25 красавiка 2024, Чацвер, 5:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забойства чачэнца ў Берліне: Выведка ЗША выйшла «на след» Крамля

7
Забойства чачэнца ў Берліне: Выведка ЗША выйшла «на след» Крамля
ПІСТАЛЕТ GLOCK 26, З ЯКОГА БЫЎ ЗАСТРЭЛЕНЫ ЗЕЛІМХАН ХАНГАШВІЛІ, ЗАБОЙЦА КІНУЎ ПОБАЧ З МЕСЦАМ ЗЛАЧЫНСТВА Ў РАКУ ШПРЭЕ

Новыя дэталі гучнай справы.

Улады ў Расеі ўсё яшчэ не ведаюць, ці з'яўляецца яе грамадзянінам чалавек, які расстраляў 23 жніўня былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі ў цэнтры Берліна.

Інфармацыя пра падазраванага, які знаходзіцца ў следчым ізалятары, удакладняецца праз дыпламатычныя каналы, пацвердзілі DW у пракуратуры Берліна і ў амбасадзе РФ у Нямеччыне.

Мужчына, затрыманы праз падазрэнне ў забойстве чачэнца з грузінскім пашпартам, заехаў на тэрыторыю Еўразвязу з сапраўднымі расейскімі дакументамі. Прадстаўнік амбасады РФ у Нямеччыне не змог на просьбу DW ні пацвердзіць, ні аспрэчыць факт расейскага грамадзянства падазраванага.

Пашпарт меркаванага кілера выпісаны на імя Вадзіма Андрэевіча Сакалова, які нарадзіўся ў 1970 годзе ў Іркуцку. Але следчыя ўпэўненыя, што гэта не сапраўднае імя меркаванага забойцы Хангашвілі, які ўдзельнічаў у другой чачэнскай вайне на баку сепаратыстаў і вышукваўся ў Расеі паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Шэраг нямецкіх выданняў увечары ў чацвер, 12 верасня, паведаміў, што выведка ЗША вызначыла сапраўднае імя і некаторыя дэталі біяграфіі затрыманага. 48-гадовы расеец, паводле звестак амерыканскіх спецслужбаў, працаваў у структурах МУС РФ, а ў пачатку нулявых гадоў быў асуджаны паводле справы аб заказным забойстве. Незадоўга да паездкі ў ЕЗ яго, нібыта, выпусцілі на волю.

Узорны зняволены

Меркаваная наяўнасць турэмнага досведу ў "Сакалова" пацвярджаецца ўражаннямі ягоных берлінскіх ахоўнікаў: "Узорны зняволены", – заўважылі ў пракуратуры Берліна ў размове з DW.

Неафіцыйна следчыя называюць заказное забойства галоўнай версіяй злачынства. Сам абвінавачваны ў забойстве Хангашвілі адказваць на пытанні адмовіўся.

На чачэнца з Панкіскай цясніны, які меў грузінскі пашпарт на імя Торніке Каўтарашвілі, здзяйсняліся замахі і раней, апошні – у 2015 годзе ў Грузіі. Як апавяла карэспандэнтам DW жонка забітага Манана Цаціева, яна і яе муж увесь час атрымлівалі пагрозы. "Калі Зелімхану пашанцавала першы раз, што ён застаўся жывы, наступны раз мы не дамо яму сысці жывым". Такое, напрыклад, паведамленне прыйшло ёй праз WhatsApp. Паводле словаў Мананы, пагрозы прыходзілі на "чыстай расейскай мове".

ЗША мяркуюць, што заказчык забойства – Расея, і ўпэўненыя, што выканаўца атрымаў пашпарт на імя Сакалова пры спрыянні ўладаў. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў Вашынгтоне паведаміла выданне The Wall Street Journal. У Крамлі катэгарычна адпрэчваюць абвінавачванні ў дачыненні расейскай дзяржавы да злачынства.

Берлін "гучна маўчыць" пра рэзананснае забойства

Дэманстрацыйнае забойства сярод белага дня выклікала ў Нямеччыне рэзананс: яго часта параўноўваюць са справай Скрыпаляў – замахам на расейска-брытанскага агента Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію ў брытанскім Солсберы ў сакавіку 2018 года. Афіцыйныя ўлады Нямеччыны дагэтуль сцісла каментуюць сітуацыю, спасылаючыся на неабходнасць расследаваць акалічнасці справы.

"Гучнае маўчанне ўрада ФРГ" крытычна пракаментаваў у Twitter Канстанцін фон Нотц (Konstantin von Notz), дэпутат бундэстага і чалец парламенцкай кантрольнай камісіі, якая назірае за працай спецслужбаў ФРГ. На самай справе ва ўрадзе ФРГ сур'ёзна занепакоеныя, паведамілі журналісты шэрагу нямецкіх выданняў. Калі пацвердзіцца версія, што за забойствам Хангашвілі, шукальніка ў Нямеччыне прытулку, стаяць расейскія спецслужбы, "нам давядзецца вельмі, вельмі жорстка рэагаваць", цытуюць неназванага прадстаўніка ўрада газета Süddeutsche Zeitung і тэлерадыёкампаніі NDR і WDR.

Нароўні з занепакоенасцю ў Берліне і здзіўляюцца, перадаюць настроі ва ўрадзе Нямеччыны нямецкія журналісты: Маскву крыніцы ў Берліне ўважаюць зацікаўленай у разрадцы вонкавапалітычнай напружанасці, паказваюць на нядаўні абмен палоннымі з Украінай. МЗС і Федэральная выведвальная служба Нямеччыны (BND) нібыта зыходзяць нават з магчымасці хуткага паслаблення санкцыяў і вяртання Расеі ў "вялікую васьмёрку", а таму сумняваюцца, што Крэмль мог паставіць крыж на такіх перспектывах, аддаўшы каманду на ліквідацыю непажаданага чалавека за мяжой.

Следства ў берлінскім забойстве пакуль знаходзіцца ў кампетэнцыі берлінскіх уладаў. Але не выключана, што гэтай справай зоймуцца Федэральная пракуратура Нямеччыны і Федэральная ўстанова крымінальных справаў, дзе напагатове ўжо 40 следчых. Адбудзецца гэта ў тым выпадку, калі ў справе з'явяцца доказы, якія сведчаць пра ўдзел у злачынстве спецслужбаў замежных дзяржаваў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках