20 красавiка 2024, Субота, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правал расейскіх спецслужбаў у Берліне: з'явілася новая інфармацыя

4
Правал расейскіх спецслужбаў у Берліне: з'явілася новая інфармацыя

Стала зразумела, што ў гэтай справе прысутнічаюць закулісныя фігуры.

Пасярод парку Малы Тыргартэн у Берліне ў жніўні быў забіты чачэнец. «Паводле інфармацыі Süddeutsche Zeitung, а таксама тэлерадыёкампаній NDR і WDR, нямецкія спецслужбы правяраюць цяпер звесткі, пададзеныя адной з замежных спецслужбаў, пра сапраўднае імя забойцы. Зразумела, што ў гэтай справе павінны прысутнічаць закулісныя фігуры. Ці стаіць за забойствам Крэмль?» - задаюцца пытаннем журналісты Фларыян Фладэ, Георг Маскола і Ронен Штайнке (пераклад - inopressa.ru).

«На сваёй радзіме забіты быў свайго кшталту народным героем, ён ваяваў у чачэнскай вайне супраць расейскага войска і нібыта ўзначальваў баявое падраздзяленне. Потым ён жыў у Берліне ў якасці суіскальніка статусу бежанца, у якім яму адмовілі. Кажуць, ён жыў у страху перад помстай расейцаў», - нагадвае выданне.

Відавочна, гаворка ідзе пра заказное забойства. «Меркаваны забойца заехаў у ЕЗ з расейскім пашпартам, выдадзеным на фіктыўнае імя Вадзіма Андрэевіча Сакалова, які нарадзіўся ў 1970 годзе ў сібірскім Іркуцку. Такога чалавека не існуе, у гэтым нямецкія спецслужбы перакананыя. Паводле інфармацыі Süddeutsche Zeitung, NDR і WDR, яны правяраюць інфармацыю замежнай службы пра сапраўднае імя мужчыны. Таксама правяраецца інфармацыя аб тым, што ён ужо сядзеў у турме ў Расеі паводле абвінавачвання ў заказным забойстве», - паведамляе выданне.

«Існуе падазрэнне, што кілера ў Берлін адправіла Расея. Амерыканскі ўрад ўжо распаўсюдзіў свае здагадкі на гэты конт праз газету The Wall Street Journal. Урад ФРГ дэманструе спакой, паказваючы, што расследаваннем справы павінна займацца юстыцыя. Напраўду, крайняя турбота, выкліканая сітуацыяй, дайшла і да ўстановы канцлеркі. Калі высветліцца, што за забойствам стаіць Крэмль, «мы будзем вымушаныя адрэагаваць вельмі, вельмі жорстка», сказаў адзін з чальцоў урада», - паведамляе выданне.

Пакуль расследаваннем справы займаецца 7-я камісія Берлінскай управы крымінальнай паліцыі - як у выпадку са звычайным забойствам, а не забойствам, звязаным са спецслужбамі або зусім дзяржаўным тэрарызмам.

«Паслугамі «Вадзіма Сакалова» маглі скарыстацца не толькі дзяржорганы, і не толькі яны ў карумпаванай Расеі маглі выпусціць для яго пашпарт на фіктыўнае імя. Таксама і іншыя асобы маглі забяспечыць яго грашыма, пры ім было больш за 3 тысячы еўраў гатоўкі». Ровар, які падазраваны адразу пасля забойства выкінуў у раку Шпрэе, каштуе некалькі тысяч еўраў, і электрасамакат, на якім ён збіраўся ўцячы, таксама не быў арандаваным, паказваюць журналісты.

«Чалавек, які называе сябе «Вадзімам Сакаловым» і які нібыта пражывае ў Санкт-Пецярбургу, так мэтанакіравана перасоўваўся па Еўропе, быццам у яго былі дакладныя інструкцыі. Характэрна, напрыклад, тое, што пасля прыбыцця ў аэрапорт Парыжа, да ўчынення забойства, ён на кароткі час паехаў у Варшаву, да 20 жніўня ён зарэзэрваваў сабе нумар у гатэлі. І пасля злачынства ён спачатку зноў збіраўся паехаць у Варшаву, як сказаў ён сам, перш чым адмовіўся даваць следчым крымінальнай паліцыі далейшыя паказанні».

«Аднак, следчыя разглядаюць розныя версіі адносна тых, хто мог замовіць забойства. (...) Магчыма, кілер і сам не ведае, хто яны. Яны маглі гутарыць з ім праз пасярэднікаў», - гаворыцца ў артыкуле.

«Магчыма таксама, што сапраўдныя заказчыкі наўмысна хацелі пракласці след у Маскву, каб справакаваць новую сварку паміж Расеяй і Еўропай. З пункту гледжання Федэральнай выведвальнай службы, Масква цяпер наўрад ці можа быць зацікаўленая ў эскалацыі. Дарэчным цяпер хутчэй з'яўляецца паслабленне напружанасці, гаворка ідзе пра магчымае змякчэнне антырасейскіх санкцый, нядаўна адбыўся абмен палоннымі ва Украіне. У парушэнні гэтага працэсу маглі б быць зацікаўленыя не толькі праціўнікі Расеі на Каўказе ці ў іншых рэгіёнах. Некаторыя службовыя асобы з падазрэннем назіраюць за тым, як нахабна ўдзельнічаюць у гэтай справе ЗША», - адзначаюць аўтары артыкула.

«Пакуль усё ўяўляецца магчымым: матыў, звязаны са злачыннасцю, акт помсты - ці забойства, замоўленае дзяржавай. (...) У кожным выпадку было б ганебным, калі б урад цяпер адкрыта абвінаваціў Маскву і зрабіў бы высновы - а потым сувязь «Вадзіма Сакалова» са спецслужбамі зусім не была б даведзеная», - піша Süddeutsche Zeitung.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках