19 красавiка 2024, Пятніца, 2:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы памятаем»: Родныя і блізкія зніклых да гэтага часу не маюць інфармацыі пра іх лёс

2
«Мы памятаем»: Родныя і блізкія зніклых да гэтага часу не маюць інфармацыі пра іх лёс

Сёння спаўняецца роўна дваццаць гадоў з дня знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

16 верасня 1999 года ў Ганчара і Красоўскага была прызначаная сяброўская сустрэча ў лазні на вуліцы Фабрычнай у Менску. Паводле сведчанняў жыхароў найбліжэйшых дамоў, у 22:35 сябры былі выкрадзеныя групай асобаў і вывезеныя ў невядомым кірунку. Лёс Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і іх месцазнаходжанне да гэтага часу афіцыйна не вызначаныя, паведаміла Charter97.org прэс-служба грамадскай ініцыятывы "Мы памятаем".

Афіцыйныя следчыя, адказныя за вызначэнне лёсу Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, ніколі не дзяліліся якімі б там ні было падрабязнасцямі пра ход «расследавання». Ні пацярпелыя, ні прэса пра вынікі «расследавання» нічога не ведаюць. Затое добра вядомыя вынікі міжнароднага расследавання, закончанага яшчэ ў 2004 годзе дэпутатам Рады Еўропы Хрыстасам Пургурыдэсам. Факты з справаздачы Хрыстаса Пургурыдэса сведчаць, што ў датычнасці да выкрадання, а таксама фізічнай ліквідацыі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага падазраюцца найвышэйшыя службовыя асобы Беларусі: Юры Сівакоў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка, Уладзімір Навумаў. Яны дзейнічалі на загад кіраўніка дзяржавы.

Сёння ў горадзе Эйндховене, Нідэрланды, адбудзецца традыцыйная цырымонія ўшанавання памяці зніклых беларусаў. Цырымонія традыцыйна пройдзе ля жывога мемарыяла «Чатыры дрэвы». Чатыры дрэвы былі пасаджаныя ў памяць пра гвалтоўна зніклых Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадскага ў 2008 годзе. У той час Эйндховен яшчэ быў горадам-пабрацімам Менска. Цырымонію адкрые дачка Анатоля Красоўскага Валерыя.

1999 год стаў годам жорсткай канфрантацыі рэжыму Лукашэнкі і праціўнікаў навязанай ім на рэферэндуме 1996 года новай рэдакцыі Канстытуцыі, што абвесціла акрамя іншага і новую дату прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Палітычныя сілы, што не прызналі створаную Лукашэнкам версію Канстытуцыі і ягоныя прэтэнзій на права выконваць прэзідэнцкія паўнамоцтвы ажно да 2001 года, у ходзе барацьбы з рэжымам былі цвёрда намераныя правесці прэзідэнцкія выбары ў 1999 годзе, як гэта і меркаваў Асноўны закон краіны, прыняты пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці.

Значная частка праціўнікаў Лукашэнкі аб'ядналася вакол Вярхоўнага савета 13-га склікання. Да рэферэндуму 1996 года, паводле вынікаў якога гэты найвышэйшы орган заканадаўчай улады краіны быў распушчаны, Вярхоўны савет не з'яўляўся выразнікам тых ці іншых палітычных поглядаў. Ён увасабляў Закон і з'яўляўся сур'ёзнай перашкодай Лукашэнку на шляху да неабмежаванай улады. Напрыклад, Вярхоўны савет 13-га склікання адказаў адмовай Лукашэнку на ягонае патрабаванне падоўжыць тэрмін на пасадзе прэзідэнта да сямі гадоў і ўнесці змены ў Канстытуцыю, неабходныя для пашырэння паўнамоцтваў выканаўчай улады. Рэферэндум 1996 года, які прайшоў з парушэннямі, несумяшчальнымі з асноўнымі нормамі права, і быў ініцыяваны Лукашэнкам, з мэтай зламаць гэты супраціў заканадаўчай улады, з тых часоў у асобе Віктара Ганчара, віцэ-спікера Вярхоўнага савета, ён бачыў прамога палітычнага апанента.

Для Лукашэнкі небяспека дзеянняў апазіцыі, якая ўзяла ў 1999 годзе курс на «альтэрнатыўныя» прэзідэнцкія выбары, заключалася не ў тым, што ён мог быць пазбаўлены прысвоенага ім часу на прэзідэнцкай пасадзе. Апазіцыя мела ў сваіх руках інструмент, з дапамогай якога рэжым Лукашэнкі мог быць разбураны як картачны домік. Правесці прэзідэнцкія выбары, праігнараваўшы навязаную версію Канстытуцыі, азначала злавіць рэжым за руку на месцы першага вялікага злачынства, усенародна даказаць нелегітымнасць улады. Гэтую небяспеку Лукашэнка ўсведамляў менавіта ў сілу таго, што рэфэрэндум 1996 года быў задуманы ім як спосаб абсалютнага захопу ўлады ў краіне, як гарантыя пажыццёвых прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Такім чынам сур'ёзнасць пагрозы, якую ўяўлялі для Лукашэнкі палітычныя сілы, што аб'ядналіся вакол Вярхоўнага савета 13-га склікання, нельга пераацаніць.

Віктар Ганчар, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 13-га склікання, непрымірэнчы праціўнік Лукашэнкі, агульнапрызнаны лідар апазіцыі, а таксама ягоны сябар буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі, фінансіст апазіцыйнага руху, сталі аб'ектамі пільнай увагі спецслужбаў, якія гарантавалі бяспеку рэжыму. За Віктарам Ганчаром і Анатолем Красоўскім вялося сачэнне, іхнія тэлефонныя размовы ўвесь час праслухоўваліся.

Трагедыя адбылася 16 верасня 1999 года. Увечары гэтага дня Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было распачатае расследаванне, аднак усе вядомыя ў цяперашні час доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкрадання, каля будынку лазні на вуліцы Фабрычнай у Менску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага, якім сябры карысталіся ў гэты дзень, і сляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспертызай як кроў Віктара Ганчара. Гэтыя і іншыя сабраныя звесткі прасвятляюць дэталі выкрадання і ў вачах шырокай грамадскасці з'яўляюцца пацверджаннем таго, што яно было арганізаванае сіламі спецслужбаў. Афіцыйнае следства – нягледзячы на тое, што і за Віктарам Ганчаром, і за Анатолем Красоўскім вялося сталае сачэнне сіламі Камітэта дзяржбяспекі – канстатавала немагчымасць вызначэння ісціны. Пасля знікнення КДБ заявіў, што сачэнне была знятае менавіта 16 верасня.

У 2004 годзе быў апублікаваны Мемарандум спецыяльнага дакладніка Камітэта ў юрыдычных пытаннях і правах чалавека Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса. Факты з гэтага дакумента сведчаць, што ў датычнасці да выкрадання, а таксама фізічнай ліквідацыі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага падазраюцца найвышэйшыя службовыя асобы Беларусі: Юры Сівакоў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка, Уладзімір Навумаў. Гэтыя людзі займалі і прадаўжаюць займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Падчас 104-й сесіі ў канцы сакавіка 2012 года Камітэт у правах чалавека ААН прыняў канчатковую пастанову датычна справы аб нядобраахвотным знікненні Анатоля Красоўскага. Камітэт асудзіў беларускія ўлады за адмову старанна расследаваць гвалтоўнае знікненне Анатоля Красоўскага і ўжыць адэкватныя захады для выпраўлення становішча. Згодна з пастановай Камітэта, Беларусь абавязаная ўжыць эфектыўныя захады, уключаючы добрасумленнае расследаванне фактаў, крымінальны пераслед і пакаранне вінаватых, а таксама даць адэкватную інфармацыю сваякам зніклых і гарантаваць ім кампенсацыю. Беларусь пастанову Камітэта праігнаравала.

Родныя і блізкія Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара да гэтага часу не маюць інфармацыі пра іх лёс.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках