі марозіва, але і кактэйлі і ліманады. Але думаю, што мой першы працоўны дзень прайшоў добра, хоць і не абышлося без прыкрых сітуацый. Напрыклад, калі я рабіла кактэйль, то дадала занадта шмат вяршкоў - ён атрымаўся вельмі густым, і потым выліла гэты кактэйль міма шклянкі (мабыць, хвалявалася ну вельмі моцна!). Але ўсё ж у канцы дня я зарабіла 20 рублёў.

Я з натхненнем чакала наступны працоўны дзень. Увечары мне патэлефанавала начальніца і прапанавала папрацаваць памочнікам кухара ў дзіцячым летніку (мабыць, я ёй вельмі спадабалася). А ў дзяцінстве ў мяне была мара стаць поварам! Я вырашыла яе выканаць, таму пагадзілася. Вядома, была трохі шакаваная такой прапановай, але ў мяне не ўзнікла думкі пра тое, што мяне могуць «развесці».

Першым сюрпрызам стала тое, што на працы трэба было быць а 7 раніцы! Я ўставала а 5, таму што жыву за горадам і трэба было далёка ехаць. У першы дзень я зразумела, што памочнік повара - гэта не тое, што я сабе ўяўляла. У мае абавязкі ўваходзіла: мыццё посуду, чыстка і нарэзка ўсёй гародніны, на сняданак я рабіла бутэрброды на 300 (!!!) дзяцей, ну і часам стаяла каля пліты.

Самае прыемнае, што было ў працы, - калектыў і дні заробкаў (плацілі 150 рублёў кожны тыдзень). У лагеры на кухні працавалі чатыры чалавекі, не лічачы мяне, усе яны былі прыязнымі і пазітыўнымі, нягледзячы на тое, што ў іх такая цяжкая справа.

Але ўсё ж нават калектыў і яшчэ трохі плюсаў не прымусяць мяне вярнуцца на гэтую працу. Бо гэта вельмі цяжка: у канцы тыдня ў мяне балела ўсё цела, асабліва рукі, бо за гэты месяц я пачысціла бульбы больш, чым за ўсё сваё жыццё! Думаю, што ў наступным годзе здам усе іспыты і, можа быць, зноў уладкуюся прадаўцом марозіва.

Як бы там ні было, усё ж я рада, што правяла месяц лета з карысцю, зарабіла свае першыя грошы і атрымала жыццёвы досвед.