19 сакавiка 2024, aўторак, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: На аператыўным узроўні справа пра знікненне Ганчара і Красоўскага раскрытая

61
Гары Паганяйла: На аператыўным узроўні справа пра знікненне Ганчара і Красоўскага раскрытая

Праваабаронцы і сваякі зніклых патрабуюць аднавіць расследаванне.

16 верасня споўніцца 20 гадоў з моманту знікнення ў Беларусі ўплывовага бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і ягонага сябра Віктара Ганчара – палітыка, які не прызнаваў вынікі рэферэндуму, што падоўжыў прэзідэнцкія паўнамоцтвы Лукашэнкі. Прыкладна за тры месяцы да свайго знікнення Ганчар стаў адным з ініцыятараў правядзення альтэрнатыўных выбараў кіраўніка дзяржавы і ўзначаліў альтэрнатыўны Цэнтрвыбаркам, паведамляе Нямецкая хваля.

Справу распачалі паводле артыкула "забойства"

Па гарачых слядах не было зроблена нічога, апавёў DW праваабаронца Алег Воўчак: «Не прадстаўнікі праваахоўных органаў, а сваякі Ганчара і Красоўскага разам са мной першымі прыехалі на месца, дзе, як мяркуецца, былі гвалтоўна выкрадзеныя Ганчар і Красоўскі. Пра гэта казаў тармазны след джыпа, які належаў Красоўскаму, аскепкі шкла і фараў, а таксама сляды крыві".

Крымінальную справу паводле факта знікнення Ганчара і Красоўскага распачалі паводле артыкула "наўмыснае забойства", але ў 2003 годзе следства было прыпыненае. У тым самым годзе, апавёў у інтэрв'ю DW праваабаронца Гары Паганяйла, які прадстаўляе інтарэсы сваякоў без вестак зніклых, ён здолеў атрымаць на рукі пастанову следчага Чумачэнкі і падрыхтаваць пратэст. Пасля гэтага Генпракуратура была вымушаная скасаваць пастанову следчага і аднавіць расследаванне.

Тэрміны расследавання прадаўжалі да снежня 2018 года, але справу не прыпынялі. Як апавяла DW заснавальніца фонду "Мы памятаем" удава Красоўскага Ірына, у канцы 2018 года яна атрымала апавяшчэнне пра прыпыненне папярэдняга следства "ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае затрыманню".

"Я буду абскарджваць гэтую пастанову і папрашу даць мне дакументы, на падставе якіх яна прынятая, – заявіла Ірына Красоўская. – Упэўненая, што ў іх можна знайсці шмат цікавага".

"Каб давесці справу да суда, дастаткова двух тыдняў"

Гары Паганяйла сцвярджае, што на аператыўным узроўні справа пра знікненне Ганчара і Красоўскага раскрытая. "Засталося правесці следчыя дзеянні паводле лініі Следчага камітэта, – растлумачыў ён, – прадставіць замацаваныя ў якасці доказаў матэрыялы аператыўных распрацовак і дзеянняў датычнасці вінаватых, даць сабраным матэрыялам ацэнку пракурора і накіраваць справу ў суд".

Праваабаронца адзначае, што следчыя, якія ўдзельнічалі ў расследаванні гвалтоўных знікненняў, часта мяняліся, і адзін з іх, цяпер ужо нябожчык, казаў, што следства мае дастаткова звестак, "каб справу давесці да суда цягам двух тыдняў". Паганяйла спадзяецца, што справа пра знікненне Ганчара і Красоўскага будзе адноўленая і вінаватыя паўстануць перад судом.

У 1999 – 2000 гадах у Беларусі бясследна зніклі выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі, былы кіраўнік МУС Юры Захаранка і журналіст Зміцер Завадскі.

Пасля былі апублікаваныя дакументы, у тым ліку рапарт намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Лапаціка, якія сведчылі, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі расправіўся «эскадрон смерці». Загады яму аддавала найвышэйшае кіраўніцтва краіны.

Міжнародная супольнасць мяркуе, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідараў беларускай апазіцыі датычныя былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, кіраўнік справамі Лукашэнкі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка і экс-міністр унутраных справаў Юрый Сівакоў.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках