18 красавiка 2024, Чацвер, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск «засвяціўся» на пастаўках санкцыйнай гарэлкі для Кім Чэн Ына

5
Менск «засвяціўся» на пастаўках санкцыйнай гарэлкі для Кім Чэн Ына

Афіцыйная статыстыка гэтыя лічбы ўтойвае.

Менскі завод вінаградных він (МЗВВ) адмаўляе пастаўкі гарэлкі ў КНДР. Кампанія згадваецца ў дакладзе экспэртаў ААН, якія сочаць за выкананнем санкцый супраць паўночнакарэйскай дыктатуры.

Гарэлка належыць да прадметаў раскошы і забароненая да паставак у Паўночную Карэю, якая знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі ў сувязі адмовай спыніць далейшую распрацоўку ракетна-ядзернай праграмы, пішуць naviny.by.

Ліпень 2018 года

Першы раз партыю беларускай гарэлкі, якая, як меркавалася, прызначалася для пастаўкі ў КНДР, затрымалі Нідэрланды ў ліпені 2018 года. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай у сакавіку гэтага года справаздачы групы экспэртаў пры Камітэце ў санкцыях Рады бяспекі ААН.

Як вынікае з накладных дакументаў да канфіскаванай партыі, вырабленая ў Беларусі гарэлка прызначалася для кітайскай кампаніі Liaoning Danxing International Forwarding. У дакументах таксама фігуруе кітайская кампанія Transit Prime International Logistics, якая мае той жа нумар тэлефона і адрас, што і Liaoning Danxing. Гэтую фірму падазраюць у пастаўцы лімузінаў Mercedes-Benz у КНДР. Яна з'яўляецца экспедытарам, але не канчатковым атрымальнікам грузу.

Пакупніком гарэлкі, як высветлілі экспэрты ААН, выступала прадпрыемства Noble House LLC. Затрыманая прадукцыя была прададзеная гэтай кампаніі беларускім вытворцам. Экспэрты напісалі ліст Noble House з просьбай падаць усю карэспандэнцыю і фінансавыя справаздачы аб угодах. Кампанія не дала яе, але адказала, што канчатковым атрымальнікам грузу з'яўляецца Кітай і што гэтая гарэлка прызначалася для продажу праз «інтэрнэт-крамы».

Noble House таксама паведаміла прозвішча і імя фізічнай асобы, адрас яе асабістай электроннай пошты і нумар тэлефона, паказаўшы, што гэта асоба была яе «гандлёвым партнёрам» у Кітаі. Ні гэта асоба, ні кампаніі Transit Prime International Logistics і Liaoning Danxing International Forwarding не адказалі на запыты групы, сказана ў справаздачы экспэртаў ААН.

Лістапад 2018 года

Другі раз пра затрыманне беларускай гарэлкі гаворыцца ў справаздачы, апублікаванай у жніўні гэтага года. У гэты раз названыя аб'ёмы і сума пастаўкі.

Гаворка ідзе пра партыю 15 600 бутэлек на суму 14 160 даляраў. Яна была затрыманая 20 лістапада 2018 года. «Вытворца быў тым жа, што і пры папярэдняй канфіскацыі гарэлкі, якая расследавалася групай у 2018 годзе», - адзначана ў справаздачы.

У канфіскаваных дакументах атрымальнікам гарэлкі была паказаная кампанія Hongkong Jieming Industrial Co. Limited. У якасці аплатнікаў у дадатку да дамовы дададзенае Сінгапурскае кадравае агенцтва Aspen Resources Pte Ltd. Уладальнік кампаніі Сай Кэон Чэан адказаў экспэртам ААН, што аплата ў суме 14 160 даляраў была праведзеная для куплі чырвонага віна на просьбу знаёмай, вядомай яму толькі як «спадарыня Лі».

Аднак сума аплаты і спасылачны нумар аплаты, названыя ў пацверджанні аплаты, дакладна такія ж, як і ў дамове на пастаўку гарэлкі, адзначылі экспэрты ААН. Акрамя таго, адрас электроннай пошты ў гэтым дакуменце сведчыць, што адна з іншых кампаній сінгапурскага бізнэсоўца, Mekong International Pte Ltd, выкарыстоўвалася для ажыццяўлення гэтай аплаты ад яго імя. У пацверджанні аплаты бенефіцыярам паказаны Менскі завод вінаградных він (МЗВВ).

«Я першы раз пра гэта чую. Не было такога. Мы не пастаўляем гарэлку ў КНДР», - сказаў БелаПАН кіраўнік экспартнага аддзела МЗВВ Дзяніс Маслянкоў.

У ААН адмовіліся падаць дадатковую інфармацыю аб справаздачах.

«Мы праверылі, і каардынатар групы экспэртаў паведаміў нам, што няма ніякай дадатковай інфармацыі, якой група можа падзяліцца, акрамя той, якая змяшчаецца ў справаздачах», - паведаміў БелаПАН намеснік афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара ААН Фархан Хак.

МЗВВ займаецца вытворчасцю вінаградных вінаў, лікёра-гарэлачных вырабаў, сідру і безалкагольных напояў на заводах у Менску і Берасці. Завод падкантрольны ўладальнікам ТАА «Еўрагандаль» (сетка магазінаў «Еўраопт») Уладзіміру Васілька і Сяргею Літвіну, якія ўваходзяць у дваццатку найбольш паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі.

У афіцыйнай статыстыцы гарэлкі няма

У 2018 Беларусь нічога не экспартавала ў КНДР, а толькі імпартавала з гэтай краіны. За мінулы год аб'ём імпарту склаў 72,6 тысячы даляраў - у асноўным гэта былі вырабы з пластмасы (22 тысячы даляраў) і лекі (17,3 тысячы даляраў).

Сёлета сітуацыя памянялася. За першыя шэсць месяцаў Беларусь экспартавала ў КНДР прадукцыі на 19,9 тысячы даляраў, а імпартавала на 0,8 тысячы даляраў. У Паўночную Карэю пастаўляліся толькі лекі, а ў Беларусь адтуль завозіліся толькі бясшвовыя трубы з чорных металаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках