28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Без беленай цэлюлозы: Гісторыя няўдачы кітайскага праекта ў Светлагорску

12
Без беленай цэлюлозы: Гісторыя няўдачы кітайскага праекта ў Светлагорску
ФОТА: «НЯМЕЦКАЯ ХВАЛЯ»

Прычыны фіяска праекта даўно вядомыя.

Канцэрн "Беллеспаперапрам" самастойна закончыць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы ў беларускім Светлагорску. Пра прычыны фіяска кітайскага праекта на 850 млн даляраў апавядае "Нямецкая хваля".

Шырока разрэкламаваны ўладамі Беларусі інвестыцыйны праект – будаўніцтва ў Светлагорску завода беленай цэлюлозы, за якое ў якасці генпадрадніка ўзялася кітайская кампанія China CAMC Engineering Co., – праваліўся.

Кошт праекта складаў блізу 850 мільёнаў даляраў, з іх 654 мільёны прыходзіцца на крэдыт, вылучаны ўраду Беларусі Экспартна-імпартным і Індустрыяльна-камерцыйным банкамі Кітая. 15 жніўня канцэрн "Беллеспаперапрам" распаўсюдзіў заяву, што будзе заканчваць будаўніцтва завода самастойна.

Завод беленай цэлюлозы так і не выйшаў на праектную магутнасць

Новы завод было пастаноўлена пабудаваць на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК (цэлюлозна-кардонны камбінат)" – прадпрыемства, якое ўжо 50 гадоў перапрацоўвае драўняную сыравіну ў гафрыраваны кардон. У 2012 годзе ўзвядзенне цэхаў завода пачалося наўпрост за плотам ЦКК. Праз тры гады спробны пуск апынуўся няўдалым і было пастаноўлена перанесці дату адкрыцця на 2017 год.

Але і другая спроба не прывяла да поспеху – год таму Светлагорск накрыў едкі непрыемны пах, які непакоіць гараджанаў цяпер рэгулярна. З тых часоў завод так і не здолеў атрымаць заяўленую прадукцыю – сыравіна для гатункаў паперы найвышэйшай якасці – і выйсці на праектную магутнасць.

Сітуацыя на гэты момант выглядае наступным чынам. Аўстрыйскае і фінскае абсталяванне змантаванае кітайскімі спецыялістамі, бетонныя пляцоўкі пад ім залітыя, агрэгаты падлучаныя. Завод ад пусканаладачных працаў нават перайшоў да доследна-прамысловай вытворчасці, але да гэтага часу не было атрымана ні грама беленай цэлюлозы, апавядае Ганна Сомава.

Кітайскія працоўныя паклалі не той кабель?

Да пенсіі Сомава працавала санітарным лекарам светлагорскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а цяпер стала актывісткай грамадскай ініцыятывы, удзельнікі якой займаюцца абаронай навакольнага асяроддзя.

Апошні выкід шкоднага газу, адзначае яна, здарыўся ў Светлагорску ў мінулую нядзелю, 8 верасня. Гэта значыць, што зноў была зробленая спроба адбяліць цэлюлозу сульфатным метадам. Для гэтага выкарыстоўваецца хлор, які пры варэнні драўніны вылучае злучэнні меркаптаны. Гэты пах вядомы ўсім. Газавікі дадаюць ягоную мінімальную колькасць, каб вызначыць выцечку побытавага газу, але ў вялікіх канцэнтрацыях ён выклікае ўдушша.

Прычыны фіяска праекта, кажа прадстаўніца праваабарончага цэнтра "Вясна" Алёна Маслюкова, даўно вядомыя. У 2015 годзе завод не атрымалася запусціць праз неналежную якасць сілавога кабелю, выкладзенага кітайскімі працоўнымі.

China CAMC Engineering Co. пагадзілася яго замяніць, але зрабіла гэта толькі на адкрытым грунце, а пад бетоннымі пляцоўкамі – не. У выніку пры павелічэнні магутнасці агрэгаты адразу ж выходзяць з працы. І гэта толькі адзін прыклад няякасных працаў, мяркуе праваабаронца. Сёння новы завод працуе толькі на 40–50% ад заяўленых магчымасцяў.

Роўна год таму, успамінае Маслюкова, адміністрацыя прадпрыемства наладзіла актывістам-эколагам экскурсію і пазнаёміла з вытворчым цыклам. На самай справе прадукцыю завод вырабляе і прадае, канстатуе яна. Толькі атрымліваецца не беленая цэлюлоза, дзеля якой з улікам усіх уліванняў выдаткаваны амаль мільярд даляраў, а танная кардонная.

Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску – "залаты"

Над ўездзе на новы завод ужо дэмантаваныя ўсе шыльды. Пра тое, што тут некалі былі кітайскія спецыялісты, сведчыць толькі пакуль не зафарбаваны лагатып кампаніі China CAMC Engineering Co. на прахадной для тэхперсаналу. Якую стратэгію абярэ далей кіраўніцтва прадпрыемства, высветліць не атрымалася. Намеснік дырэктара ЦКК у ідэалагічнай працы Сяргей Гарбачоў ад каментароў катэгарычна адмовіўся, а ў прыёмнай увесь час уключаўся факс.

Колькі сродкаў яшчэ неабходна для заканчэння праекта, немагчыма сказаць без азнаямлення з аўдытам прадпрыемства і бізнэс-планам. Пакуль вядома, што прэзідэнт Лукашэнка падоўжыў тэрмін рэалізацыі інвестпраекта да 2028 года. Але калі ўлічыць, якія адсоткі будуць выплачвацца ў крэдытах, завод рызыкуе стаць "залатым".

З самага пачатку яго будавалі падманным чынам, мяркуе былы супрацоўнік раённай экалагічнай інспекцыі Андрэй Смалянчук. Кітайскія інвестары выбралі далёка не "перадавую сусветную тэхналогію", як напісана на рэкламных стэндах. Падчас публічнага абмеркавання праекта сем гадоў таму, успамінае Смалянчук, на сустрэчы з чыноўнікамі прысутнічала сям'я, якая пераехала ў Светлагорск з Архангельска, дзе працуе аналагічны завод. Ужо тады яны папярэджвалі пра будучую экалагічную катастрофу.

Але ўлады ў тым выпадку нібыта не вялі пратакол паседжання. А каб інвестыцыйныя дакументы не супярэчылі Архускай канвенцыі, пазней правялі паўторнае слуханне, на якое ўваход быў паводле спісаў. "Палітыка ўтойвання інфармацыі пра рэальны стан прадпрыемства доўжыцца дагэтуль", – падвёў вынік Андрэй Смалянчук.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках