19 красавiка 2024, Пятніца, 21:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі зарабляюць гуманітарыі ў Нямеччыне

1
Колькі зарабляюць гуманітарыі ў Нямеччыне

Кім уладкоўваюцца на працу ў Нямеччыне гуманітарыі і якія заробкі яны атрымліваюць.

Гуманітарныя навукі вывучаюць прыкладна 12 адсоткаў ад усіх навучэнцаў нямецкіх ВНУ. Яны на трэцім месцы ў папулярнасці. Разам з тым праблемы гуманітарыяў на рынку працы ў Нямеччыне – не таямніца. Зрэшты, як высветліў Інстытут нямецкай эканомікі, на самай справе не ўсё так дрэнна, піша «Нямецкая хваля».

Дзе больш гуманітарыяў

Даследнікі параўналі сітуацыю гуманітарыяў з той, у якой апынуліся іншыя спецыялісты, якія атрымалі вышэйшую адукацыю. Сапраўды, дзель беспрацоўных сярод тых, хто вывучаў філасофію, гісторыю, мовы і мовазнаўства, рэлігію, этнолагаў ці журналістыку, была амаль у два разы большая. У нямецкіх кампаніях пераважаюць выпускнікі факультэтаў права, эканомікі, сацыялогіі і інжынернай справы. Але пра тое, што становішча гуманітарыяў збольшага праблематычнае, не можа быць і гаворкі, – падкрэслівае кіраўніца апублікаванага ў пачатку верасня даследаванні Крысціяна Конеген-Грэніер (Christiane Konegen-Grenier).

Калі глядзець агульныя паказнікі беспрацоўя ў Нямеччыне незалежна ад узроўню адукацыі, то беспрацоўе сярод гуманітарыяў – не вышэйшае за сярэдняе. Больш за палова гуманітарыяў працуе ў прафесіях, дзе можа ўжыць атрыманыя падчас вучобы веды. Роскід у родзе дзейнасці пры гэтым вялікі. У асноўным праца звязаная з педагогікай і камунікацыяй. Чвэрць усіх гуманітарыяў (выпускнікоў педагагічных факультэтаў не бралі да ўвагі) прысвяцілі сябе выхаванню або навучанню іншых. Яшчэ чвэрць выконвае працу, звязаную з моўнымі ведамі. Гэта спецыялісты ў сувязях з грамадскасцю, супрацоўнікі выдавецтваў, журналісты і тыя, хто праводзіць даследаванні ў сферы гуманітарных навук або займаецца перакладніцкай дзейнасцю.

Кансалтынгам, развіццём персаналу, рэкламай, маркетынгам або офіснай працай займаецца амаль кожны пяты гуманітарый. Сем адсоткаў звязаныя з гандлем, закупкамі або турызмам. Столькі ж гуманітарыяў – сярод персаналу, занятага вытворчасцю, будаўніцтвам, транспартам і лагістыкай або сельскай гаспадаркай. Ёсць і тыя, што працаўладкаваліся ў сферах аховы здароўя, фінансавых паслуг, натуральных навук і IT – праўда, такіх вельмі мала.

Прычыну такой гнуткасці пры працаўладкаванні даследнікі тлумачаць невялікай колькасцю аб'яваў пра вакансіі, якія адрасаваныя канкрэтна спецыялістам з гуманітарнай адукацыяй.

Праца не ў спецыяльнасці

Таксіст з кандыдацкай ступенню ў філасофіі – толькі стэрэатып, такія выпадкі – хутчэй выключэнне. Больш за палова гуманітарыяў займаецца дзейнасцю, якая прадугледжвае высокі ўзровень кваліфікацыі, гэта значыць, напрыклад, наяўнасць дыплома магістра. Яшчэ 20 адсоткаў выконваюць працу, для якой дастаткова дыплома бакалаўра. Толькі чвэрць гуманітарыяў займаецца нізкакваліфікаванай для іх адукацыі працай. Сярод тых, хто абараніў дысертацыю, такіх толькі шэсць адсоткаў. Больш за тое – у кандыдатаў са ступенню значна лепшыя шанцы знайсці працу адпаведнага ўзроўню.

Чым цясней дзейнасць звязаная з вывучанымі ў ВНУ прадметамі, тым часцей гуманітарыяў бяруць на больш складаную працу. У сферах, далёкіх ад гуманітарных навук, працу больш нізкага ўзроўню выконвае траціна гуманітарыяў. З дзесяці бакалаўраў толькі чацвёра выконваюць працу, якая патрабуе высокага ўзроўню адукацыі, а кожны трэці знаходзіцца на пасадзе, для якой не трэба было атрымліваць дыплом.

Маюць ролю ўзрост і пол. Высокакваліфікаванай працай займаюцца 70 адсоткаў адмыслоўцаў ва ўзросце 45 гадоў і старэйшым, сярод гуманітарыяў маладзейшых такіх палова. У жанчынаў шанцы заняць пасаду для высокакваліфікаваных спецыялістаў горшыя, чым у мужчынаў.

Кар'ера і заробак

Кожны сёмы гуманітарый займае кіраўнічую пасаду, сярод іншых спецыялістаў – кожны пяты. Прычым чым маладзейшы гуманітарый, тым горшыя шанцы на пачатку шляху зрабіць кар'еру.

Што тычыцца заробку гуманітарыяў, то ў сярэднім ён ніжэйшы, чым у іншых спецыялістаў: ад 2000 да 4000 тысячаў еўраў чыстымі за месяц атрымліваюць 44% гуманітарыяў і 52% спецыялістаў іншых напрамкаў, а да 2000 еўраў – кожны другі і кожны трэці адпаведна. Гэта, праўда, збольшага тлумачаць тым, што сярод гуманітарыяў больш жанчынаў, яны часцей працуюць не на поўную стаўку і радзей дасягаюць высокіх пазіцый. У цэлым у магістра заробак вышэйшы, чым у бакалаўра. Ступень кандыдата, як і досвед працы, паляпшаюць прыбыткі.

Як павысіць свае шанцы на рынку працы

Шанцы на рынку працы даследнікі з Інстытута нямецкай эканомікі звязваюць з ростам дыгіталізацыі. Крысціяна Конеген-Грэніер адзначае, што ў гуманітарыяў больш за ўсё магчымасцяў у сферы эканомікі. Сёння гэтыя спецыялісты працуюць у кожнай чацвёртай нямецкай кампаніі. Прадпрыемствы шукаюць супрацоўнікаў, здольных хутка асвойваць новыя тэмы і задачы. Перавагай на рынку працы можа быць і здольнасць да стасункаў і супрацоўніцтва з іншымі – гэтыя «мяккія навыкі» ўжо цяпер на першым месцы ў значнасці. Але каб напоўніцу выкарыстаць свае кампетэнцыі, яна раіць гуманітарыям павышаць сваю лічбавую пісьменнасць.

Акрамя агульнага ўяўленні пра абарону і бяспеку звестак, патрабуецца ўменне працаваць з мабільнымі прыладамі, інтэрнэтам, сацсеткамі, спецыялізаванымі праграмамі або лічбавымі базамі. Не лішнімі будуць і базавыя веды статыстыкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках