28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дваццаць гадоў таму ў Менску былі выкрадзеныя Ганчар і Красоўскі

17
Дваццаць гадоў таму ў Менску былі выкрадзеныя Ганчар і Красоўскі

Мы памятаем!

Дваццаць гадоў таму ў Менску былі выкрадзеныя адзін з лідараў апазіцыі Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

Увечары 16 верасні 1999 года яны прыехалі ў лазню, размешчаную ў Менску па вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў «Джып-Чэрокі» Красоўскага.

Крымінальную справу паводле факта знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менску. Паводле звестак следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Аналіз сабраных у справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя.

Апазіцыйныя лідары Юры Захаранка і Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі бясследна зніклі ў 1999–2000 гг. Позна ўвечары 7 траўня 1999 года ў раёне праспекта Жукоўскага ў Менску Юрый Захаранка быў выкрадзены і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку. У ноч на 17 верасня 1999 года ў раёне вуліцы Фабрычнай, 20а былі выкрадзеныя палітык Віктар Ганчар і бізнэсмэн Анатоль Красоўскі. Днём 7 ліпеня 2000 года, па дарозе ад свайго дома ў Менску ў аэрапорт, журналіст Змицер Завадскі быў захоплены групай узброеных людзей у колькасці 5-6 чалавек, сярод якіх знаходзіліся дзйны баец спецпадраздзялення ў барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС Рэспублікі Беларусь Максім Малік і былы афіцэр гэтага ж падраздзялення Валерый Ігнатовіч. Трупы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага дагэтуль не знайшлі.

Тэрмін «эскадроны смерці» ўзнік у другой палове XX стагоддзя ў Лацінскай Амерыцы і выкарыстоўваўся ў дачыненні да ўзброеных групаў, якія займаліся пазасудовымі забойствамі і катаваннямі ў палітычных мэтах.

Палітыкі, журналісты і праваабаронцы мяркуюць, што Захаранку, Ганчара, Красоўскага і Завадскага выкралі так званыя «эскадроны смерці», якія раней, у 90-я, знішчалі прадстаўнікоў крымінальнага свету Беларусі. Згодна з папярэдняй высновай праваабаронцаў, асноўнымі падазраванымі ў справе выкраданняў і забойстваў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага з'яўляюцца Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шэйман (тагачасны кіраўнік Савета бяспекі), Юры Сівакоў і Уладзімір Навумаў (у розныя часы – міністры ўнутраных справаў), Дзмітрый Паўлічэнка (тагачасны камандзір в/ч 3214) і Мікалай Васільчанка (тады – кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта). Высновы беларускіх праваабаронцаў былі пацверджаныя ў 2004 годзе ў спецыяльным дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса, які праводзіў уласнае расследаванне.

Сярод асноўных доказаў, на якіх будуюць сваю версію праваабаронцы, – рапарт кіраўніка Крымінальнай міліцыі МУС генерала Мікалая Лапаціка і сведчанні кіраўніка СІЗА-1 Алега Алкаева. У рапарце Лапаціка на імя міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава ад 21 лістапада 2000 г. сцвярджаецца, што Шэйман даў указанне Паўлічэнку фізічна знішчыць Юрыя Захаранку. Інфармацыйным забеспячэннем аперацыі займалася Служба бяспекі прэзідэнта. Выкраданне і забойства ажыццявілі байцы спецназа на чале з Паўлічэнкам. Паводле аналагічнай схемы былі забітыя Ганчар і Красоўскі. Пахавалі іх нібыта на спецнадзеле Паўночных могілак Менска. У сваю чаргу Алег Алкаеў заяўляў, што на просьбу кіраўніка МУС Юрыя Сівакова выдаваў "расстрэльны" пісталет напярэдадні знікнення Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

ЗЛЕВА – ДЗМІТРЫЙ ПАЎЛІЧЭНКА. ЭКСПЕРТЫ МЯРКУЮЦЬ, МЕНАВІТА ЁН МОГ БЫЦЬ КІРАЎНІКОМ ЦІ АДНЫМ З КІРАЎНІКОЎ "ЭСКАДРОНУ СМЕРЦІ". ФОТА – SB.BY

Спачатку аператыўныя службы МУС і КДБ пры каардынацыі іх дзейнасці Генпракуратурай у ходзе расследавання выйшлі на адных і тых жа фігурантаў – Шэймана, Паўлічэнку, Сівакова і інш. Паўлічэнку затрымалі, даставілі ў СІЗА КДБ і дапыталі. Аднак Лукашэнка ўмяшаўся ў ход расследавання і, як адзначаюць праваабаронцы, загадаў вызваліць Паўлічэнку з парушэннем усіх працэсуальных нормаў. Генеральнага пракурора Алега Бажэлку і старшыню КДБ Уладзіміра Мацкевіча Лукашэнка звольніў. Пазбавіліся сваіх пасадаў Лапацік, Алкаеў і іншыя людзі, якія маюць дачыненне да расследавання. Адначасова галоўныя падазраваныя атрымалі новыя пасады: Шэймана прызначылі Генеральным пракурорам, Сівакова – намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова публічна прызнаваў, што ў Беларусі на ягоны загад адбываліся пазасудовыя забойствы крымінальных аўтарытэтаў. Апошні раз ён пра гэта казаў 24 красавіка 2018 года падчас паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. «Вы што, розум страцілі? Ці мне ўжываць жорсткія захады, як у першыя гады майго прэзідэнцкага жыцця, калі забівалі людзей на трасе Масква – Берлін: калі я пасылаў жменьку надзейных людзей з аўтаматамі, якія перастралялі там палову і навялі парадак цягам месяца», – казаў кіраўнік Беларусі. Аднак сваю датычнасць да выкрадання Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага Аляксандр Лукашэнка заўсёды аспрэчвае. Ён падкрэсліваў, што яны не былі ягонымі апанентамі, ды ўвогуле ў Беларусі штогод шмат людзей знікае, таму не трэба столькі ўвагі аддаваць гэтым справам.

Тэрміны следства ў справах зніклых неаднаразова падаўжаліся, яны дагэтуль застаюцца нераскрытымі. У студзені 2019 года Следчы камітэт прыпыніў расследаванне справы аб знікненні Захаранкі «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая мае быць у якасці абвінавачанага». Шэйман, Сівакоў, Навумаў і Паўлічэнка паводле падазрэння ў дачыненні да дзейнасці «эскадронаў смерці» да гэтага часу застаюцца пад санкцыямі ЕЗ.

Рэальнае расследаванне гэтых гучных знікненняў можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існай улады. Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць мяркуюць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя з палітычных матываў, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства найвышэйшых службовых асобаў краіны.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках