24 красавiка 2024, Серада, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АПЕК страчвае пакупнікоў нафты

4
АПЕК страчвае пакупнікоў нафты

Попыт на нафту картэля ўпаў на 10%.

Прагнозы сусветнага попыту на нафту становяцца ўсё больш змрочныя на фоне запаволення глабальнай эканомікі і гандлёвай вайны Кітая і ЗША.

У сераду Арганізацыя краінаў экспарцёрак нафты (АПЕК) зноў пагоршыла ацэнкі стану рынку, панізіўшы прагноз у попыце на «чорнае золата» да мінімуму за 10 гадоў, паведамляе finanz.ru.

Паводле новых разлікаў картэля, сёлета сусветнай эканоміцы спатрэбіцца толькі 1,02 млн бараляў новых дадатковых паставак. Гэта на 80 тысячаў бараляў менш, чым АПЕК чакала месяц таму, і на 280 тысячаў ніжэй за першапачатковы прагноз, дадзены ў канцы мінулага года.

Налета радыкальнага паляпшэння сітуацыі не будзе, мяркуюць у арганізацыі: прагноз-2020 зніжаны на 60 тысячаў бараляў за суткі – да 1,08 млн бараляў за дзень.

І ў гэтым, і ў наступным годзе сусветны попыт апынецца прыкметна ніжэйшы за здабычу: адны толькі ЗША наросцяць вытворчасць на 3,34 млн бараляў за суткі за два гады.

З улікам іншых, якія не ўваходзяць у АПЕК, краінаў у 2019–2020 гг. на рынак будзе выкінута 4,24 млн бараляў за дзень – удвая больш, чым спатрэбіцца сусветнай эканоміцы.

Нягледзячы на шматлікія прагнозы краху, амерыканская сланцавая індустрыя прадаўжае выцясняць з рынку нафту традыцыйных блізкаўсходніх здабытчыкаў.

Калі ў 2017 годзе АПЕК прадавала ў сярэднім 32 млн бараляў за суткі, то ў 2020 яна ацэньвае попыт на сваю нафту толькі на 29,4 млн бараляў. Сёлета ён знізіўся на 1 млн бараляў за суткі, а налета ўпадзе яшчэ на 1,2 млн, гаворыцца ў дакладзе.

Пад попытам на сваю нафту АПЕК разумее аб'ём, які трэба здабываць, каб застаўся збалансаваным, а прапанова не перавышала пастаўкі.

Гэтая дзель прадаўжае сціскацца, як шчыгрынавая скура. Лёгкая амерыканская нафта ідзе перш за ўсё ў Азію (Японію, Паўднёвую Карэю, Тайвань, Тайланд) – на традыцыйны рынак Саудаўскай Аравіі і іншых нафтавых петракратый. Азіяцкія НПЗ шмат у чым тэхнічна арыентаваныя на кандэнсат, а лёгкая сланцавая нафта вельмі блізкая яму ў шчыльнасці, тлумачаць аналітыкі ЦМД Ашчадбанка.

З 2015 года, калі ў ЗША была знятая забарона на экспарт нафты, яе пастаўкі на сусветны рынак выраслі ў 6 разоў – да 3,1 млн бараляў за суткі.

Перад АПЕК на поўны рост паўстае пытанне: што рабіць далей. Палітыка абмежавання здабычы дазваляе падтрымліваць ілюзію дабрабыту і кошты 60–70 даляраў за бараль, але яна ж ператвараецца ў пастку, з якой цяжка выбрацца – кожны год даводзіцца аддаваць усё большую і большую дзель рынку.

Налета, каб захаваць баланс, АПЕК давядзецца яшчэ мацней скараціць вытворчасць, пішуць аналітыкі IHS Markit. Паводле ацэнкі самога картэля, пры цяперашняй здабычы ў першым квартале паўстане лішак 700 тысячаў бараляў за суткі.

«Калі мы паглядзім на дзеянні АПЕК у апошнія два гады, то хоць гэта выглядае як стабілізацыя рынку, на самай справе яны дэстабілізуюць», – кажа аналітык Emirates NBD Эдвард Бэл: сланцавікі пампуюць усё больш, і ў канчатковым выніку рынак можа патануць у гэтай плыні.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках