25 красавiка 2024, Чацвер, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Лукашэнка з газам пралічыўся

39
Як Лукашэнка з газам пралічыўся

Гандлюючыся за больш танны газ, дыктатар сам завёў сябе ў тупік.

Напярэдадні чарговых перамоваў з Масквой пра ўмовы пастаўкі энэрганосьбітаў прэзідэнт Лукашэнка публічна заявіў, што Менск «прапрацоўвае альтэрнатыўныя маршруты пастаўкі нафты на свае НПЗ» – праз Украіну, краіны Балтыі і Польшчу, не выключаючы пры гэтым і пастаўкі амерыканскай нафты. На гэтым фоне з'явіліся заканамерныя пытанні: ці не разглядае Беларусь на перспектыву таксама магчымасці паставак у краіну альтэрнатыўнага газу?

Пра гэта піша ў артыкуле на сайце «Наша думка» эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак.

Беларусь з'яўляецца найбуйнейшай спажывальніцай прыроднага газу – прычым імпартуе выключна расейскі прыродны газ. І калі яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў краіна набывала ў РФ 12 млрд куб м газу, то цяпер – блізу 20 млрд кубаметраў. Гэта вельмі высокае спажыванне і вельмі высокая залежнасць ад аднаго пастаўшчыка.

Па магістральных трубаправодах, якія праходзяць праз тэрыторыю Беларусі, расейскі газ пастаўляецца ў Калінінградскую вобласць, Літву, Украіну і Польшчу (далей таксама ў Нямеччыну і г.д.). Між тым у перспектыве Літва і Польшча плануюць знізіць пастаўкі ці нават зусім адмовіцца ад расейскага газу.

Польшча можа стаць газавым хабам у Еўропе

Польшча спажывае за год блізу 15 млрд куб. м. газу. Трэць гэтага аб'ёму яна здабывае самастойна на сваёй тэрыторыі, астатняе пакрывае за кошт імпарту. «Газпрам» – асноўны пастаўшчык газу ў Польшчу. Паводле дзейнага да 2023 кантракта Польшча можа штогод набываць 10,2 млрд куб. м газу (але набывае менш), і польскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што не маюць намер яго падаўжаць.

Сёлета 31 жніўня Украіна, Польшча і ЗША падпісалі мемарандум пра трохбаковае супрацоўніцтва ў сферы энэргетыкі. На сустрэчы з міністрам энэргетыкі ЗША Рыкам Пэры дэлегацыя Украіны абмеркавала забеспячэнне энэргетычнай незалежнасці краіны шляхам наладжвання паставак амерыканскага звадкаванага газу праз Польшчу. Для гэтага будзе пабудаваны спецыялізаваны трубаправод, які аб'яднае газатранспартныя сістэмы Польшчы і Украіны.

Напярэдадні польская нафтагазавая кампанія PGNiG паведаміла, што пачала перапродаж звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) ва Украіну. Звадкаваны прыродны газ пасля рэгазіфікацыі будзе запампоўвацца ў польскую транспартную сістэму з тэрмінала Свінавуйсце, а потым паступаць ва Украіну праз памежны газаправод у Германавічах.

Цяпер Польшча можа пастаўляць ва Украіну прыкладна 1,5 млрд кубаметраў газу. Адзіным абмежаваннем для павелічэння экспарту ва Украіну з'яўляецца прапускная здольнасць газаправодаў Польшчы ў напрамку Сілезія-Падкарпацце. Мяркуецца, што магутнасць гэтых газаправодаў будзе пашыраная да 2021 года.

Паводле словаў міністра Пятра Наімскага, мэта газавага пагаднення – дыверсіфікацыя паставак газу ва Украіну, якая ў гэтым з'яўляецца залежнай ад Расеі.

Такая магчымасць павялічыцца пасля развіцця тэрмінала звадкаванага газу ў Свінавуйсці (за два гады магутнасць газапорта ў Свінавуйсці павялічыцца на 50% – да 7,5 млрд кубаметраў) і будаўніцтва газаправода Baltic Pipe, які злучыць Польшчу з Нарвегіяй. Трэба будзе таксама пабудаваць газатранспартную сістэму ў Польшчы.

Між тым сама Польшча ў апошнія гады дынамічна нарошчвае імпарт СПГ. Калі ў 2016 годзе ягоная дзель у імпарце складала блізу 8,5%, то у 2018 годзе яна ўжо перавышала 20%. З моманту запуску тэрмінала ў Свінавуйсці PGNІG ужо атрымала 67 партый звадкаванага газу агульным аб'ёмам 7,5 млрд куб. м (пасля рэгазіфікацыі).

У чэрвені Польшча накіравала Украіне прапанову аб'яднаць газатранспартныя сістэмы (ГТС) дзвюх краінаў. Для гэтага будзе пабудаваны спецыялізаваны інтэрканектар, які фізічна звяжа дзве газатранспартныя сістэмы.

Падпісаны ў Варшаве мемарандум пра трохбаковае супрацоўніцтва паміж Польшчай, ЗША і Украінай у сферы энэргетыкі может азначаць, што Польшча, у сутнасці, ператвараецца ў газавы хаб Усходняй Еўропы, адкуль газ будзе паступаць у суседнія краіны. Пакуль гаворка ідзе пра ЗПГ, які Польшча прымае з ЗША, Нарвегіі і Катара. Мяркуецца, што ў 2024 годзе пачне працу газаправод з Нарвегіі Baltic Pipe магутнасцю блізу 10 млрд куб м.

Да гэтага часу Польшча спадзяецца цалкам адмовіцца ад расейскага газу. «Праз пяць гадоў у нас будзе дзейны, гатовы і карыстаны газаправод з Нарвегіі Baltic Pipe, будзе пашыраны тэрмінал у Свінавуйсці на 50%. Мы будзем цалкам незалежныя ад расейскіх паставак», – заявіў упаўнаважаны польскага ўрада ў справе стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі.

Паводле ягоных словаў, Польшча будзе атрымліваць звадкаваны газ з Катара і ЗША, у краіне пабудуюць міжсістэмныя злучэнні са Славакіяй, Літвой і спадзяюцца на падпісанне дамовы з Украінай. «Тады не толькі Польшча, але і Цэнтральная Еўропа зможа сказаць, што мы прывялі яе да нармальнага стану рэчаў у сферы паставак газу», – сказаў П. Наімскі.

У сваю чаргу намеснік кіраўніка польскай дзяржкампаніі PGNiG Мацей Важняк заявіў, што амерыканскі ЗПГ, які пастаўляецца танкерамі, абыходзіцца Польшчы на 20–30% танней за расейскі прыродны газ. (Эксперты адзначаюць, што цяпер кошты на ЗПГ у Еўропе знізіліся дзякуючы кітайскаму рынку.)

Польшча плануе набываць у ЗША буйныя аб'ёмы ЗПГ. Нядаўна польская дзяржаўная нафтагазавая кампанія PGNiG падпісала некалькі доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўку ЗПГ з ЗША. Гэта 24-гадовы кантракт з амерыканскай Cheniere Marketing International. Паводле яго Польшча набывае ў перыяд 2019–2022 гадоў блізу 0,52 млн тонаў ЗПГ, або прыкладна 0,7 млрд кубаметраў газу пасля рэгазіфікацыі, а з 2023 да 2042 года – 1,45 млн тонаў ЗПГ, або 1,95 млрд кубоў пасля рэгазіфікацыі.

Яшчэ адзін кантракт падпісаны з амерыканскай Venture Global LNG, ён прадугледжвае пастаўку ў Польшчу 2 млн тонаў звадкаванага газу за год цягам 20 гадоў, што адпавядае 2,7 млрд кубаметраў газу пасля рэгазіфікацыі.

У снежні летась PGNiG падпісала 20-гадовы кантракт на пастаўку ЗПГ з Port Arthur LNG. Паводле яго Польшча будзе набываць блізу 2 млн тонаў ЗПГ за год, або 2,7 млрд кубоў пасля рэгазіфікацыі – толькі з 2023 года.

У 2020 годзе Польшча чакае 39 паставак ЗПГ на тэрмінал у Свінавуйсці, тым самым зарэзерваваўшы поўную магутнасць тэрмінала, якая складае 5 млрд кубаметраў на год. Такім чынам, Польшча ўпершыню за тры гады працы гэтага ЗПГ-тэрмінала збіраецца выкарыстоўваць яго на поўную магутнасць. Адзначым, што ў планах – пашырыць магутнасці тэрмінала да 7,5 млрд кубоў.

Страчаныя магчымасці: Менск, гандлюючыся за больш танны газ, страціў сваю ГТС

Нягледзячы на з'яўленне ў найбліжэйшай перспектыве газавага хаба ў Польшчы, любыя варыянты ягонага выкарыстання для паставак газу ў Беларусь сёння выглядаюць фантастычнымі.

Так, цяпер манапольным пастаўшчыком газу ў Беларусь з'яўляецца «Газпрам». Вялікая праўда: змагацца з манапалістам можна толькі адным спосабам – ствараючы альтэрнатыўныя маршруты для набыцця прыроднага газу. Наколькі актуальныя гэтыя азбукавыя праўды для Беларусі цяпер?

Перш за ўсё, варта адзначыць, што сёння Менску грэх скардзіцца на свой кошт – у 2019 годзе Беларусь праз дамову з «Газпрамам» набывае газ з фіксаваным коштам USD127 за тыс. куб. м (на мяжы). Згодна з статыстычнымі звесткамі, у 2019 годзе гэты кошт складае для Беларусі USD 130 за тыс. куб. м – на 1,7% ніжэй, чым у 2018 годзе. Гэта самы нізкі кошт не толькі ў Еўропе, але і ў іншых краінах СНД і краінах Еўразійскага эканамічнага звязу. Для параўнання: сярэдні экспартны кошт на газ "Газпрама" ў другім квартале 2019 года складаў USD208 за тыс. куб. м.

Далей. Газатранспартная сістэма Беларусі пасля продажу ў канцы лістапада 2011 года «Белтрансгаза» цяпер належыць расейскаму «Газпраму». Кіруе гэтай сістэмай стаадсоткавая дачка «Газпрама» – ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь». Варта звярнуць увагу, што ні ў адной дзяржаве свету «Газпрам» не валодае цалкам газатранспартнай сістэмай, за выключэннем Беларусі.

Такім чынам, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі два газаправоды – «Ямал-Еўропа» і былая айчынная ГТС – цалкам належаць Расейскай Федэрацыі.

Праектная магутнасць «Ямал-Еўропы» запоўненая цалкам, – гэта 33 млрд кубаметраў газу за год. Па былой беларускай ГТС транзітам праходзіць блізу 14 млрд кубаметраў газу за год. Патэнцыйная магутнасць гэтай «трубы» значна вышэйшая. Аднак гэта не азначае, што Беларусь у перспектыве можа скарыстацца свабоднымі магутнасцямі ГТС для арганізацыі рэверсіўных паставак газу з польскага газавага хаба – цяжка ўявіць, што на гэта пагодзіцца расейскі «Газпрам», цяперашні ўладальнік беларускай ГТС.

Такім чынам, нават пры жаданні Менска набываць чый-небудзь ЗПГ з пастаўкай праз тэрмінал у Свінавусці, даставіць яго ў Беларусь без будаўніцтва новага газаправода фізічна немагчыма. І тое, што ў агляднай перспектыве Беларусь стане займацца такім праектам, сёння выглядае нейкай фантастыкай.

Ды наўрад ці ўвогуле афіцыйны Менск сёння сур'ёзна падумвае пра альтэрнатыўныя пастаўкі газу. Пакуль галоўная задача для яго – максімальна «збіць» кошт на расейскі газ, выкарыстоўваю дамоўленасці ў «саюзнай дзяржаве» і ЕАЭС. Вось і міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін на днях паведаміў, што цяпер Расея і Беларусь распрацоўваюць дарожную карту для адзінага газавага рынку. «Датычна газу, відавочна, ёсць набалелая тэма, але зразумела, што мы павінны выходзіць на адзіны рынак газу. Таму ў адпаведнай дарожнай карце, якая ёсць у газавым пытанні, усе параметры, звязаныя са стварэннем адзінага газавага рынку, будуць згаданыя і разгледжаныя», – сказаў ён.

Еўропа дыверсіфікавала свой газавы рынак

Эксперты адзначаюць, што ў Еўропе «Газпрам» ужо страціў манаполію на дыктат умоваў газавых кантрактаў. Імкнучыся дыверсіфікаваць геаграфію паставак прыроднага газу, многія краіны больш актыўна пераходзіць на ўжыванне ЗПГ. Гэтая тэхналогія дазваляе перавозіць вялікія аб'ёмы газу марскім шляхам і робіць эканамічна выгаднымі пастаўкі з Блізкага Усходу, дзе засяроджана больш за 40% агульнасусветных запасаў прыроднага газу.

Вось чаму ў многіх краінаў з'явіліся альтэрнатыўныя варыянты паставак газу. Цяпер еўрапейскія краіны могуць імпартаваць прыродны газ з ЗША, Катара, Каспійскага рэгіёну. Кітай таксама пабудаваў газаправод, які злучыў краіну з Цэнтральнай Азіяй, у выніку чаго ён імпартуе газ з М'янмы, а таксама амерыканскі звадкаваны газ.

У 2019 годзе кошт газу ў Еўропе ўпаў да дзесяцігадовага мінімуму і прадаўжвае зніжацца, піша Bloomberg. Адзначаецца, што газ таннее, паколькі прапанова прадаўжае перавышаць попыт. На канец жніўня запасы ў сховішчах у паўночна-заходняй Еўропе, Італіі і Аўстрыі дасягнулі 62,3 млрд кубаметраў. Запоўненасць сховішчаў складае 94%, У Нідэрландах кошт на газ спрабуе аднавіцца пасля летняга падзення ніжэй за 10 еўраў за мегават-гадзіну. Апытаныя агенцтвам эксперты мяркуюць, што кошты ў краіне восенню могуць упасці яшчэ мінімум на 20%.

Што тычыцца РФ, то яшчэ нядаўна яна была найбуйнейшым вытворцам прыроднага газу і пакуль застаецца найбуйнейшым ягоным экспарцёрам. Аднак Расея своечасова не прызнала прынцыповую важнасць сланцавай здабычы газу і нафты і позна ўсвядоміла значнасць звадкаванага газу як экспартнага прадукту (цяпер РФ спрабуе нагнаць страчанае і рэалізуе шэраг праектаў у ЗПГ).

«Газпрам» у 2019 годзе прагназуе зніжэнне экспарту газу ў далёкае замежжа на 4,9%, да 192 млрд куб. м, заявіў намеснік кіраўніка дэпартамента «Газпрам экспарт» Міхаіл Мальгін, адзначыўшы, што хутчэй за ўсё падаюць пастаўкі менавіта ў Еўропу. Сярэдні экспартны кошт на газ «Газпрама» ў другім квартале 2019 года знізіўся на 12,6% у параўнанні з узроўнем аналагічнага перыяду 2018 года да USD208 за тыс. куб. м. У першым квартале 2019 года ён складаў USD 259 за тыс. куб. м. Між тым раней кіраўніца «Газпрам экспарту» Алена Бурмістрава заяўляла, што газавы холдынг прагназуе ў 2019 годзе экспартны кошт на газ у дыяпазоне USD 230–250 за тыс. куб. м.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках