25 красавiка 2024, Чацвер, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка рызыкуе заблытацца ў прыярытэтах

9
Лукашэнка рызыкуе заблытацца ў прыярытэтах

Дыктатар не зможа сказаць Маскве «не», калі Расея захоча размясціць у нашай краіне ракеты.

Лукашэнка заяўляе, што расейска-беларускія дачыненні з'яўляюцца прыкладам для пераймання, а іх «развіццё і паглыбленне» – «безумоўны прыярытэт беларускай замежнай палітыкі». Экспэрты, якія прааналізавалі замежную палітыку краіны, сцвярджаюць, што куды больш важная задача для беларускіх уладаў - захаваць баланс узаемастасункаў паміж Захадам і Усходам, піша «Независимая газета».

«Ваша краіна - гэта асноўны стратэгічны партнёр і хаўруснік Беларусі, а дачыненні нашых брацкіх народаў змацаваныя вузамі дружбы, добрасуседства і самай цеснай, часам з крывавымі старонкамі, нашай агульнай гісторыяй», – заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 верасня падчас прыёму даверчай граматы пасла Расеі ў Менску Дзмітрыя Мезенцава. У сувязі з гэтым «развіццё і паглыбленне шматпланавых двухбаковых сувязяў з Расеяй - безумоўны прыярытэт беларускай замежнай палітыкі», - дадаў ён.

Такія прыярытэты не азначаюць, што Беларусь будзе будаваць стасункі з Расеяй на шкоду ўзаемадзеянню з іншымі краінамі-суседзямі. «Мы нацэленыя на выбудоўванне добрасуседскіх і прагматычных дачыненняў з Еўрапейскім Звязам, якія не мяркуюць выбару паміж Усходам і Захадам», – сказаў ён у звароце да новага кіраўніка прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дзірка Шубеля.

Са слоў Лукашэнкі вынікала, што менавіта захаванне такога балансу дазваляе краіне выступаць у якасці пасярэдніка ва ўрэгуляванні рэгіянальных канфліктаў. Больш таго, дазваляе прэтэндаваць і на ўдзел у міжнародным дыялогу. «Рознагалоссі ключавых сусветных гульцоў у сферы кантролю над узбраеннямі зноў абвастраюць актуальнасць выпрацоўкі новых падыходаў у забеспячэнні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і тым самым запатрабаванасць беларускай ініцыятывы аб аднаўленні адпаведнага міжнароднага дыялогу» – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Экспэрты ў каментары апошніх замежнапалітычных дзеянняў і заяваў афіцыйнага Менска, усё больш звяртаюць увагу на вымушаны характар такой пазіцыі Беларусі, якая выявілася праз шэраг акалічнасцяў у эпіцэнтры сутыкнення інтарэсаў моцных сусветных гульцоў - Расеі і ЗША. Нядаўнія візіты высокапастаўленых чыноўнікаў гэтых краін ажывілі дыскусію на тэму складанага замежнапалітычнага выбару афіцыйнага Менска.

Нагадаем, 29 жніўня Менск наведаў цяпер былы памочнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан. Дональд Трамп яго звольніў амаль адразу па вяртанні, аднак, на думку большасці аналітыкаў, гэта ніяк не паўплывае на дачыненні Менска і Вашынгтона. Затым 10 верасня ў беларускую сталіцу наведаўся сакратар Савета бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў. Афіцыйныя паведамленні ў абодвух выпадках даволі скупыя і дыпламатычныя. Амерыканскі чыноўнік прызнаўся, што ні аб чым канкрэтным з Аляксандрам Лукашэнкам яны не дамовіліся, але пагаварылі пра ўсё. Сустрэчу ён ацаніў як важную.

Мікалай Патрушаў не ўтойваў, што абмяркоўваліся «новыя выклікі і пагрозы» рэгіянальнай бяспекі, і, прынамсі, размяшчэнне амерыканскіх ракет ва Усходняй Еўропе. «Ракеты, якія будуць там размешчаныя, дастаюць нашу тэрыторыю. Мы павінны гэта ўлічваць», – цытуе інфармагенцтва БелТА словы кіраўніка расейскага Савета бяспекі.

Беларускія экспэрты мяркуюць, што і Болтана, і Патрушава магло цікавіць адно і тое ж пытанне: ці гатовы Аляксандр Лукашэнка да таго, каб размясціць на сваёй тэрыторыі расейскія ракеты? «Думаю, Лукашэнку будзе вельмі цяжка адмовіцца ад размяшчэння ў Беларусі расейскіх ракетных узбраенняў», – разважае з гэтай нагоды беларускі вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін.

Пры гэтым ён не ўпэўнены, што Менск не зможа сказаць Маскве «не». «Мы не можам сказаць, што Беларусь ператвараецца ў плацдарм для расейскіх узбраенняў – пакуль рыхтуецца ўсё неабходнае. Вядома, Лукашэнка хоча гэтага менш за ўсё, але на яго вядзецца падвойны ціск: палякі з амерыканцамі - з аднаго боку, расейцы - з другога. Лукашэнку будзе вельмі цяжка выстаяць», – мяркуе экспэрт.

Успомнім, у якім рэзкім тоне Лукашэнка адмовіўся ў 2015 годзе ад расейскай авіябазы, пры тым што Уладзімір Пуцін ужо падпісаў загад правесці перамовы на гэты конт. Няцяжка здагадацца, што беларускае кіраўніцтва не гарыць жаданнем размяшчаць і расейскія ракеты.

На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, у выпадку з'яўлення ў Беларусі расейскіх ракет краіна, па-першае, сама становіцца мішэнню, што не можа падабацца нікому. Па-другое, гэта разбурыць старанна выбудаваны вобраз Беларусі як міратворца. Па-трэцяе, сапсуюцца зусім яшчэ кволыя стасункі з суседнімі краінамі і Захадам агулам. Ну і, нарэшце, гэта пагроза інкарпарацыі Беларусі, на якую неаднаразова намякаў Аляксандр Лукашэнка і аб якой проста кажуць экспэрты. Пакуль гэтая пагроза выяўляецца патрабаваннем «паглыблення інтэграцыі», і Беларусь прыкладае ўсе намаганні, каб адвесці яе ў эканамічную вобласць.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках