17 верасня 2019, aўторак, 10:21
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У аэрапорце Шанхая ў беларуса выявілі 1,8 кг какаіну

12
У аэрапорце Шанхая ў беларуса выявілі 1,8 кг какаіну
ФОТА ЎЗЯТАЕ З САЙТА: SH.SINA.COM.CN

Яму пагражае смяротнае пакаранне.

Міністэрства замежных справаў Беларусі сочыць за сітуацыяй з затрыманым у Шанхаі беларусам. Кітайскія мытнікі знайшлі ў ягоным багажы 1,8 кг какаіну, паведамлялі раней мясцовыя СМІ, паведамляе tut.by.

«Грамадзянін Беларусі быў затрыманы яшчэ 31 ліпеня, пра што было паведамлена нашаму Генеральнаму консульству ў Шанхаі, – апавёў намеснік кіраўніка ўправы інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Андрэй Шупляк. – З таго моманту мы шукалі сустрэчы з гэтым чалавекам, і 20 жніўня беларускі консул наведаў яго ў СІЗА».

Консул арганізаваў тэлефонную размову затрыманага з бацькамі на радзіме, удакладніў стан ягонага здароўя і ўмовы ягонага ўтрымання ў ізалятары.

«З таго часу трымаем сітуацыю на кантролі», – дадалі ў МЗС.

Днямі мытня Шанхая паведаміла, што ў ліпені ў аэрапорце Пудун затрымалі беларуса. Ён ляцеў рэйсам з Зімбабвэ ў Кітай праз Эфіопію, але звярнуў на сябе ўвагу тым, што ў багажы вёз вопратку не на сезон: чатыры зімовыя курткі. Аказалася, што баваўняны напаўняльнік быў насычаны наркотыкам (новы метад кантрабанды), і пазней з рэчаў атрымалася вылучыць больш за 1,8 кг какаіну. Мужчына заявіў, нібыта да таго ў Маскве яго папрасілі перавезці рэчы за ўзнагароджанне, наступнай кропкай пасля Шанхая быў кітайскі Макаа, пасля чаго чакаліся далейшыя ўказанні.

Нагадаем, у Кітаі адно з самых суровых антынаркатычных заканадаўстваў у свеце. За кантрабанду і зварот наркотыкаў пагражае пакаранне ажно да смяротнай кары.