23 красавiка 2024, aўторак, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палова жыхароў Стоўбцаў не хацела даваць паказанні: Чалавек праз 13 гадоў вернецца»

29
«Палова жыхароў Стоўбцаў не хацела даваць паказанні: Чалавек праз 13 гадоў вернецца»

Суд над забойцам настаўніцы і школьніка ў Стоўбцах пакінуў шмат нявысветленых пытанняў.

Агучаны прысуд у справе аб падвойным забойстве ў стаўбцоўскай школе. 16-гадовага школьніка за забойства настаўніцы і вучня асудзіла да 13 гадоў калоніі і 110 тысячаў рублёў кампенсацыі для сям'і забітай. Гэта максімальна магчымы тэрмін пакарання, паведамляе «Белсат».

На абвяшчэнне прысуду пусцілі толькі блізкіх. Суд над 16-гадовым вучнем стаўбцоўскай школы праходзіў у закрытым рэжыме. За забойства настаўніцы і адзінаццацікласніка Вадзім М. атрымаў максімальна магчымы тэрмін.

«Быў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх асобаў з хуліганскіх памкненняў. Таксама быў прызнаны вінаватым у замаху на забойства дзвюх асобаў і асобаў, якія выконвалі грамадскі абавязак, а таксама ў злосным хуліганстве», – кажа Ягор Сітнікаў, пракурор.

У тое, што падлетак раскаяўся, муж і сын забітай настаўніцы не вераць. Арцём Пархімовіч, сын загінулай настаўніцы:

«Палова жыхароў Стоўбцаў баялася даваць паказанні. Чалавек праз 13 гадоў вернецца. Што яму перашкодзіць узяць гэты нож у рукі? Нічога!»

11 лютага 10-класнік Вадзім М. прыйшоў у школу, маючы пры сабе нож, малаток, дымавыя шашкі і петарды. Ён ударыў нажом настаўніцу гісторыі, параніў двух хлопцаў, якія спрабавалі яго спыніць, і зайшоў у суседні клас. Там ён падышоў да Аляксандра Раманава, які сядзеў за апошняй партай, нанёс яму смяротны ўдар у шыю і выбег са школы. Так карціну трагедыі, якая адбылася ў Стоўбцах, апісвае Следчы камітэт.

На пахаванне Аляксандра Раманава і Марыны Пархімовіч прыйшлі сотні людзей. Настаўніцу Вадзім забіў, бо «дастала» – так, паводле словаў маці, свой матыў падлетак тлумачыў следчым. Навошта забіў адзінаццацікласніка, Вадзім так і не апавёў.

Вячаслаў Пархімовіч, муж загінулай настаўніцы:

«Суд прайшоў, адказу няма!»

Ніхто з вучняў і настаўнікаў не падазраваў, што ціхі замкнёны хлопец можа забіць. Але трагедыі можна было пазбегнуць – мяркуюць сваякі забітай. Вячаслаў Пархімовіч, муж загінулай настаўніцы:

«Ён насіў нож цэлы месяц, і бацькі не бачылі гэтага! Давяралі дзіцяці! Ды і нож не маленькі, а – во!»

Выявіць падлетка, які хавае агрэсію, здольныя школьныя псіхолагі, сцвярджае навуковец Яўген Маліноўскі. Для гэтага ёсць праекцыйныя тэсты. Яўген Маліноўскі, кандыдат псіхалагічных навук:

«Калі падлетак або юнак на пытанне, каго ён любіць, адказвае “нікога”, калі адказвае, што ён ненавідзіць, што яму нічога не падабаецца, калі ёсць негатыўныя матывы стасункаў, то гэта перадумова для злачынства».

Пасля трагедыі ў Стоўбцах Лукашэнка абвесціў вымову міністру адукацыі, школам загадалі ўсталяваць турнікеты і выслалі інструкцыю для выяўлення экстрэмістаў. Каб трагедыя не паўтарылася, на думку псіхолага, трэба пайсці іншым шляхам.

«Каб падлетак або юнак мог свабодна выказваць свае думкі, не баючыся, што ён патрапіць пад крытыку настаўніка ці адміністрацыі. ...Даць больш месца асобе чалавека, каб ён рабіў свабодны выбар!» – кажа Яўген Маліноўскі.

Першы званок у школе нумар 2 у Стоўбцах прайшоў без дырэктаркі Аксаны Лось. 20 жніўня яна падпісала заяву аб звальненні з уласнага жадання. Настаўнікі і бацькі мяркуюць, што на яе націснуць кіраўніцтва.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках