19 верасня 2019, Чацвер, 5:58
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Дзяржаўныя СМІ ў навінах рэкламуюць бізнэс сербскіх сяброў Лукашэнкі

29
Дзяржаўныя СМІ ў навінах рэкламуюць бізнэс сербскіх сяброў Лукашэнкі
КАДРЫ З ПРАГРАМЫ "НАШЫ НАВІНЫ" НА ТЭЛЕКАНАЛЕ АНТ

АНТ і СТВ расхвальваюць сербскую кампанію Dana Holdings.

"Унікальная акцыя толькі да канца лета", "без адсоткаў і даручальнікаў", "прапанова выклікала ажыятаж", "дом адрозніваецца па камфорту і архітэктурных ідэях", "новыя стандарты будаўніцтва". Так тэлеканал АНТ у звычайным выпуску навін распавядае пра кватэры ад сербскай кампаніі Dana Holdings, якая актыўна забудоўвае Менск, паведамляе "Еўрарадыё". З вуснаў вядоўцаў не гучыць ні слова пра тое, што гэта рэклама. А так можна было?

На відавочна рэкламныя ролікі Dana Holdings у выпусках навін на тэлеканалах АНТ і СТВ паказаў палітычны аналітык Андрэй Елісееў:

- Тэлеканалы ў выпусках агульнанацыянальных вячэрніх навін прадэманстравалі саладжавыя, чыстай вады рэкламныя матэрыялы 5-хвіліннай працягласці (!) на карысць адной канкрэтнай прыватнай дэвелаперскай кампаніі (Dana Holdings), пры гэтым сюжэты не мелі ні найменшай грамадскай каштоўнасці. І ні на якім этапе ні тэлевядоўцы, ні рэпарцёры не зрабілі заўвагу пра рэкламны тып матэрыялу, гэта ніяк не было пазначанае.

Колькі каштуе 10 хвілін рэкламы на СТВ і АНТ у прайм-тайм, колькі было заплачана кампаніяй Dana Holdings за гэтыя матэрыялы, і чаму нідзе не пазначаны рэкламны тып матэрыялу? Што на гэта скажа Міністэрства антыманапольнага рэгулявання? І наогул, чаму ў выпусках агульнанацыянальных тэлеканалаў дапускаецца дзікая рэклама прыватнай кампаніі? Гэтая паслуга даступная ўсім?

Вось прыклад такога сюжэту пра Dana Holdings, які выйшаў у эфір 20 жніўня:

Рэклама ці не?

Толькі на YouTube-канале АНТ можна знайсці дзясяткі шаблонных ролікаў аб "шчаслівых навасельцах", "суперсучасных жылых комплексах" і "унікальнай растэрміноўцы на кватэры", якую прапануе кампанія сербскіх алігархаў Карычаў:

У маркетынгавай службе тэлеканала АНТ не ўтойваюць, што сюжэты Dana Holdings падчас выпуску навін - рэклама. Аднак, са слоў супрацоўніцы аддзела, заканадаўства не патрабуе гэта неяк пазначаць:

"Няма патрабаванняў, каб камерцыйныя матэрыялы на канале АНТ былі з пазнакай "Камерцыйныя матэрыялы". Калі пачытаць "Закон аб СМІ", то ў дачыненні да тэлевізіі там ёсць асаблівыя ўмовы. На жаль, нашы гледачы не ўсе валодаюць гэтай інфармацыяй, але яны не абавязаныя чытаць законы дасканала. Але літары закона мы прытрымліваемся".

Хіба можна рэкламавацца ў навінах?

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прымае бок беларускіх тэлеканалаў і кампаніі, якая на іх рэкламуецца. У адказе за подпісам міністра Уладзіміра Калтовіча паведамляецца, што "размяшчэнне (распаўсюд) рэкламы ў перадачах навін законам не забараняецца".

Таксама там называюць, якія матэрыялы абавязкова павінны быць пазначаныя як рэкламныя. Гэта тычыцца "рэкламы лекавых сродкаў, метадаў надання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння, медыцынскай тэхнікі і біялагічна актыўных дабавак да ежы". Будаўнічых паслуг у пераліку няма - значыць, і пазнака аб рэкламным характары матэрыялу не абавязковая.

На думку міністэрства, "размяшчэнне (распаўсюд) рэкламнага сюжэту ў перадачы навін на падставе дамовы паміж рэкламадаўцам і рэкламараспаўсюджвальнікам не з'яўляецца схаванай рэкламай". Значыць, усё добра!

Ці даступная такая рэклама іншым бізнэсоўцам?

У маркетынгавым аддзеле АНТ кажуць, што ніякіх асаблівых умоў для Dana Holdings няма. Проста ў сербскага забудоўніка ёсць грошы, каб аплаціць такія паслугі:

"Няма манаполіі на размяшчэнне каго-небудзь. Могуць усе кампаніі, якія маюць магчымасць фінансава за сябе адказваць. Праўда, трэба прайсці рэдактуру шэф-рэдактара праграмы навін, таму што ўсе тэмы ўзгадняюцца і не зможа выйсці ў праграме "Нашы навіны". Калі хтосьці захоча распавесці пра, напрыклад, зубную пасту, то мы, як рэспубліканскі канал, распавядаць пра яе не будзем. Але калі гаворка тычыцца забудоўнікаў, то жыллёвая тэма ва ўсе часы хвалюе нашых грамадзян".

Колькі каштуе ролік працягласцю ад 4 да 6 хвілін у выпуску праграмы "Нашы навіны" на тэму, якая хвалюе грамадзян, супрацоўніца АНТ не паведаміла.

***

Кампанія Dana Holdings належыць сербскім бізнэсоўцам братам Карычам. Драгамір Карыч з’яўляецца ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе. Бізнэсоўцы асабіста знаёмыя з Аляксандрам Лукашэнкам. У 2009 годзе беларускі дыктатар на запрашэнне братоў Карычаў пабываў на самым папулярным сербскім гарналыжным курорце Капаонік.

У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка асабіста заклаў капсулу ў падмурак комплексу "Мінск-Мір" на месцы старога сталічнага аэрапорта, права забудоўваць які сербы атрымалі ў спадчыну ад кампаніі "Ітэра" экс-мэра Масквы Юрыя Лужкова і ягонай жонкі Алены Батурынай. Акрамя "Мінск-Міру", Dana Holdings вядомая монстрыёзным будынкам на Кастрычніцкай плошчы, на месцы музея Вялікай Айчыннай вайны, і некалькімі жылымі комплексамі.