19 сакавiка 2024, aўторак, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Загадкавы візіт арабскага шэйха

37
Загадкавы візіт арабскага шэйха
ФОТА: REUTERS

Дачыненні Беларусі з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі выглядаюць даволі дзіўна.

Менск упершыню наведаў наследны прынц Абу-Дабі, намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян.

Вонкава дачыненні Беларусі з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі выглядаюць даволі дзіўна. Гэтая краіна мае статус блізкага сябра, важнага партнёра, хоць, на першы погляд, ніякіх відавочных падставаў для гэтага няма. ААЭ - краіна багатая, дзякуючы вялікім запасам нафты, але не сказаць, каб вельмі ўплывовая. Ідэалагічнай блізкасці ніякай няма.

Эканамічнае супрацоўніцтва адбываецца на даволі нізкім узроўні. У 2018 годзе ўзаемнае тавараабарачэнне склала 72,3 даляраў, з якіх 58 млн прыпалі на беларускі экспарт, 14,3 млн - на імпарт. Гэта зусім няшмат. Летась у Беларусь з ААЭ паступіла 44 млн даляраў наўпроставых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Тут зарэгістраваныя 27 арганізацый з удзелам эмірацкага капіталу. Нядрэнна, але не настолькі, каб надаваць гэтай краіне такую пільную ўвагу.

А яна сапраўды надзвычайная. Варта адзначыць, што арабскага госця прымалі ў Беларусі на ўзроўні, на якім прымаюць кіраўнікоў дзяржаў падчас афіцыйных візітаў: з аркестрам, які выконваў нацыянальныя гімны, дывановай дарожкай, ганаровай вартай. Хоць шэйх, паводле традыцыі, павінен стаць толькі будучым прэзідэнтам ААЭ. На перамовах спадчыннага прынца з Лукашэнкам з беларускага боку прысутнічалі міністр замежных спраў Уладзімір Макей, памочнік Лукашэнкі ў нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын. Узровень прыёму занадта высокі для статусу госця.

Трэба звярнуць увагу, што, паводле інфармацыі беларускіх незалежных СМІ, менавіта гэтаму дзеячу з ААЭ належыць фірма, якая, згодна з указам Лукашэнкі, атрымала ў валоданне два гектара паляўнічых угоддзяў непадалёк ад Лагойска.

Лукашэнка шэсць разоў наведваў ААЭ. Прычым, тры апошнія ваяжы прадаўжаліся не менш за тыдзень. У 2014 годзе нават паведамлялася, што каманда кіраўніка Беларусі правяла хакейны матч з «камандай ветэранаў хакея Эміратаў» (!). У 2017 годзе паездка Лукашэнкі доўжылася рэкордныя 12 дзён, і гэта было самае доўгае знаходжанне дыктатара за межамі Беларусі. І, дарэчы, ён там, як правіла, сустракаўся з тым жа Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам. То бок, у іх даволі добрыя асабістыя стасункі.

Не сакрэт, што ААЭ - даўні спажывец прадукцыі ВПК Беларусі. Не выпадкова туды рэгулярна ездзіць з нейкімі далікатнымі місіямі памочнік Лукашэнкі ў нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка.

У СМІ была інфармацыя, што створаная беларускім алігархам Уладзімірам Пефціевым у Абу-Дабі фірма BelTechExport FZE, якая з'яўляецца даччынай кампаніяй «Белтэхэкспарту» (экспарт зброі), у 2017 годзе ўклала кантракт з Узброенымі сіламі ААЭ на абслугоўванне вайсковай тэхнікі на суму блізу 30 млн даляраў. У Эміраты пастаўлялася аўтамабільная тэхніка, сістэмы навядзення ўзбраення, оптыка. Беларусь надае ААЭ дапамогу ў вытворчасці беспілотнай авіятэхнікі і лёгкай колавай бронетэхнікі.

Ёсць падазрэнне, што гэты гандаль зброяй не паказваецца ў афіцыйнай статыстыцы. Той факт, што грошы ад гандлю зброяй ідуць не ў дзяржаўную казну, прызнаў у 2007 годзе міністр фінансаў Беларусі Мікалай Корбут падчас адказу ў «парламенце» на пытанні «дэпутатаў». У гэтым жа быў вымушаны прызнацца і сам Лукашэнка падчас «прэзідэнцкай выбарчай кампаніі» 2006 года, калі адзін з кандыдатаў, Аляксандр Казулін, абвінаваціў дыктатара ў прысваенні гэтых сродкаў і задаў пытанне: «Дзе грошы, Саша?». І той быў вымушаны апраўдвацца, даводзіць, што ён гэтыя грошы накіраваў на мадэрнізацыю ўзбраенняў для беларускага войска, а таксама для падтрымкі банкаўскай сістэмы, будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў.

Магчыма, гэта тлумачыць супярэчнасць паміж вельмі прыязнымі стасункамі Лукашэнкі з Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам і сціплымі афіцыйнымі паказчыкамі эканамічных дачыненняў.

Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках