23 красавiка 2024, aўторак, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі ж гэтым пакутам надыдзе канец?!»

4
«Калі ж гэтым пакутам надыдзе канец?!»

Жыхары дома ў Смалявічах 9 месяцаў застаюцца без газу і гарачай вады.

Пяць гадоў чакалі гараджане ажыццяўлення сваёй мары – справіць наваселле ў доме №132а на вуліцы Савецкай у Смалявічах. У канцы мінулага года яны нарэшце атрымалі запаветныя ключы ад доўгачаканых «квадратаў». Але жыллё прынесла нямала клопатаў і засмучэнняў, таму што ў кватэрах адсутнічалі элементарныя ўмовы для пражывання: не былі падлучаныя газавыя пліты, пазбавілі спажыўцоў і такой важнай камунальнай паслугі, як гарачае водазабеспячэнне, піша mlyn.by.

Гэтыя недахопы і сталі прычынай калектыўнага звароту 14 верасня на «наўпростую лінію» аблвыканкама.

Уладальнікаў новых квадратных метраў запэўнівалі, што гэта часовыя нязручнасці і ўжо зусім хутка сітуацыя нармалізуецца. Даводзілася верыць абяцанням. Але яны, на вялікі жаль, апынуліся пустышкай.

– Ужо дзевяць месяцаў прайшло, а воз і цяпер там. Падачу газу ў кватэры не забяспечылі, па-ранейшаму жыхары пакутуюць без гарачай вады. Каб памыць дзіця, трэба мінімум 20 разоў нагрэць ваду ў электрачайніку. Калі ж гэтым пакутам надыдзе канец?! – кажа наваселец са Смалявічаў Віталь Сяргеевіч.

Нязручнасці жыхары дома адчуваюць не толькі ў родных сценах, але і на прыдамовай тэрыторыі. Каб дабрацца да пад'езда, даводзіцца пераскокваць праз нічым не закрытыя ямы. Закончыць гэтыя працы павінна мясцовая ПМК. Але тут недаробкі тлумачаць вялікімі фінансавымі завінавачаннямі з боку забудоўніка за раней выкананыя будаўніча-мантажныя працы.

Намеснік старшыні Менаблвыканкама Мікалай Рагашчук, які адказваў на тэлефанаванні, аператыўна звязаўся са старшынёй Смалявіцкага райвыканкама Міхаілам Загорцавым, які растлумачыў наступнае:

– Я ў курсе гэтай праблемы. Яна ў ліку першачарговых задачаў, якія будуць развязаныя. Дадзеныя даручэнні кіраўнікам адпаведных службаў дэталёва вывучыць пытанне і выканаць усе абгрунтаваныя просьбы жыхароў гэтага дома. Спадзяюся, што цягам двух тыдняў наладзім газазабеспячэнне ў новым доме, атрымаюць жыхары і абяцаную гарачую ваду. Безумоўна, прыдамовая тэрыторыя таксама будзе прыведзеная ў адпаведнасць з усім неабходным рэгламентам добраўпарадкавання.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках