13 снежня 2019, Пятніца, 9:10
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Нафта Brent абвалілася амаль на 3% за 7 хвілінаў

Нафта Brent абвалілася амаль на 3% за 7 хвілінаў

Нафта абвалілася на паведамленнях пра планы Трампа змякчыць санкцыі супраць Ірана.

Кошты на нафту абрынуліся на вячэрнім гандлі ў сераду на паведамленнях, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасць змякчэння санкцый супраць Ірана.

Ф'ючэрсы на Brent спікіравалі на 2,6% за некалькі хвілінаў, здаўшы драбніцы росту, які рынак паказваў у першай палове дня, паведамляе finanz.ru.

Хуткасны спуск – з адзнакі 62,32 даляра за бараль на 18.40 паводле Менска да 60,64 даляра на 18.47 – адправіў рынак на мінімумы з пачатку тыдня.

Кантракты на WTI у Нью-Ёрку за той самы перыяд упалі на 1,43 даляра, або 2,5% – да 55,77 даляра за бочку.

Як паведамілі Bloomberg крыніцы ў Белым доме, палітыка ў дачыненні да Ірана стала прычынай звальнення дарадцы ў нацыянальнай бяспецы Джона Болтана, пра якое стала вядома напярэдадні.

Трамп, паводле звестак Bloomberg, выказваўся за змякчэнне санкцый супраць Ісламскай рэспублікі, каб узгадніць сустрэчу з прэзідэнтам Ірана Хасанам Рухані, падчас якой спадзяваўся заключыць угоду датычна ядзернай і ракетнай праграмы.

Ідэю падтрымаў кіраўнік Мінфіна Стывен Мнучын, які мяркуе змякчэнне санкцый спосабам аднавіць перамовы, кажуць крыніцы агенцтва. Перамовы могуць адбыцца ў канцы верасня на Генасамблеі ААН. Іншы варыянт – удзел Рухані ў двухбаковай сустрэчы Трампа з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.

Супраць Ірана з красавіка дзейнічае амерыканскае нафтавае эмбарга. У выніку здабыча іранскай нафты павалілася на 40%: калі летась Тэгеран вырабляў у сярэднім 3,5 млн бараляў за дзень, то на жнівень-2019 – толькі 2,194 млн бараляў (звесткі АПЕК).

Экспарт іранскай нафты абваліўся практычна да нуля: паводле падлікаў Reuters, заснаваных на звестках пра танкерныя перавозкі, у ліпені Тэгеран змог прадаць толькі 100 тысячаў бараляў за суткі. Іранская нафта складуецца ў танкерах, пераўтвораных у плыўныя сховішчы, якія стаяць на рэйдзе ў Персідскім заліве ў чаканні пакупнікоў.