29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Закон Мэрфі для беларускага ўрада

22
Закон Мэрфі для беларускага ўрада

Замест «лукашэнкаўскай мадэлі» нам трэба глядзець на прыклад Паўднёвай Карэі.

Сярод спецыялістаў і кіраўнікоў розных установаў прадаўжаецца абмеркаванне перспектываў развіцця краіны. Прычым, у адрозненне ад мінулых гадоў, размова ідзе на лічбах, а не на ўзроўні добрых пажаданняў. Шмат у чым таму, што Расея прадэманстравала калі не жаданне, то магчымасць кардынальна скараціць нафтагазавае падсілкоўванне беларускай эканомікі.

Вядома, і ў лёсе нафтагазавага падсілкоўвання, у яе памеры і формах яшчэ далёка не ўсё ясна: перамовы ідуць за зачыненымі дзвярыма, у каментарах афіцыйных асобаў больш прапаганды, чым матэрыялу для аналізу.

Акрамя таго, увага аналітыкаў у СМІ прыкаваная ў асноўным да ўзроўню спажывання. І амаль не аддаецца ўвагі адсутнасці рынкаў збыту, якасці вытворчага патэнцыялу і наяўнасці працоўнай сілы патрэбнай кваліфікацыі. Палітычна, у святле блізкіх выбараў, гэта зразумела, але на справе якасць прагнозаў моцна зніжае.

Выступаючы на «круглым стале» экспертаў «Беларусь-2035», міністр эканомікі Дзмітрый Круты як мэту агучыў дасягненне да 2035 г. аб'ёму ВУП $ 100–120 млрд. І паведаміў, што для гэтага патрабуюцца інвестыцыі памерам $ 10–12 млрд і тэмп росту ВУП 7,5% за год. Адкуль можа зваліцца такая мілата, не тлумачыцца.

На медыяснеданні «Беларусь-1000» дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык паведаміў, што, паводле розных сцэнараў, у 2020 г. прырост ВУП складзе 0,5–1,5%, а ў 2021 г. спыніцца. Гэта ў найлепшым выпадку, без вонкавых шокаў. І трэба рыхтавацца да падразання бюджэту.

Праўда, Чубрык звязаў гэта з праблемай рэфінансавання пазык. Маўляў, не атрымаецца рэфінансаваць – давядзецца бюджэт рэзаць. Але акрамя пазык існуе праблема коштаў на нафту і газ, праблема крэдыту на будаўніцтва АЭС, праблема тэрміновага фінансавання капітальных выдаткаў на падтрыманне інфраструктуры (масты, электрасеткі, водаправоды, інш.), на якіх 25 гадоў эканомілі. Ды і на спробу вырвацца з крызісу патрэбныя рэсурсы. Так што наўрад ці атрымаецца з рэфінансаваннем, на такі бюджэт, як сёння, мы не зарабляем. Найлепш яго скараціць загадзя.

Аднак галоўнай праблемай застаецца стан вытворчага патэнцыялу. Як у структуры, так і ў наменклатуры выпусканай прадукцыі, і ў памерах прадпрыемстваў, і ў іх тэхнічным і тэхналагічным узроўні. Да таго ж прадпрыемствы церпяць ад недакапіталізацыі, не маюць уласных сэрвісна-збытавых сетак. А ў Расеі, на нашым асноўным рынку, яны трапляюць пад адміністрацыйны націск на карысць сваіх расейскіх канкурэнтаў.

У гэтых умовах вытворчасць прамысловай прадукцыі мае (і будзе мець) тэндэнцыю да скарачэння. Як і вытворчасць сельгаспрадукцыі, дзе кожная краіна засцерагае свой рынак для сваіх. Каб зрабіць нашы прадпрыемствы ўстойлівымі, самадастатковымі на знешніх рынках, у існай наменклатуры ў краіны няма і быць не можа рэсурсаў: гэтых рэсурсаў трэба занадта шмат.

Праўда, наша Міністэрства эканомікі ганарыцца тым, што здолела «пераламаць сітуацыю ў мадэрнізацыі». Хочацца ўспомніць адзін з законаў Мэрфі: «Калі вам здаецца, што справа ідзе на лад, значыць, вы нешта не заўважылі!» Дастаткова параўнаць тэмпы абнаўлення капіталу: заходнія 14% за год і нашы 4%. Адставанне ад канкурэнтаў толькі нарастае.

Зыходзячы з вышэйвыкладзенага, можна зрабіць выснову: у рамках «беларускай мадэлі» ВУП $ 100 млрд не будзе дасягнуты ні-ко-лі. Хіба што ў выніку сусветных катаклізмаў беларускі рубель будзе каштаваць $ 5. Верагоднасць чаго без дэнамінацый вельмі малая.

З дапушчальнасцю амаль 100% нас у рамках «беларускай мадэлі» і пры захаванні цяперашняй структуры ўлады чакае павольнае, але няўхільнае падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва і ВУП. Расея з гэтым ужо часткова сутыкнулася. Будзе дэградацыя чалавечага капіталу – як за кошт міграцыі, так і за кошт падзення ўзроўню аховы здароўя і адукацыі (на існаванне якіх нават у цяперашнім выглядзе проста не будзе грошай).

Цяперашняя ўлада здольная зрабіць гэты працэс павольным, амаль незаўважным для абываталя. Але няўхільным, паколькі з кожным днём для вываду краіны на траекторыю развіцця патрабуецца ўсё больш сродкаў, усё больш кваліфікаваных кадраў. Якія няма дзе браць, паколькі на састарэлым абсталяванні, старых тэхналогіях іх не атрымаеш і не навучыш.

Дадатковым чыннікам, які перашкаджае любым спробам вырвацца з крызісу, з'яўляецца тое, што нашы кіраўнікі знізу даверху да сучаснай эканомікі не прыстасаваныя. Амерыканцы кажуць, што ў бегу ў мяшках пераможа не той, хто лепш бегае, а той, хто лепш бегае ў мяшках. Тое, што чалавек адпавядаў патрабаванням «беларускай мадэлі», не азначае, што ён зможа эфектыўна працаваць у іншых умовах.

Становішча ў эканоміцы краіны цяжкае, але не безнадзейнае. Пакуль. Натхняльным прыкладам для нас можа быць Карэя. Якая з аграрнай глухмені за нейкія 30 гадоў ператварылася ў аднаго з сусветных лідараў. Без прытокаў прыроднай рэнты і пры абмежаваным уплыве замежнага капіталу. У нас усё ж стартавыя ўмовы нашмат лепшыя. Засталося выкарыстоўваць іх з толкам і працаваць. А як папрацуеш, так і жыць будзеш.

Аляксандр Абуховіч, «БелГазета»

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках