18 красавiка 2024, Чацвер, 23:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У джунглях Амазонкі навукоўцы знайшлі закінуты горад старажытнай цывілізацыі

3
У джунглях Амазонкі навукоўцы знайшлі закінуты горад старажытнай цывілізацыі
Фота: Bernardo Oliveira

Гораду блізу трох тысяч гадоў.

Бразільскія археолагі падчас экспедыцыі ў лясах басейна Амазонкі на тэрыторыі нацыянальнага парку выявілі 3000-гадовыя рэшткі паселішчаў невядомай цывілізацыі, якая была дастаткова развітай для свайго перыяду часу.

Аб адкрыцці паведамляе Amazonas Noticias. Знаходка была зробленая ў Цэнтральнай Амазоніі. Паселішчы знаходзяцца на тэрыторыі штата Амазонас. Руіны схаваныя густымі джунглямі.

Дзіўна, але знайсці іх даследчыкам дапамаглі хронікі гішпанскага святара Гаспара дэ Карвахаля. Ён падарожнічаў па рацэ Амазонцы ў XVI стагоддзі і апісаў мноства індзейскіх вёсак.

З расказаў святара, бязлюдная цяпер мясцовасць у ягоныя часы была густа заселеная. Экспедыцыя, якая складалася з 40 даследчыкаў, пацвердзіла, што такое цалкам было магчымае. Больш за тое, навукоўцы выявілі сляды значна больш старажытнай невядомай цывілізацыі.

Датаванне паказала, што ўзрост самых старых будынкаў складае блізу 3000 гадоў. Навукоўцы адзначаюць, што гэта былі не разрозненыя вёскі, а добра спраектаваны архітэктурны комплекс.

«Мы не можам сказаць, што гэта быў толькі адзін археалагічны помнік, - кажа навуковы супрацоўнік экспедыцыі Рафаэль Лопес. - Тое, што мы ўбачылі, уяўляе сабой мноства паселішчаў, у кожнага з якіх была, магчыма, свая ўласная гісторыя, але якія былі звязаныя паміж сабой».

На тое, што цывілізацыя была развітай, указваюць сляды сельскагаспадарчых работ. Напрыклад, даследнікі выявілі гай бразільскага арэха. Ён пачынаецца на беразе ракі і цягнецца ўглыб лесу амаль на 500 метраў. За ім відавочна даглядаў чалавек.

Акрамя таго, навукоўцы знайшлі сляды перагною, які выявіўся нехарактэрным для тутэйшай мясцовасці. Гэта паказвае на тое, што перагной сюды дастаўлялі наўмысна, то бок, індзейцы даглядалі за сваімі пасадкамі.

Таксама была знойдзеная вялікая колькасць керамікі, узрост самай старой таксама можа дасягаць 3000 гадоў. Зрэшты, былі знойдзеныя вазы і пахавальныя урны розных перыядаў.

Выяўлены посуд падобны на той, што апісаў у сваіх хроніках згаданы вышэй гішпанскі святар. Для яго ўпрыгажэння старажытныя жыхары гэтых месцаў выкарыстоўвалі карычневую, чырвоную, чорную і белую фарбы.

На гэты момант навукоўцы вывучылі не больш за адзін адсотак знойдзенага археалагічнага комплексу. Так што галоўныя адкрыцці яшчэ наперадзе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках