20 красавiка 2024, Субота, 8:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Борыс Джонсан дапускае падпісанне пагаднення аб «Брэкзіце» з Брусэлем

Борыс Джонсан дапускае падпісанне пагаднення аб «Брэкзіце» з Брусэлем
БОРЫС ДЖОНСАН

Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі мае намер дасягнуць пагаднення на кастрычніцкім саміце Еўразвязу.

Лондан і Брусэль на кастрычніцкім саміце кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў-чальцоў ЕЗ могуць дамовіцца ў пытанні выхаду Злучанага каралеўства са складу Еўразвязу. Пра гэта прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў у інтэрв'ю выданню Mail on Sunday, апублікаваным у нядзелю, 15 верасня.

Палітык падкрэсліў, што мае намер адправіцца на сустрэчу 17 кастрычніка і "дасягнуць пагаднення", піша dw.com.

Калі ж бакі не змогуць прыйсці да адзінага меркавання, Вялікая Брытанія выйдзе са складу Еўразвязу 31 кастрычніка, дадаў Джонсан. На думку брытанскага прэм'ера, атрымаецца адшукаць спосабы абысці закон аб недапушчэнні жорсткага "Брэкзіта", заблакаваны парламентам. Пры гэтым кіраўнік брытанскага ўрада параўнаў Злучанае каралеўства з выдуманым супергероем коміксаў Халкам, "які станавіўся тым мацнейшы, чым больш яго злавалі", і кожны раз прымудраўся знайсці выхад з цяжкай сітуацыі.

Мяжа з Ірландыяй – адзін з камянёў спатыкнення паміж Лонданам і Брусэлем

Акрамя таго, палітык заявіў пра істотны прагрэс у пытанні пра межы з Ірландыяй, якое застаецца асноўным каменем спатыкнення ў справе падпісання дамовы паміж Лонданам і Брусэлем. Еўразвяз настойвае на так званым механізме "бэкстоп". Ён закліканы прадухіліць увядзенне мытнага і памежнага кантролю паміж чальцом ЕЗ Рэспублікай Ірландыяй і брытанскай правінцыяй Паўночная Ірландыя.

16 верасня Борыс Джонсан і старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер сустрэнуцца ў Люксембургу для абмеркавання выхаду каралеўства з Еўрапейскага звязу.

Крытыка Джонсана ў мемуарах экс-прэм'ера Кэмерана

Між тым былы прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран раскрытыкаваў дзейнага кіраўніка брытанскага ўраду, апісаўшы яго як палітычнага апартуніста і беспрынцыповага папуліста. Джонсан "паводзіў сябе агідна, нападаў на ўласны ўрад, ігнараваў подлыя дзеянні свайго лагеру", і ператварыўся ў "шыльду эпохі папулізму, што скажае ісціну", піша экс-прэм'ер у сваіх мемуарах, вытрымкі з якіх апублікаваныя выданнем The Sunday Times.

Паводле словаў Кэмерана, цяперашні прэм'ер-міністр напярэдадні рэферэндуму 2016 года кіраваўся чыста эгаістычнымі матывамі, пазіцыянуючы сябе як перакананага прыхільніка "Брэкзіта". Джонсан на той момант займаў пасаду мэра Лондана, ён "падтрымаў тое, у што не верыў сам", мяркуе былы прэм'ер Злучанага Каралеўства.

Напярэдадні Кэмеран не выключыў паўторнага рэферэндуму ў пытанні выхаду каралеўства са складу ЕЗ для ўрэгулявання задоўжанага канфлікту.

Яшчэ адзін кансерватар перакінуўся да лібералаў

Між тым яшчэ адзін прадстаўнік Кансерватыўнай партыі Вялікай Брытаніі, лідарам якой з'яўляецца Борыс Джонсан, перайшоў у парламенцкую фракцыю праеўрапейскі настроеных ліберальных дэмакратаў праз рознагалоссі ў пытанні "Брэкзіта". Недапушчальна дазваляць "дзвюм старым партыям зачыняць рот тым, хто прытрымліваецца памяркоўных поглядаў, і выштурхоўваць іх з палітыкі, калі гэтыя каштоўнасці падзяляюць мільёны", напісаў у нядзельнай газеце The Observer Сэм Джыма. Ён быў адным з 21 торы, якія падтрымалі ў Палаце супольнасцяў законапраект, які забараняе нерэгуляваны "Брэкзіт", і былі за гэта выключаныя з фракцыі кансерватараў.

Першапачаткова Вялікая Брытанія планавала выйсці са складу Еўразвязу 29 сакавіка, але да гэтага тэрміну так і не вызначылася з планам "Брекзита". У красавіку 27 краінаў-чальцоў ЕЗ на пазачарговым саміце ў Брусэлі дамовіліся даць Лондану адтэрміноўку да 31 кастрычніка. Новы кіраўнік урада Борыс Джонсан неаднаразова абвяшчаў пра намер рэалізаваць "Брэкзіт" да гэтага тэрміну пры любых абставінах, у тым ліку і без пагаднення з Брусэлем.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках